Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кандыдатаў узьніклі праблемы з публікацыяй праграм


Шэраг апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты сутыкнуліся з праблемамі пры публікацыі сваіх перадвыбарных праграмаў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.

У адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам кандыдат у прэзыдэнты мае права апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў рэспубліканскіх газэтах "Звязда", "Советская Белоруссия", "Народная газэта", "Рэспубліка", сталічнай газэце "Мінскі кур'ер", абласных газэтах "Зара" (Берасьце), "Гомельская праўда", "Магілёўская праўда", "Мінская праўда", "Гродзенская праўда" і "Віцебскі рабочы".

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік выбарчага штабу Віталя Рымашэўскага Павал Севярынец, 29 лістапада да іх у штаб патэлефанавалі прадстаўнікі рэспубліканскіх выданьняў.

"Газэты не згаджаюцца друкаваць выбарчую праграму Рымашэўскага з-за таго, што ён заклікае беларусаў адстойваць свой выбар на плошчы 19 сьнежня, у дзень выбараў. Нам прапанавалі даць іншы тэкст праграмы, без закліку людзей на плошчу. Аднак мы ня можам гэтага зрабіць чыста юрыдычна — тэрмін падачы праграмаў у СМІ скончыўся 28 лістапада", — заявіў Севярынец.

Ён мяркуе, што праграму Рымашэўскага могуць альбо паддаць цэнзуры, альбо зьняць з друку.

"І ў тым, і ў другім выпадку гэта будзе скандал", — адзначыў палітык.

Да праграмы Рыгора Кастусёва таксама выказваліся прэтэнзіі.

"Спачатку ў праграме ўжываліся словы "лукашызм" і "лукашэнкаўскі рэжым". У рэдакцыях газэт палічылі, што гэтыя словы абражаюць годнасьць службовай асобы, таму мы замянілі іх на "аднаасобны" і "аўтарытарны" рэжым", — распавёў кіраўнік штабу Кастусёва Аляксей Янукевіч.

З праблемамі пры друку сваёй перадвыбарнай праграмы сутыкнуўся і Дзьмітрый Вус.

"Дзяржаўным СМІ не спадабалася тая частка праграмы, у якой я параўноўваў сёньняшнюю выбарчую сыстэму Беларусі з выбарчай сыстэмай Нямеччыны 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя", — паведаміў ён.

Вус адмовіўся ўносіць праўкі ў сваю праграму. "Паспрабую вырашыць праблему ў Цэнтравыбаркаме, калі не атрымаецца — буду судзіцца", — заявіў ён.

Камэнтуючы сытуацыю, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што рэдакцыі газэт ня маюць права ўносіць папраўкі ў тэкст перадвыбарных праграм кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG