Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цынкавы цмок над Лідай


Спраўдзіць увосень, пасьля Дажынак «гадзіньнік паводле ільва» — геральдычныя сымбалі Ліды — я дамовіўся ў эфіры з удзельнікамі папярэдняй, летняй вандроўкі. Але менавіта на Дажынках Лукашэнка абвясьціў упершыню пра пачатак уласнай — чытай, усебеларускай — перадвыбарчай кампаніі. Тады ж па горадзе ды навакольлі пракацілася сэрыя мітынговых акцый ды збор подпісаў супраць будаўніцтва, як лічаць, экалягічна небясьпечнага заводу гарачага ацынкоўваньня мэталаканструкцый. Усё разам і вызначыла тэматыку і тэрміны гэтай вандроўкі. Але па парадку.


Улетку ў літаральна разваленым будоўлямі ды рэканструкцыямі горадзе вяліся гарачыя дыскусіі, ці ўдасца давесьці ўсё да ладу, пакуль надойдуць Дажынкі. Спачатку я сустрэўся са сваімі папярэднімі гідамі-суразмоўцамі — даўнім лідзкім апазыцыянэрам Уладзімірам Круцікавым з Партыі БНФ ды палкім тутэйшым лідэрам «Маладой Беларусі» Сяргеем Сідарэнкам. Пытаюся:

Карэспандэнт: «Ці ёсьць на што глядзець?»

Круцікаў: «Быў звон фанфар — старшыня выканкаму Худык ацаніў працу на «выдатна». «Лідзкая газэта» напісала — «няма ніякіх недаробак». Па Лідзкім ТБ дагэтуль — «прадаём дыск з запісам сьвятаў Дажынак. Ніхто толькі ня хоча купіць…»

Карэспандэнт: «Але ж у цэнтры акуратныя пляцы, лідзкі геральдычны леў…»

Сідарэнка: «Добра і тое, што наша Пагоня вісіць на замку. У крэпасьці дагэтуль і да 2016 году — рэканструкцыя. Але на пэрыфэрыю забыліся — шашы няма, усё пераламана, а грошай ужо няма…»


Круцікаў: «Мне перад сустрэчай патэлефанаваў сябар Беркус Робэрт. Жыве на вуліцы Грунвальдзкай зараз. Дом зьверху выдатна абклалі, але падвалы цякуць, затапляе бульбу, бо прагніла каналізацыя, сыстэма газа- і водаправодаў. І цяпер, відаць, ужо надоўга. Уладам на іншае трэба было б зьвярнуць увагу — пасьля Дажынак пачалося скарачэньне працоўных месцаў, у якія ані капейчыны не было ўкладзена…»

Майстра ж камэрцыйнай фірмы па вырабе цэляфану Зьміцер Зыбайла ўвогуле не жадае працаваць у горадзе.

Карэспандэнт: «Чаму ты хочаш зьехаць зь Ліды?»

Дзіма: «Зусім не задавальняюць заробкі ў 800 тысяч — для маёй кваліфікацыі гэта мала…»

Карэспандэнт: «Але ў цябе ж камэрцыйная структура…»

Дзіма: «Кімсьці зроблены адзіны заробак па Лідзе, і ніводзін працадаўца, не выключаючы прыватнікаў, плянку не падымае — нібы спэцыяльна. Тое, што ўсе гады рабіў гэты прэзыдэнт, не працуе. Я бачыў, як жыве Літва, Польшча. У нас найперш жахлівая сытуацыя з правамі чалавека — не дабіцца.

Хто ня мае тут праблем з заробкамі — гэта будаўнікі заводу гарачага ацынкоўваньня, дзе прадугледжана 150 працоўных месцаў. Палі, ужо ўвагнаныя ў зямлю, я адшукаў у чыстым полі паміж прыгараднымі вёскамі Горні, Даліна ды Шырокае. На пляцоўцы і пагутарыў з будаўнікамі — 27-гадовым Валодзем ды 23-гадовым Алегам. Хлопцы з выгляду былі ўпэўненыя, бадай, ува ўсім…



Уладзімір: «Аб’ект называецца — „Завод па ахове мэталаканструкцый ад карозіі мэтадам гарачага цынкаваньня“. І гэта толькі трэцяя частка назвы…»

Алег: «У нас нулявы цыкл пакуль з 15 кастрычніка — скончыцца праз 15 месяцаў, здача ў 2012-м. Усё добра з матэрыяламі, на заробкі ніхто ня скардзіцца — ад мільёна да двух і вышэй. Усе схіляюць да таго, што ў нас усё дрэнна, а я лічу, усё нармальна. У мяне ёсьць праца, стабільны заробак…»

Карэспандэнт: «Гэта значыць — Лукашэнка надалей?»

Алег: «А адкуль вы прыехалі?»

Карэспандэнт: «Зь Менску, з Радыё Свабода…»

Алег: «Ну зразумела. Я лічу, што на дадзены момант, акрамя дзеючага прэзыдэнта, няма годнай кандыдатуры. Не для радыё сказана. З кім з маладых ні пачнеш гаварыць, усе супраць прэзыдэнта, а на выбарчым участку цішком паставяць крыжык за яго, бо ніхто не жадае аніякіх перамен. І будзе ўсё ціха-спакойна…»

Карэспандэнт: «А тое, што забіваюць палітыкаў, ведаеце?»

Уладзімір: «Ніколі не заглыбляўся, калі шчыра — гэта ўсё чуткі…»

Разам з памянёнымі Ўладзімірам Круцікавым ды Сяргеем Сідарэнкам адыходзім на некалькі сотняў мэтраў ад будаўнічай пляцоўкі. Тут, сярод вячыстых хвояў, знаходзяцца старажытныя, але яшчэ дзеючыя Стараслабадзкія парафіяльныя могілкі. Спыніліся ля двух помнікаў пад крыжамі ды з мноствам прозьвішчаў.



Круцікаў: «Дабравольскі Стэфан, пробашч зь Беліцы, Бароўскі Альфрэд, пробашч з Лачка, Цыыбульскі Францішак, пробашч з Траб, Азарэўскі Ежы, пробашч зь Ліпнішак, Страшэўскі Вінцэнт, пробашч зь Юрацішак, ксёндз Віталь Маеўскі з Баяр. Тут былі адстраляныя ксяндзы ў сакавіку 1943-га немцамі. Побач яшчэ адна магіла ксяндзоў, якіх расстралялі бальшавікі ў 1918-м. Гэтае месца сьвятое для лідзкіх каталікоў…»

Сідарэнка: «Нябожчыкі спачываюць, а побач зь імі ідзе моцнае будаўніцтва. Чыніцца той жа самы гвалт — завод будуецца на касьцях людзей. Ёсьць яшчэ адна рэч. Тут магіла чалавека, сын якога жыве ў Канадзе і плаціць вялікія грошы вартаўнікам, каб яны прыбіралі і ахоўвалі бронзавы помнік, каб вандалы не паламалі. А цяпер пыл, вакханалія з шумам-гамам…»




Іду па найбольш шматлюднай вёсцы Шырокае, што за кілямэтар ад Ліды. Сярод сабраных ужо 2 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва завода ацынкоўваньня ёсьць добрая сотня ад тутэйшых — падпісаліся на ўсе 100%. Адчуваецца, што ўсе тут устрывожаныя — дагэтуль нікому не растлумачылі, што будзе з экалёгіяй. 75-гадовы, у кажуху ды валёнках, спадар Фэлікс Астравух, пачуўшы пытаньне, тут жа выйшаў на дарогу.

Карэспандэнт: «Чаго баіцеся?»

Астраўх: «Выкіды — і можа быць аварыйная абстаноўка. Завод ядавіты паводле тэхналёгіі…»

23-гадовы Саша Озін, што жыве тут з маленства, можа, адзін з найбольш абазнаных.

Озін: «Падпісваўся — я супраць, здароўе дрэннае будзе. Працую на „Лідсельмашы“ з цынкам. Многія людзі звольніліся — ванітуюць пасьля працы, галаўны боль. А калі завод будзе побач стаяць, людзі ня вылезуць з паліклінікі…».

Пасьля выбараў міжволі загаварылі пра палітыку. На пытаньне, за каго галасаваў, мускулісты, у каляровым швэдры ды ладных джынсах, сучасны хлопец адказвае:

Озін: «За Лукашэнку, таму што лепш ня будзе…»

Карэспандэнт: «Колькі ты зарабляеш?»

Озін: «Мільён, мне хапае. Адпачыць заўжды магу…»

Карэспандэнт: «І ў Турцыі, на Кіпры? На Чорнае ж мора ня хопіць…»

Озін: «Хацелася б, няма сродкаў такіх. У Расеі быў у Піцеры — людзі жывуць багата. Але Лукашэнка больш справядлівы…»

Карэспандэнт: «А ў калгасах людзі па 300 тысяч зарабляюць — ведаеш?»

Озін: «Ведаю!»

Карэспандэнт: «Дык за што ты галасаваў — мы 16 год так жывем, ты „за“ яшчэ чатыры?»

Озін: «4 гады… Будзе бачна…»

Кіраўнік суполкі Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў хітае галавой:

Круцікаў: «Старыя і маладыя лідчукі, што „за“ Луку… Адна частка электарату, што баіцца перамен — яны прызвычаіліся атрымліваць па 600 тысяч. А прыйдзе новая ўлада — а раптам зачыняць іхняе прадпрыемства, а бардак пачнецца? І другая — пэнсіянэры, якія сьвята вераць прапагандзе. Прычым — кантынгент самых маламаёмасных, якія ходзяць у савецкіх паліто і для якіх час спыніўся…»

Карэспандэнт: «А ці працягнецца тое?»

Круцікаў: «Званкі вельмі трывожныя на лідзкіх прадпрыемствах. Зьбіраюцца зачыняць мясакамбінат, пакідаючы толькі кілбасны цэх.Начальства хадзіла, супакойвала іх, што паедуць у міністэрства і да Лукашэнкі., каб далі ім грошы на мадэрнізацыю. Раз давалі — купілі няўдалае абсталяваньне, што й цяпер пыліцца. Возьмем Лідзкую абутковую фабрыку — палова абсталяваньня зноў жа стаіць у цэляфане. На мясакамбінаце трэба 150 чалавек скарачаць, на абутковай працуюць, бывае, 3–4 дні ў месяц і атрымліваюць 200–260 тысяч — там больш як на 4 млрд. нерэалізаванай прадукцыі. „Оптыка“ на ладан дыхае — больш за 600 ня плацяць. Вярхі ня ўмеюць кіраваць, а нізы — жыць. Перамены неабходныя — прыватная ўласнасьць на зямлю, прадпрыемствы рэструктурызаваць, рабіць маленькія, мабільныя. Усё старое, савецкае прыходзіць у тупік. Расея, відавочна, ня будзе падтрымліваць. У гэтым сэнсе выбары нічога ня вырашылі…»

Завод гарачага ацынкоўваньня, што за 350 мэтраў ад дзьвюх вёсак ды за 800 — ад лідзкага заводу «Оптык», будуе дзяржпрадпрыемства «Конус», калісьці прыкра вядомае пастаўкамі беларускай зброі ў Ірак. Яно ж і падліла алею ў агонь, фактычна праваліўшы арганізаваныя мясцовымі ўладамі грамадзкія слуханьні, на якія абяцала прадставіць вынікі экалягічнай экспэртызы. Аднак яго кіраўнікі дагэтуль запэўніваюць, што падобных прадпрыемстваў дзясятак у адной Літве.

Мы сядзім за кавай у хаце спадарыні Яніны Гузоўскай. Гэта яна, як каардынатар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», узяла на сябе арганізацыю збору подпісаў. Мае вопыт — тройчы ўдзельнічала ў розных выбарах ад партыі, што цяпер «Справядлівы сьвет», была сябрам раённай выбарчай камісіі.

Гузоўская: «Вельмі хочацца наведаць аналягічныя заводы ў Літве ды Польшчы, каб пабачыць, што гэта сапраўды так. Зьбіралі подпісы, каб завод аднесьлі, таму што людзі пісалі ў інстанцыі і атрымлівалі кожным разам адпіскі, што на завод, які мае санітарную зону менш за 150 мэтраў, экалягічнай экспэртызы рабіць ня трэба. Гэта хімічны завод, адносіцца да 1 клясу небясьпекі. У нас шмат хімічных прадпрыемстваў — лякафарбавы, ліцейна-мэханічны, чуем пах гэтых выкідаў. Пачалі гэты рух жыхары вёсак стыхійна — людзі забітыя, якія рэдка могуць што сказаць супраць улады. Але іх дасталі — зьвярталіся і да дырэктара заводу, але былі толькі абяцаньні, на грамадзянскія слуханьні мэр гораду прыйшоў з пустымі рукамі. Потым далучылася кампанія „Гавары праўду“, прыехаў Някляеў, здаў подпісы ў райвыканкам…»

Яніна Францаўна бярэ інфармацыю адусюль. Ведае — наперадзе доўгі і няпросты шлях.

Гузоўская: «Я ведаю сытуацыю ў пасёлку Дружным Менскай вобласьці. Там людзі таксама пачалі ваяваць супраць хімічнага заводу, які нібы павінен быў выпускаць мінэральныя ўгнаеньні. Але як завод быў пабудаваны, туды звозіліся хімічныя рэчывы, якія забароненыя ў Расеі. І цяпер за 150 мэтраў ад агароджы валяюцца хімпакункі. Ніводзін з жыхароў Дружнага не працуе на гэтым заводзе — кітайцы. Таму ня ведаем, якая сытуацыя будзе ў нас, таму што большая частка інфармацыі хаваецца. Я думаю, у Лідзе мы павінны давесьці справу з заводам цынкаваньня да канца. І калі завод шкодны, вымусіць уладу перанесьці ў іншае месца, дабіцца ўпарадкаваньня ачышчальных збудаваньняў. І таму павінна разьвівацца грамадзянская супольнасьць, праводзіцца, у тым ліку, акцыі пратэсту. І пры канцы людзі перамогуць, народ будзе ўзьдзейнічаць на ўладу. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ ў 2006-м я паехала на Плошчу. І калі ўбачыла фашыстоўскую Нямеччыну 1933-га — увесь праспэкт Незалежнасьці быў у спэцслужбах, у АМАПе ў чорным адзеньні, у масках, са шчытамі — мне стала сорамна і брыдка за нашу краіну. І я перастала баяцца наагул. Я ведаю, што толькі мы можам зьмяніць сытуацыю ў краіне. Трэба падняць высока галаву і ісьці наперад…»
Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG