Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: пакажы дзёньнік — і едзь бясплатна


Каля 46 тысяч гомельскіх школьнікаў ад сёньня могуць езьдзіць бясплатна ў гарадзкіх тралейбусах і аўтобусах. Пропуск — школьны дзёньнік. Калі яго няма — даведка са школы. Можна і наадварот.

У аддзеле адукацыі гарвыканкаму паведамілі, што даслалі ў агульнаадукацыйныя ўстановы гораду тэлефанаграмы з патрабаваньнем выдаваць дзятве даведкі, што яны навучаюцца ў той ці іншай школе альбо гімназіі.

Вуснае распараджэньне наконт бясплатнага праезду ў першы дзень датэрміновага галасаваньня зрабіў старшыня гарвыканкаму Віктар Піліпец.

У аддзеле транспарту і камунікацый гарвыканкаму тлумачаць журналістам, што адпаведнае рашэньне будзе тады, калі зьявіцца ўказ прэзыдэнта, якога нібыта чакаюць у бліжэйшыя дні.

У Менску бясплатны праезд школьнікам быў дазволены 7 сьнежня — на другі дзень Усебеларускага народнага сходу.

У сваю чаргу гомельскі праваабаронца, бацька траіх непаўналетніх сыноў Леанід Судаленка зьвярнуўся 9 сьнежня з прапановай да дырэктараў прадпрыемства «Гарэлектратранспарт», аўтобусных паркаў № 1 і № 6 тэрмінова забясьпечыць бясплатны праезд усіх школьнікаў Гомелю.

Праваабаронца згледзеў дыскрымінацыю гомельскіх школьнікаў па прыкмеце месца пражываньня, паколькі да сёньняшняга дня дзеці ў Гомелі ў поўным аб’ёме плацілі ў аўтобусах і тралейбусах за праезд у школу й назад.

Спадар Судаленка лічыць, што дазволу на бясплатны праезд дзяцей ня столькі паспрыялі ягоныя лісты ў транспартныя арганізацыі, колькі спробы задобрыць бацькоў школьнікаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
XS
SM
MD
LG