Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў, якія адсядзелі, "завальваюць" на заліках


Пасьля навагодніх сьвятаў пачаліся адлічэньні студэнтаў, якія былі затрыманыя 19 сьнежня і адседзелі па 10–15 сутак. "Першымі ластаўкамі" былі трое навучэнцаў Менскага палітэхнічнага каледжу, зараз пачалі адлічаць студэнтаў ВНУ.

Фармальная прычына адлічэньняў – нават ня пропускі, таму што ў бальшыні студэнтаў у апошнюю дэкаду сьнежня заняткаў ужо не было, а няздача залікаў, пасьля чаго студэнта проста не дапускаюць да іспытаў. 6 студзеня з апошняга курсу факультэта эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка адлічылі Андрэя Лугіна, які за ўдзел у акцыі 19 сьнежня адседзеў 10 сутак:

"Пасьля таго, як я адседзеў, трэба было здаць 7 залікаў і 4 іспыты. Я здаў 5 залікаў, і на шостым мяне "завалілі". Тым больш, з гэтым прадметам у мяне было ўсё добра. Трэба было прасьпяваць сольны канцэрт. Я вакаліст, і ў нас замест курсавой работы ідзе сольны канцэрт, выканаць 7 твораў. Фармальная прычына – што я ня здаў залік, і мяне не дапусьцілі да астатніх іспытаў".

Карэспандэнтка: "Ці зьвязваеце сваё адлічэньне з тым, што з вамі адбылося?"
Тое, што загад адлічаць студэнтаў ёсьць – гэта ўжо можна сьцьвярджаць як факт

"Гэта 100% – сувязь ёсьць".

"А на якім вы курсе?"

"На апошнім".

"Няважна, на якім ты курсе, на якім факультэце, у якой навучальнай установе. Тое, што загад адлічаць студэнтаў ёсьць – зараз гэта ўжо можна сьцьвярджаць як факт, – расказвае актывіст "Студэнцкай рады" Сяргей Семянюк. – Да нас прыходзіў хлопец, які распавядаў, што толькі што здаў залік, але размаўляў з выкладчыцай, і яна прызналася: на яе ціснуць, каб залік яму не паставіла. Але ў выніку яна залік яму паставіла. То бок, такі ціск будзе, і зараз пачнуцца масавыя адлічэньні".

Старшыня грамадзкага Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць" Іна Кулей пацьвердзіла, што адлічаныя студэнты ўжо пачалі зьвяртацца па дапамогу. Яна запэўніла, што магчымасьць атрымаць адукацыю за мяжой у адлічаных студэнтаў ёсьць, але старшакурснікі сутыкнуцца з праблемай выбару:

"Прапановы ўжо ёсьць: і ў ЭГУ будзе адмысловая праграма для рэпрэсаваных студэнтаў, і праграма Каліноўскага будзе працягнутая ў больш пашыраным аб'ёме, зараз вядуцца перамовы з амбасадай Украіны. Гэта можа быць проста індывідуальнае навучаньне ў любой краіне – у Чэхіі, Нямеччыне, Галяндыі.
Большасьці мы раім спачатку пазмагацца

Але большасьць, што да нас зьвярталіся, – гэта старшакурсьнікі. А праграмы дзённага навучаньня (тая ж самая польская праграма Каліноўскага) апускаюць іх на курс, а то і на два ніжэй. Па-другое, калі гэта завочнае навучаньне, то мала дзе ёсьць тэхнічная адукацыя, у асноўным гуманітарная. І таму большасьці мы раім спачатку пазмагацца. Дапамагаем юрыдычна, каб можна было напісаць скаргі, журналісцкую дапамогу і падтрымку аказваем, каб быў розгалас, каб можна было напужаць дэканаў і рэктараў – каб не прымалі рашэньні зьлёту. І студэнт сам павінен прыняць рашэньне, як яму далей быць".

Сярод амаль сямі соцень затрыманых і асуджаных за ўдзел у акцыі 19 сьнежня больш за палову складае моладзь. Таму колькасьць рэпрэсаваных студэнтаў можа скласьці не адну сотню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG