Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных вызваляюць, другіх саджаюць


Вызваленыя з ізалятараў пішуць скаргі на дзеяньні міліцыі пры затрыманьні і ў дарозе да ізалятараў. Тым часам, пакуль удзельнікі пратэстных акцый выходзяць з-за кратаў, туды саджаюць тых, хто выказваў зь імі салідарнасьць.

30 сьнежня ў Маскоўскім судзе Менску за ўдзел у акцыі салідарнасьці зь вязьнямі Акрэсьціна, якая адбылася 21 сьнежня, асудзілі да адміністрацыйнага арышту моладзевых актывістаў Франка Вячорку, Андруся Крэчку і Антона Койпіша. Вячорка і Крэчка атрымалі па 12 сутак арышту, а Койпіш паводле рашэньня суду будзе знаходзіцца пад арыштам 10 дзён. Першыя два актывісты не адмаўлялі свайго ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі каля ізалятара, Антон жа Койпіш даводзіў судзьдзі, што ня браў у ёй удзелу. Натальля Шышкіна, якая прысутнічала на працэсе, распавяла «Свабодзе» падрабязнасьці:

«Ён казаў, што быў дома, хварэў, і гэта пацьвердзілі маці і бацька. Але знайшоўся сьведка-міліцыянт, які нібыта там яго бачыў. Прычым ён сказаў, што асабіста Антона ня ведае, але шмат разоў бачыў яго на акцыях і пазнаў».

21 сьнежня пад сьценамі ізалятара на Акрэсьціна прайшла акцыя салідарнасьці зь вязьнямі, у якой бралі ўдзел некалькі дзясяткаў актывістаў, а таксама палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Рыгор Кастусёў. Удзельнікі акцыі запалілі сьвечкі на знак салідарнасьці, сьпявалі песьні, некалькі разоў крычалі лёзунг «Свабоду!», а на патрабаваньне міліцыі акцыю спынілі і разышліся.

29 сьнежня з двух менскіх ізалятараў і Жодзінскага СІЗА агулам вызвалілі каля 300 вязьняў. Паводле праваабаронцаў, шмат каго міліцыя вызваліла ня ў вызначаны час, а раней. Людзей прымусова вывозілі далей ад ізалятараў, каб пазбавіць іх магчымасьці сустрэцца з сваякамі і сябрамі, якія іх чакалі.

Праваабаронца Наста Лойка не выключае, што гэта можа паўтарыцца і 31 сьнежня, і асабліва 3 студзеня, калі пасьля 15 сутак арышту выйдуць апошнія адміністрацыйна пакараныя:
Гледзячы па тым, як учора адпускалі людзей, улады абралі шлях абсалютна незаконны, проста зьдзеку зь людзей.


«Сёньняшняя сытуацыя вельмі палохае. Гледзячы па тым, як учора адпускалі людзей, улады абралі шлях абсалютна незаконны, проста зьдзеку зь людзей».

У праваабарончых арганізацыях ужо зафіксавалі хвалю скаргаў на парушэньні закону з боку міліцыі. З раніцы панесьлі скаргі тыя, хто толькі ўчора выйшаў з-за кратаў. Распавядае Ўладзь Лабковіч:

«У асноўным скардзяцца на дзьве рэчы. Першая група скаргаў — ад людзей, якія зусім не прымалі ўдзелу ў мітынгу на плошчы Незалежнасьці, якіх „загрэблі“ абсалютна выпадкова ў выніку непрафэсійных дзеяньняў міліцыі. І яшчэ абсалютна ўсе скардзяцца на катаваньні з боку АМАПу і спэцназу, якія этапавалі затрыманых. Гэта пагроза фізычных распраў, непасрэдна зьбіцьцё падчас і пасьля затрыманьня, што мусіць кваліфікавацца як катаваньні».

Скаргі грамадзянаў будуць накіраваныя ў пракуратуру і суды, а таксама ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, кажуць праваабаронцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG