Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў прапанаваў усім зьняцца з выбараў. Яго не падтрымалі


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў сёньня прапанаваў кандыдатам супольна зьняцца з выбараў, але яго не падтрымалі.

9 сьнежня на пікеце каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў запрапанаваў іншым кандыдатам супольна зьняцца з выбараў. Маўляў, гэтак можна паламаць сцэнар уладаў, якія, паводле кандыдата, рыхтуюць фальсыфікацыю. Пазьней Някляеў правёў кансультацыі зь некаторымі кандыдатамі і іх прадстаўнікамі адносна сваёй прапановы.

«Здымацца ніхто не плянуе, застаецца былы сцэнар — Плошча», — сказаў кандыдат на прэзыдэнта па тэлефоне. У момант размовы з карэспандэнтам «Свабоды» Ўладзімер Някляеў ехаў у аўтамабілі ў Баранавічы на заплянаваную сустрэчу з выбарцамі. Ці не пачуваецца ён расчараваным?

«Не, чаму я мушу расчароўвацца? Я павінен думаць, як перамагчы любымі сцэнарамі. Калі прыняты такі сцэнар, значыць, будзем распрацоўваць такі. Нам галоўнае, каб гэтыя выбары не былі прызнаныя».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сябра штабу кандыдата Яраслава Раманчука, кажа, што апоўдні сустракаўся зь Някляевым, але ня чуў ад яго афіцыйнай прапановы супольна здымацца з выбараў. Пры гэтым Лябедзька паўтарыў, што кандыдат, якога ён прадстаўляе, гатовы абмяркоўваць любыя прапановы адносна супольнай дзейнасьці. Яраслаў Раманчук працягвае выбарчую кампанію, сказаў кіраўнік выбарчага штабу Леў Марголін:

«Кандыдат зараз знаходзіцца ў аўтамабілі і едзе ў Мазыр, дзе а 18-й гадзіне ў яго адбудзецца сустрэча з выбарцамі».

Кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч упэўнена заявіў, што не зьбіраецца здымацца з выбараў, а працягвае барацьбу. Сёньня Міхалевіч працаваў з выбарцамі ў Гародні.

«Зараз я знаходжуся зь сябрамі сваёй каманды каля гандлёвага цэнтру „Нёман“ — раздаём тут улёткі. А ўвечары ў мяне прызначана сустрэча з выбарцамі ў філярмоніі. Таксама пляную наведаць выканкам, міліцыю і розныя дзяржаўныя ўстановы».

Віктар Цярэшчанка, Дзьмітрый Вус і Віталь Рымашэўскі раніцай праводзілі дэбаты на інтэрнэт-партале Tut.by. У другой палове дня Цярэшчанка правеў кансультацыі зь некаторымі калегамі, у прыватнасьці з Уладзімерам Някляевым, і выправіўся ў паездку ў Маладзечна, на сустрэчу з выбарцамі. Дзьмітрый Вус у гэты час сустракаўся з выбарцамі ў Барысаве, як і Мікалай Статкевіч. Віталь Рымашэўскі застаўся ў Менску, дзе ў яго заплянавана ажно дзьве сустрэчы, паведаміла Ірына Логвін са штабу кандыдата.

«17:00 — сустрэча ў харэаграфічным каледжы, адрас Прытыцкага, 35. А потым а 18:30 — сустрэча ў ДК „Элема“, гэта на Трасьцянецкай вуліцы».

Кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў езьдзіць па ўсходзе Магілёўскай вобласьці: Клімавічы, Хоцімск, Касьцюковічы. Паводле кандыдата, цікаўнасьць вялікая — у Клімавічах зь ім сустрэліся каля ста чалавек. Я нагадаў кандыдату выказваньні Аляксандра Лукашэнкі ў ягоны адрас: маўляў, прадстаўнік БНФ прынцыпова выступае пад бел-чырвона-белым сьцягам, па-беларуску, «хаця ведае, што яго ніхто не падтрымлівае». Ці так гэта?

«На тое, што я размаўляю па-беларуску, ніхто мне не сказаў, што не разумее, што кажыце па-расейску. Зразумела, што ня ўсе мяне падтрымліваюць, ёсьць прыхільнікі дзеючага прэзыдэнта, і зразумела, што яны за мяне ніколі не прагаласуюць. Але такіх і няшмат. Ёсьць шмат нашых прыхільнікаў і яшчэ больш тых, хто яшчэ ня вызначыўся. І зь імі трэба працаваць».

Андрэй Саньнікаў увечары праводзіць сустрэчу з выбарцамі ў Менскай 15-й гімназіі. «Пазыцыя Саньнікава адносна выбараў нязьменная — удзельнічаць у іх да канца і перамагаць», — кажуць у выбарчым штабе кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG