Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў сустрэўся зь віцебскімі выбарцамі


Сустрэча прайшла ў Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі Першамайскага раёну і была, пэўна, самай шматлюднай, калі згадаць ранейшыя візыты ў Віцебск іншых кандыдатаў.

Каля ўваходу ў будынак Андрэя Саньнікава сустракалі са сьцягамі і з караваем на ручніку. У фае цэнтру творчасьці актывісты раздавалі ахвотным агітацыйныя матэрыялы.

Моладзь сустракае Андрэя Саньнікава

Андрэй Саньнікаў

Заля, разьлічаная на 270 месцаў, была амаль што поўная. На сустрэчу прыйшлі людзі самага рознага веку — ад моладзі да пенсіянэраў — і задавалі самыя разнастайныя пытаньні.

Чарга да «свабоднага мікрафону»

Для тых, хто хацеў пра нешта распытаць кандыдата на прэзыдэнта або прадстаўнікоў яго каманды, у залі быў усталяваны «свабодны мікрафон». На некаторыя пытаньні адказвалі вядомы навуковец-эканаміст Леанід Злотнікаў, старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, генэрал Валеры Фралоў.

Больш як 250 чалавек прыйшлі на сустрэчу

Цікавілі віцебскіх выбарцаў самыя розныя рэчы. Так, адна спадарыня спыталася, якія маральныя якасьці павінен мець сапраўдны прэзыдэнт. «Прыстойнасьць», — адказаў кандыдат. Шмат пытаньняў было пра пераўтварэньні ў эканоміцы: ці будуць вяртаць грошы, якія «згарэлі» ў банках, ці ёсьць у Андрэя Саньнікава меркаваньні, як зрабіць прыбытковай сельскую гаспадарку і ці стане таньнейшым жыльлёвае будаўніцтва. Андрэй Саньнікаў сказаў, што адным зь першых указаў гатовы скасаваць кантрактную сыстэму і вярнуць ільготы на праезд для пэнсіянэраў, школьнікаў і студэнтаў.

Некаторыя выбарцы прыйшлі ўжо з «прэзыдэнцкімі наказамі» і аповедамі пра асабістыя праблемы — каб пры новым кіраўніцтве неабходныя лекі былі па даступных цэнах, каб болей увагі зьвярталі на сем’і, дзе апекуны выхоўваюць дзяцей-сірот… Адзін хлопец нават працытаваў тэлевыступ Андрэя Саньнікава пра тое, што 20 сьнежня ў беларусаў ёсьць магчымасьць прачнуцца ў вольнай краіне. Хлопец сказаў, што 24 сьнежня ў яго дзень народзінаў і свабода ў Беларусі была б для яго найлепшым падарункам.

Віцебскія выбарцы слухаюць Саньнікава

Напрыканцы сустрэчы, якая доўжылася паўтары гадзіны, Андрэю Саньнікаву жадалі перамогі і фатаграфаваліся «з будучым прэзыдэнтам». А потым праводзілі да машыны, бо на наступную сустрэчу спадар Саньнікаў накіраваўся ў Наваполацак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG