Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра ЦВК: «Камісія заплюшчвае на ўсё вочы»


Цэнтральная выбарчая камісія не знайшла ў дзеяньнях кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі парушэньняў Выбарчага кодэксу. ЦВК таксама адмовіла ў правядзеньні дадатковых тэледэбатаў. Такія пастановы былі прынятыя на сёньняшнім паседжаньні камісіі.

Апазыцыйныя палітыкі Сяргей Калякін, Галіна Сямдзянава і кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў зьвярнуліся ў Цэнтравыбаркам з заявай аб парушэньні Аляксандрам Лукашэнкам артыкула 73 Выбарчага кодэксу. Гэты артыкул забараняе кандыдатам выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча. Заяўнікі спасылаліся на сустрэчу Лукашэнкі са сваімі даверанымі асобамі ў службовым памяшканьні і ў працоўны час. Гэта вынікала зь сюжэту, які паказала на ўсю краіну дзяржаўнае тэлебачаньне.

Падчас дыскусіі ўзьніклі спрэчкі і пра тое, ці ёсьць з боку Аляксандра Лукашэнкі іншыя парушэньні — напрыклад, наконт яго дачыненьня да аўтапрабегу, які арганізавалі ў яго падтрымку замежныя (расейскія) грамадзяне, і наконт футбольных спаборніцтваў у Берасьці, дзе непаўналетнія гульцы надзелі майкі з партрэтам кіраўніка дзяржавы.

Што тычыцца «спартовай часткі» выбарчай кампаніі, то старшыня ЦВК заявіла наступнае:

«Сувязь паміж гэтымі мерапрыемствамі і кандыдатам у прэзыдэнты нікім ня вызначана. Я думаю, што сам кандыдат у прэзыдэнты Лукашэнка наўрад ці падазраваў наагул аб правядзеньні падобных мерапрыемстваў. То бок гэта самадзейнасьць пэўных асоб, прычым абсалютна бязграматная. То бок ніякай віны кандыдата, яго давераных асобаў альбо ініцыятыўнай групы ва ўказаных дзеяньнях ня вызначана».

Не знайшлі сябры ЦВК парушэньняў і ў арганізацыі сустрэчы дзейнага кіраўніка дзяржавы са сваімі даверанымі асобамі. І тут апошняе слова было за Лідзіяй Ярмошынай:

«Калі мы любую сустрэчу (а яна можа адбыцца і ў калідоры), дзе бакі абмяняліся думкамі наконт выбараў, будзем ацэньваць з пункту гледжаньня злоўжываньня службовым становішчам, то асоба, якая мае хоць нейкую ўладу і паўнамоцтвы, наагул ня зможа ніколі абрацца. Таму што яна бясконца будзе злоўжываць».
Алесь Лагвінец: «ЦВК — марыянэтачная інстытуцыя. Іх роля — забясьпечыць працэс перапрызначэньня Лукашэнкі».


Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла і ў правядзеньні дадатковых тэледэбатаў. З такой заявай зьвярнуліся кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў.

У ЦВК назвалі дзьве прычыны адмовы. Па-першае, Белтэлерадыёкампанія ў сваім адказе на запыт ЦВК сказала, што функцыі, якія на яе ўскладзеныя, яна ўжо выканала, і рэкамэндавала кандыдатам у прэзыдэнты зьвярнуцца ў тыя мэдыі, якія не ўваходзяць у яе структуры. Таксама ў адказе падкрэсьлівалася, што шэраг кандыдатаў наагул ня выкарысталі свой час для выступу на радыё, напрыклад — Дзьмітрый Вус. Андрэй Саньнікаў ня ўдзельнічаў у радыёдэбатах. А Ўладзімер Някляеў з тэлевізійных дэбатаў увогуле сышоў.

Другую прычыну агучыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён заявіў, што нельга, каб па тэлебачаньні і радыё гучалі «безадказныя заклікі прыходзіць на плошчу ўвечары 19 сьнежня, якія могуць далей прывесьці да другой «крывавай нядзелі».

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Алесь Лагвінец, які прадстаўляе інтарэсы кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва, у размове са «Свабодай» сказаў: ад сёньняшняга паседжаньня ў яго засталося прыкрае ўражаньне:

«ЦВК — марыянэтачная інстытуцыя. І іх роля — забясьпечыць працэс перапрызначэньня Лукашэнкі, а рэальная кампэтэнцыя вельмі абмежаваная. Яны відавочна заплюшчваюць на ўсё вочы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG