Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід новай нафтагазавай вайны


Перад пачаткам новых перамоваў з кіраўніцтвам Расеі аб коштах на энэрганосьбіты беларускія чыноўнікі спрабуюць адпаведным чынам сфармаваць грамадзкую думку. Урадоўцы настойваюць, што Беларусь павінна атрымліваць прыродны газ з Расеі прынамсі па цэнах 2010 году і не адмаўляюцца ад ідэі дамагчыся паставак бязмытнай нафты.

У інтэрвію беларускай вэрсіі тэлеканалу "Россия" ("РТР-Беларусь") прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што Беларусь разьлічвае на захаваньне ў 2011 годзе цэнаў на газ на сёлетнім узроўні. Паводле Сідорскага, калі "Газпром" у кантрактах зь некаторымі краінамі дазваляе закупляць частку газу на спотавым рынку, што дае магчымасьць набываць паліва на 20% таньней, то чаму гэта ня можа дзейнічаць у адносінах да Беларусі?
цэны на газ для той жа Нямеччыны на 15—20% ніжэйшыя, чым мы сёньня маем ...

"З 1 студзеня 2011 году газ для нашай краіны павінен ісьці паводле формулы з каэфіцыентам "адзінка". Безумоўна, цяпер у перамовах з Расейскай Фэдэрацыяй, падчас маіх апошніх сустрэчаў са старшынёй расейскага ўраду Ўладзімерам Пуціным, мы адстойваем пазыцыю з тым, каб на 2011 год былі максымальна захаваныя для Беларусі цэны 2010 году. Мы зыходзім з таго, што сёньня і на спотавым рынку, і ў Эўрапейскім зьвязе цэны на газ для той жа Нямеччыны на 15—20% ніжэйшыя, чым мы сёньня маем паводле тых кантрактаў, якія ёсьць у нашых краінах".

Лёгкіх перамоваў з расейскім бокам экспэрты не прагназуюць. Сярэднегадавы кошт прыроднага газу для Беларусі складзе блізу 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Да 2015 году Беларусь і Расея плянуюць выйсьці на прынцып роўнадаходнасьці, а гэта значыць, не ў такой ужо аддаленай пэрспэктыве Беларусь чакаюць усясьветныя цэны. У кулюарах "Газпраму" агучваўся прыблізны кошт газу для Беларусі ў 2011 годзе — 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Беларускі ж бок будзе змагацца за старыя кошты — 200—210 даляраў. І, мяркуючы па перамовах папярэдніх гадоў, ніводзін з бакоў лёгка здаваць пазыцыі не зьбіраецца.

На выпадак няўдалых перамоваў Беларусь трымае запасны козыр — тарыфныя стаўкі на транзыт газу па беларускай тэрыторыі. Віцэ-прэм'ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка ўжо заявіў, што калі сёлета тарыф на транзыт складае 1,88 даляра на 100 кілямэтраў, то ў 2011-м стаўка падвысіцца да 2 даляраў. "Наконт далейшага будзем спрачацца", — сказаў Сямашка і ўдакладніў, што Ўкраіна за транзыт газу бярэ 2,5 даляра.

Былы супрацоўнік газатранспартнага прадпрыемства "Белтрансгаз" Аляксандар Мех кажа, што беларускую дэлегацыю наўрад ці чакае ў Маскве цёплы прыём. Ён перакананы, што торг за зачыненымі дзьвярыма будзе вельмі жорсткі:

Алесь Мех
"Шляхі будуць шукацца, умовы будуць выстаўляцца як з аднаго, так і з другога боку. Але ж трэба разумець, што гэтае пытаньне цалкам палітычнае. Мы, на жаль, мала пра што можам гаварыць у сувязі з тым, што ўсё, як і раней, будзе адбываецца за зачыненымі дзьвярыма. Сёньня мы дакладна ня ведаем, за што канкрэтна ідзе торг, што лічыцца прыярытэтнай умовай. Калі б гэта была адкрытая рынкавая эканоміка, адкрытыя краіны, то можна было б прагназаваць разьвіцьцё падзеяў. А так нешта гаварыць загадзя не выпадае, бо гэта на 100% палітычныя справы".

Ня менш жорсткія баталіі чакаюцца і на нафтавым фронце. Беларускія ўлады па-ранейшаму лічаць, што Расея парушае дамоўленасьці, абкладаючы нафту для Беларусі 100-працэнтным мытам. Пры такім раскладзе страты беларускай эканомікі сёлета перавысяць 2,5 мільярда даляраў. Беларусь ужо скараціла нафтавыя пастаўкі з Расеі на 40%, і, як заявіў напярэдадні ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Уладзімер Сямашка, цяпер выгадней купляць вэнэсуэльскую нафту, чым расейскую. Ён не ўдакладніў, колькі ж каштуе заакіянская нафта, спаслаўшыся на камэрцыйную таямніцу, але запэўніў, што "цягаць чорнае золата празь некалькі мораў" апраўдана. А калі ўлічыць, што чыгуначны транспарт паступова замяняецца трубаправодам Адэса-Броды, то на кожнай тоне нафты атрымліваецца дадатковая эканомія ў 30 даляраў.

Экспэрты сыходзяцца на думцы: вытаргаваць эканамічныя палёгкі на тле вострага палітычнага крызісу ў стасунках з Крамлём Менску наўрад ці ўдасца. Масква адкрыта дае зразумець: падставаў да замірэньня няма. У выніковым сюжэце тэлеканалу "Россия", ужо традыцыйна адцэнзураваным, рэзка крытыкавалася арганізацыя прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Сьцьвярджаецца, што суадносіны зьяўленьня ў эфіры Аляксандра Лукашэнкі і астатніх кандыдатаў — 20:1 не на карысьць апазыцыі. Зьвяртаецца ўвага на "перадвыбарны канёк" кандыдата Лукашэнкі — адносіны з Расеяй: "Найбліжэйшы сусед цяпер стаў ворагам № 1".

Журналісты робяць выснову, што да рэзкага развароту Лукашэнкі на Захад спрычынілася магчымасьць атрымаць лёгкія грошы. 3 мільярды эўра абяцаныя Менску ў тым выпадку, калі перадвыбарчая гульня будзе весьціся паводле правілаў. Аднак апазыцыя называе цяперашнюю кампанію ілюзіяй, а дазволеныя тэлеэфіры — шырмай, створанай выключна дзеля таго, каб атрымаць эўрапейскія грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG