Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купрэйчык: На Алімпіяду пасягаць нельга. На хакейны чэмпіянат – рэальна


Беларуская дэлегацыя на адкрыцьці Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры
Беларуская дэлегацыя на адкрыцьці Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры

Старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк выступіў зь ініцыятывай байкоту беларускіх спартоўцаў на міжнароднай арэне. Падчас дыскусіі па Беларусі на паседжаньні ў Брусэлі эўрачыноўнік падкрэсьліў, што дзеля дэмакратызацыі Беларусі ўсе сродкі прымальныя. Як на такую пэрспэктыву рэагуюць беларускія спартоўцы?

Ежы Бузэк
прапанаваў выключыць Беларусь зь міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, уключна з Алімпійскімі гульнямі і Кубкамі сьвету. З улікам, што кіраўніцтва краіны ўсё больш падкрэсьлівае свой спартовы ўхіл, а Аляксандар Лукашэнка вось ужо паўтара дзясятка гадоў узначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт, удар па самалюбству можа быць надзвычай адчувальны.

Цяпер Беларусь актыўна рыхтуецца прыняць 78-ы па ліку чэмпіянат сьвету ў хакеі. Анансуецца, што ў 2014 годзе Менск стане сапраўднай хакейнай сталіцай, а ўзроўнем арганізацыі гаспадары зьбіраюцца зацьміць усе ранейшыя форумы. Па колькасьці лядовых палацаў краіна сапраўды прэтэндуе на эўрапейскае першынства, аднак пры цяперашняй палітычнай сытуацыі ўсе намаганьні могуць пайсьці ў пясок.

Міжнародны грасмайстар, адзін зь лепшых савецкіх і беларускіх шахматыстаў Віктар Купрэйчык з разуменьнем ставіцца да неабходнасьці ўплываць на цяперашнія ўлады праз ужываньне санкцый – у тым ліку і ў спорце. Але лічыць, што нельга зьмешваць у адзін кацёл усе спаборніцтвы:
Адмяніць для пачатку калядны турнір на прызы прэзыдэнта – і ўсё ў парадку будзе

"Санкцыі, канечне, патрэбныя, без пытаньняў. Але што тычыцца спорту, то, агульнымі словамі, ён усё ж лічыцца па-за палітыкай. Праўда, калі ўзяць з гісторыі, мы ж ведаем: у 1980-х быў байкот Алімпіядаў, двухбаковы. І ў нашых умовах гэта будзе крок можа нават звышрадыкальны, хоць у такой сытуацыі нічога выключаць нельга. Таму калі выбіраць, то забарона на Алімпіяду – гэта, канечне, занадта. І тыя ж спартоўцы ў любым выпадку не зьвязаныя з падзеямі ў Менску.

А вось калі ўзяць чэмпіянат сьвету па хакеі, то прывязку знайсьці можна. Гэта ўжо іншая справа: што хацелі – тое і маем. Нехта ня хоча такой разьвязкі, а нехта ж упарта гэтага дамагаецца, і вы ведаеце хто. То бок, ад Алімпіяды, лічу, адлучаць нельга. Быў байкот Масквы, быў байкот Лос-Анджэлеса, хопіць. Усё ж ідэя Міжнароднага алімпійскага камітэту – аб'яднаньне кантынэнтаў, краінаў. А вось на лякальным узроўні такое дапушчальна, на мой погляд. Адмяніць для пачатку калядны турнір на прызы прэзыдэнта – і ўсё ў парадку будзе…"

Адзін з найбольш пазнавальных беларускіх хакеістаў за мяжой – Уладзімер Копаць, аўтар пераможнай шайбы ў матчы са зборнай Швэцыі, якая дазволіла камандзе Беларусі заняць 4-е месца на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сыты. Лічыць, што ў ХХІ стагодзьдзі ніяк не выпадае вырашаць палітычныя пытаньні праз спорт:
Чапаць хакейны чэмпіянат сьвету, замахвацца на тое, што Беларусь чакала столькі гадоў, гэта будзе вялікае расчараваньне

"Гэта сур'ёзная навіна. Але думаю, гэта толькі ініцыятыва групы людзей, насамрэч такое наўрад ці магчыма. Не на тым узроўні павінна праблема вырашацца, бо няма да гэтага ніякіх перадумоваў: спорт і палітыка – розныя рэчы. Канечне, усё зараз у вялікай ступені палітызавана, але, скажам, чапаць хакейны чэмпіянат сьвету, замахвацца на тое, што Беларусь чакала столькі гадоў, гэта будзе проста нонсэнс. Прынамсі, гэта будзе вялікае расчараваньне. Хоць да гэтага, думаю, і ня дойдзе.

Так, людзі выказваюцца, але розум заўсёды апярэджвае такога кшталту ідэі. Спадзяюся, што ўсё ж на чале такіх структураў сядзяць і прымаюць рашэньні людзі, якія мысьляць цьвяроза. А калі так, то да гэтага ня дойдзе. Спартоўцы рыхтуюцца, палітыкі прымаюць рашэньні, але мы ўжо прайшлі той этап, калі абвяшчаўся байкот спартовым мерапрыемствам. Зараз такое папросту немагчыма".

Прызэр Алімпійскіх гульняў, фрыстайліст Дзьмітрый Дашчынскі гэтаксама мяркуе, што спартоўцы могуць пацярпець незаслужана – застаўшыся толькі ў беларускай "абалонцы", атлеты папросту дэградуюць. Па яго словах, прэтэнзіі да ўладаў мусяць прад'яўляцца на палітычным узроўні:

"Краем вуха чуў, што нас плянуюць абмежаваць ледзьве не ва ўсіх перасоўваньнях. Але ня думаю, што гэта дасьць хоць нейкі эфэкт. Абмежаваньні – ня выйсьце, зараз наадварот, людзям трэба даваць як мага больш свабоды. Я разумею, калі ў эўрапейскіх структураў ёсьць незадавальненьне ўладамі, аднак яны самі мусяць вырашаць гэтыя пытаньні. Пры чым тут звычайныя людзі, спартоўцы, якія ў бальшыні сваёй ніякіх адносінаў да палітыкі ня маюць?
Тады ўжо наступны крок – увогуле усіх нас зачыніць у межах краіны і нікуды не выпускаць

Тады ўжо наступны крок – увогуле усіх нас зачыніць у межах краіны і нікуды не выпускаць, гэта жа так атрымліваецца? Па-мойму, абмяркоўвалася ўжо шмат разоў і пастаянна гаварылася: абмежаваньне людзей у свабодзе абсалютнага ніякага эфэкту не дае. А датычна спорту будзе ўдар вельмі сур'ёзны. Таму што спорт разьвіваецца толькі дзякуючы канкурэнцыі, удзелу ў міжнародных спаборніцтвах".

Шанцаў на тое, што Беларусь пазбавіцца міжнародных кантактаў у спорце, няшмат. Прадстаўнікі практычна ўсіх адыёзных рэжымаў – ад Паўночнай Карэі да Кубы – нягледзячы на эканамічныя і палітычныя санкцыі ў адносінах да дыктатараў і іхняга атачэньня, не пазбаўленыя магчымасьці выступаць на важнейшых ўсясьветных спаборніцтвах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG