Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Пушкіна пасадзілі. Значыць, хутка выбары


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін
Мастака абвінавацілі ў злосным хуліганстве — за тое, што ён нібыта пабіў аднавяскоўца. Рашэньне пакараць Алеся Пушкіна арыштам вынесла судзьдзя Крупскага райсуду Вольга Фома. Такім чынам, мастак выйдзе на волю толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Жонка арыштаванага Яніна Пушкіна паўдня тэлефанавала ў Крупскі райсуд, але так і не змагла даведацца, у чым канкрэтна абвінавацілі яе мужа. Пра тое, што яму прысудзілі арышт на 13 сутак, яна даведалася ад журналістаў, і пра тое, што гэта пакараньне за злоснае хуліганства, — таксама.

«Злоснае?! Ого! А я тэлефанавала ў суд, яны ўсе занятыя былі… Спачатку я тэлефанавала, сказалі, што суд ідзе. Потым — што суд скончыўся, але яны ня ведалі рашэньня, маўляў, яшчэ тэлефануйце…Злоснае, аказваецца! Ну, значыць, быў аддадзены загад, каб ён якога пэрформансу ня выкінуў…»

Злоснае, аказваецца! Ну, значыць, быў аддадзены загад, каб ён якога пэрформансу ня выкінуў…
Жонка мастака перакананая, што арышт на 13 сутак — гэта вынік сьвядомай правакацыі. Яна распавяла, што 8 сьнежня да іх у двор зайшоў агрэсіўна настроены аднавясковец, і мужу давялося яго выводзіць, каб не хуліганіў. Прозьвішча гэтага чалавека — Лазарэвіч, і яго ведае ўсё мястэчка Бобр, дзе жыве сям’я мастака:

«Гэта дэградант, ужо на глыбейшым „дне“, пэўна, і няма чалавека ў нашым Бабры. Чалавек страчаны для сябе і для грамадзтва — ён жыве з крадзяжоў. Гадоў 10 таму ён быў залез і ў нашу хату, потым яго пасадзілі».

Жонка Алеся Пушкіна мяркуе, што гэтага чалавека «выкарысталі» — падаслалі сьвядома, каб мець падставы затрымаць гаспадара. Міліцыянты з Крупскага РАУС зьявіліся ў хату мастака, заявілі, што на яго ёсьць заява за хуліганскі напад, і завезьлі затрыманага ў пастарунак. Дoбраахвотна ісьці Алесь Пушкiн не захацеў, і ў міліцэйскую машыну яго валаклі гвалтам.

Жонка мастака згадвае, што ў час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў яго таксама трымалі пад вартай, асудзіўшы на 15 сутак за дробнае хуліганства. Тады нехта напісаў заяву, што мастак лаецца нецэнзурнымі словамі, прычым заяўнік нібыта пачуў лаянку за паўтара кілямэтра, з другога берага рэчкі.

Гэтую гісторыю згадаў і сябар мастака, аршанец Генадзь Шэпелеў. Яны пазнаёміліся калісьці на бардаўскім фэсьце «Аршанская бітва», падчас якога ў апошнія гады Алеся Пушкіна таксама неаднойчы забіралі ў пастарунак.

Спадар Шэпелеў, як і Яніна Пушкіна, лічыць, што мастака адмыслова затрымалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — зь перасьцярогі:

«Я мяркую, гэта палітычны арышт. Бо, ведаючы добра Пушкіна, я скажу, што ня можа ён руку ні на кога падняць. Сказаць і зрабіць, што думае, — гэта можа. Думаю, гэта нейкае глупства нашых уладаў, глупства такое. Для іх калі чалавек выпівае, дэбашырыць — гэта нармальна, а калі вылучаецца нечым з агульнай масы — гэта ўжо ня тое. І яго „прыкрылі“, каб ён нешта недзе не ўтварыў, а то ці з карцінай выйдзе, ці яшчэ нешта такое».

Алесь Пушкін прэзэнтуе карціну каля помніка Караткевічу

Апошні раз Алесь Пушкін выйшаў з карцінай, прысьвечанай міліцэйскаму разгону бардаўскага фэсту «Аршанская бітва». І зрабіў гэта на сёлетніх афіцыйных сьвяткаваньнях 80-х угодкаў Уладзімера Караткевіча, калі ў Воршу зьехалася шмат менскага начальства.

На думку Генадзя Шэпелева, прэвэнтыўны арышт Алеся Пушкіна — гэта толькі пачатак «хапуну», верагодных затрыманьняў і арыштаў актывістаў па ўсёй Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG