Наш слухач патэлефанаваў, каб даць параду людзям, якія пойдуць на Кастрычніцкую плошчу 19 сьнежня, як не пасьлізнуцца на лёдзе. Гарадзкія ўлады яшчэ тыдзень таму пашырылі плошчу катка, заняўшы лёдам амаль усю тэрыторыю Кастрычніцкай плошчы.
«Добры вечар, хацеў бы зрабіць параду для тых, хто пойдзе на Плошчу-19. Каб ня коўзацца на лёдзе вакол ёлачкі, трэба падрыхтаваць сабе невялічкія пакуначкі зь пясочкам, пакласьці ў кішэню, каб там можна было сабе пасыпаць пад ногі, дзеля ўстойлівасьці. Гэта простая парада ад дворніка Іскандэра. Посьпехаў вам!».
Сустаршыня БХД Павал Севярынец камэнтуе званок слухача:
«Відаць, памятаючы 2006 год, улады залілі каток ня так, як раней — на частку плошчы, а на ўсю плошчу ажно да аўтобуснага прыпынку. Але беларусы не павіны пасьлізнуцца па дарозе да свабоды. Мы раім кожнаму браць з сабой мяшочак пясочку. На кожным аўтобусным прыпынку стаяць такія бакі зь пяском. Альбо можна браць пачак солі. Тады будзем цьвёрда стаяць на нагах ад 19-га па 20-га».
Слухачы абмяркоўваюць выказваньні кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што нібыта апазыцыя падрыхтавала выбуховыя рэчывы для тэрактаў на плошчы.
«Спадар Макей, вы павінны ведаць, што рэжысэры-пастаноўшчыкі крывавых спэктакляў знаходзяцца пры ўладзе. Першая рэпэтыцыя адбылася ў 1994 годзе пад Лёзнам, вядома ж, без крыві. А вось чарговыя спэктаклі — гэта Віцебск і Менск, была праліта і кроў. Так што, спадар Макей, сьцяг вам у рукі, каб выявіць тых злачынцаў, якія рыхтуюць чарговы тэракт 19 сьнежня на Плошчы».
На думку большасьці нашых слухачоў, людзі абавязкова пойдуць на мітынг на Кастрычніцкую плошчу. Наш слухач лічыць, што менавіта самі ўлады не пакідаюць людзям іншага выйсьця:
«У крымінале вядома, што адно злачынства спараджае другое. Наступнае злачынства накладваецца на папярэдняе. Такое ж наслаеньне і ў лукашэнкаўскіх дзеяньнях, грунтаваных на хлусьні, прапагандзе, гвалце, крыві, правакацыі, пра якія ведае ўвесь народ, якія падлягаюць працэсу. Зараз Лукашэнка рыхтуе чарговую правакацыю празь нячэсныя, несправядлівыя выбары. Народ праз абвостранае пачуцьцё несправядлівасьці можа вываліць на плошчу, а Лукашэнка зваліць віну на так званую апазыцыю. Дык хто ж апазыцыянэр? 9 народных кандыдатаў супраць аднаго дыктатара? Былі б справядлівыя цывілізаваныя выбары, і ніводзін чалавек не пайшоў бы мітынгаваць. Пра гэта прасілі ўсе 9 народных кандыдатаў, прасілі пра справядлівыя выбары».
Людзі абмяркоўваюць датэрміновае галасаваньне. Раней слухачы тэлефанавалі і распавядалі пра тое, што студэнтаў, вайскоўцаў і жыхароў інтэрнатаў прымушаюць галасаваць датэрмінова, пагражаючы ім высяленьнем ці іншымі праблемамі.
Наш слухач кажа:
«З вуснаў Ярмошынай і Лазавіка ўвесь час гучыць, што з 14 па 18 сьнежня адкрытыя выбарчыя ўчасткі для тых выбарцаў, хто зь нейкіх прычын ня зможа галасаваць 19 сьнежня. Я думаю, што ў нашай краіне было б дарэчы казаць, што для тых, хто ня зможа зь нейкіх прычын прагаласаваць з 14 па 18 сьнежня, адкрыты выбарчыя ўчасткі і 19 сьнежня».
А вось яшчэ адзін званок на гэтую тэму ад нашага слухача, які прыгадаў, што яшчэ пасьля выбараў і рэфэрэндуму-2004 прозьвішча Лідзіі Ярмошынай трапіла ў «чорны» сьпіс:
«Ярмошына кажа, што датэрміновае галасаваньне практыкуецца ва ўсім сьвеце, нават у той жа Амэрыцы. Але кіраўнік выбаркаму забылася, што там дэмакратыя, а ў нас аўтарытарны рэжым. А якія вы махляры, то і вядомы ілюзіяніст Ігар Кіё пазайздросьціў бы. Але шанец пасядзець у парыскай кавярні з томікам Хэмінгуэя ў вас усё яшчэ застаўся».
Наша слухачка выказала такое меркаваньне:
«Магчыма, я выкажу крамольную думку, але я чамусьці ўпэўнена, што крамлёўскія паліттэхнолягі ставяць на старога каня не праз разьяднанасьць ці слабасьць апазыцыйных кандыдатаў. Хутчэй, наадварот: яны пабачылі пагрозу сваім імпэрскім амбіцыям. Расеі патрэбны слабыя суседзі, якія стаяць перад ёй на каленях. Тады іх можна гнуць і распараджацца іх лёсам. На сёньняшні дзень няма кандыдата, які б мог лепш адпавядаць імпэрскім амбіцыям Расеі, як Рыгоравіч. А недахопы можна знайсьці нават у сьвятых».
Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.