Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца: «У ізалятары на Акрэсьціна ёсьць людзі з траўмамі»


Вязьніца на Акрэсьціна
Вязьніца на Акрэсьціна
Працэсы над удзельнікамі акцый пратэсту 19 і 20 сьнежня ў асноўным скончыліся, большасьць затрыманых адпраўленыя за краты ў ізалятары Менску і Жодзіна. Да праваабаронцаў даходзяць зьвесткі, што частка затрыманых знаходзяцца ў турме з траўмамі.

Пра болей за 400 затрыманых з болей як 640 праваабаронцы маюць пэўныя зьвесткі: дзе іх судзілі, якое пакараньне яны атрымалі, дзе адбываюць зьняволеньне. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла Наста Лойка з цэнтру «Вясна», які падсумоўвае зьвесткі пра затрыманых падчас падзеяў 19 і 20 сьнежня. Як кажа Наста Лойка, некаторыя пры затрыманьні былі моцна зьбітыя і зараз пакутуюць без патрэбнай мэдычнай дапамогі.

«Мы атрымліваем шмат скаргаў адносна зьбіцьця і таго, як людзей утрымлівалі. Пасьля суду і ад тых, хто знаходзіцца ў шпіталях. Мы зьбіраемся аказаць гэтым людзям дапамогу пры падачы заяваў аб завядзеньні крымінальных спраў.
Людзі звоняць з Акрэсьціна і распавядаюць, што тут ёсьць людзі са зламанымі нагамі, з парванымі зьвязкамі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых, якія зьвярнуліся па мэдычную дапамогу, каля 50 чалавек. Гэта зьвесткі паводле мэдый і асабістых паведамленьняў. Ёсьць нават, што людзі звоняць з Акрэсьціна і распавядаюць, што тут ёсьць людзі са зламанымі нагамі, з парванымі зьвязкамі, зь іншымі траўмамі. І што ім належным чынам мэдычную дапамогу не аказваюць».

Прэсавы сакратар менскай гарадзкой міліцыі Аляксандар Ластоўскі ня змог назваць дакладную лічбу, колькі сярод затрыманых тых, хто зьвярнуўся па мэдычную дапамогу. Міліцыянт запэўніў, што ўсім, каму трэба, мэдычная дапамога на Акрэсьціна аказваецца, калі «яны не сымулянты», і спаслаўся на тое, што сам бачыў у ізалятары ноччу на 20 сьнежня.

«Былі там сымулянты і тыя, каму сапраўды аказвалі дапамогу мэдыкі. Я ня бачыў, якая каму была патрэбная дапамога, але бачыў, што мэдыкі там былі, выходзілі з кабінэта, заходзілі».

У менскіх судах кажуць, што 22 сьнежня працэсаў над затрыманымі ўжо не было, але гэтаму супярэчыць інфармацыя, атрыманая ад некаторых грамадзянаў. Называюць у прыватнасьці Заводзкі суд, дзе яшчэ працягваліся працэсы і сёньня. У судзе зьвесткі камэнтаваць адмовіліся.

Зьяўляюцца новыя сьведчаньні таго, як адбываліся працэсы над затрыманымі. Вось што кажа малады чалавек, які ў якасьці назіральніка здолеў трапіць на працэс над Аляксандрам Навуменкам.

«Гэта судом нельга назваць, проста судовая расправа. Усё адбывалася цягам 3 хвілін. Судзьдзя зачытваў пратакол, у якім невядома адкуль узяўся нейкі сьведка, які засьведчыў удзел у акцыі. І з гэтага ж пратаколу вынікае, што затрымалі а палове 3-й гадзіны ночы. Тады судзьдзя яшчэ спытаў Аляксандра, ці быў ён на Кастрычніцкай плошчы. Той адказаў, што быў на сустрэчы з кандыдатам. І пасьля гэтага судзьдзя адразу абвясьціў, што віна даказаная».

Што вядома пра тое, як адбываюць пакараньне затрыманыя? Зьвесткі пра гэта вельмі сьціплыя, бо лісты адтуль не даходзяць. Паводле сваякоў затрыманых, 22 сьнежня ў ізалятары на Акрэсьціна адмовіліся прымаць пітную ваду для тых, хто адбывае пакараньне. Паводле сваякоў тых, каго ўтрымліваюць у ізалятары КДБ, «амэрыканцы», там перадачы не прымаюць увогуле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG