Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў патрабуе ад Менска вызваліць украінцаў


Пры разгоне мітынгу пратэсту ў Менску ў дзень выбараў прэзыдэнта Беларусі 19 сьнежня былі арыштаваныя двое грамадзян Украіны. Кіеў патрабуе іх неадкладнага вызваленьня.

Пра гэта было заяўлена беларускаму амбасадару ў Кіеве Валянціну Вялічку. Як распавялі агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" ў прэсавай службе МЗС Украіны, 29 сьнежня амбасадар Беларусі ў Кіеве Валянцін Вялічка быў запрошаны ў МЗС на сустрэчу з першым намесьнікам міністра Русланам Дземчанкам.

"Украінскі бок чарговым разам выказаў глыбокае расчараваньне тым, што да гэтага часу затрыманыя грамадзяне Ўкраіны знаходзяцца пад арыштам і ня вызваленыя з-пад варты", - паведаміла прэсавая служба ўкраінскага МЗС.

У ходзе сустрэчы Дземчанка падкрэсьліў, што такія дзеяньні беларускага боку не адпавядаюць духу двухбаковых адносін і адзначыў неабходнасьць неадкладнага вызваленьня грамадзян Украіны. Вялічка запэўніў, што неадкладна давядзе да ведама афіцыйнага Менска пазыцыю ўкраінскага боку.

Неадкладнага вызваленьня 11 расейскіх грамадзян, арыштаваных 19 сьнежня, дамагаецца таксама і МЗС Расеі, пра што ўчора было заяўлена беларускаму амбасадару ў Маскве.
XS
SM
MD
LG