Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ізалятару КДБ прыйшоў першы ліст ад Анатоля Лябедзькі


Родныя старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі атрымалі ліст, адпраўлены зь сьледчага ізалятару КДБ 16 студзеня, паведамляе сайт ucpb.org.

“Усе ОК. Жывы і здаровы! – піша родным Анатоль Лябедзька. – Маю спадзяваньні, што ў вас таксама ўсё нармальна. Хаця, натуральна, хацелася б пра гэта дазнацца непасрэдна ад вас. Навін у мяне няшмат. Усе дні як ксэракопія. Плюс, мінус...”

Сын палітыка Арцём гаворыць, што ліст ад бацькі ў сям’і сустрэлі з аптымізмам:

“Яшчэ зь мінулага году яго ня бачыў адвакат... Аднак цяпер мы дакладна ведаем, што галадоўку ён спыніў, і сур’ёзных праблем з здароўем няма. Прасіў перадаць сшытак і ручку. Значыць, яго не зламалі, настрой баявы. Напісаў, што вельмі будзе чакаць вестак з дому”.

Анатоль Лябедзька быў арыштаваны ў ноч на 21 сьнежня і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Лідэру АГП выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 (частках 1 і 2) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Абвінавачанымі за нібыта арганізацыю масавых непарадкаў падчас акцыі пратэсту 19 сьнежня праходзіць 31 чалавек, у тым ліку пяць былых кандыдатаў у прэзыдэнты. Яшчэ больш за два дзясяткі людзей, сярод якіх экс-кандыдаты Рыгор Кастусёў і Дзьмітры Вус, маюць статус падазраваных.

Напярэдадні зьявілася інфармацыя, што сваякі атрымалі першыя лісты ад зьняволеных у КДБ Андрэя Саньнікава і Натальлі Радзінай. Сёньня першы ліст ад Уладзімера Някляева прыйшоў ягонай жонцы Вользе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG