Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не разумее, чаго хоча Эўразьвяз?


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
"Мы больш чым расчараваныя. Мы часам увогуле не разумеем, чаго хоча Эўрапейскі Зьвяз", — гэтак адказаў Аляксандар Лукашэнка на пытаньне францускай газэты "Фігаро" наконт стаўленьня Эўразьвязу да Беларусі. "Палітыка Эўразьвязу, каб нас трымаць у напружаньні і ставіць перад намі ўмовы, а то і штурхаць нас да дзеяньняў, да якіх мы не гатовыя... гэтая палітыка ў нас ніколі ня знойдзе разуменьня", — заявіў Лукашэнка. Чаму кіраўнік Беларусі гэтак незадаволены эўрапейскай палітыкай? Чаго на самой справе хоча ад афіцыйнага Менску афіцыйны Брусэль?

На гэтыя пытаньні адказвае экспэрт у міжнародных справах Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Нягледзячы на тое, што апошнім часам пачасьціліся візыты ў Менск эўрапейскіх палітыкаў, нягледзячы на запэўніваньні аналітыкаў, што адносіны Менску і Брусэлю зьмяніліся ў лепшы бок, Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму выказвае незадавальненьне стаўленьнем Эўропы. Чым, на вашу думку, кіраўнік Беларусі застаецца незадаволены?

Лагвінец:
На маю думку, ён спадзяецца, што Эўразьвяз пачне дачыненьні з чыстага аркуша. Аднак у гісторыі адносінаў паміж Менскам і Эўразьвязам, у гісторыі паводзінаў Лукашэнкі ёсьць рэчы, якія немагчыма проста так сьцерці альбо выкрасьліць. Гэта гісторыя таго, як беларускія ўлады рэагавалі на прапановы Зьвязу, як Менск не жадаў ісьці насустрач парадам Эўразьвязу — усё гэта сёньня працягвае абумоўліваць адносіны і іхнія пэрспэктывы.

Эўразьвяз — гэта ня толькі эканамічны блёк, але і блёк дзяржаваў, якія грунтуюцца на пэўных каштоўнасьцях. І калі Лукашэнка кажа пра аб'ектыўныя інтарэсы Беларусі, то варта задацца пытаньнем: ці заўсёды супадаюць аб'ектыўныя інтарэсы беларускай дзяржавы і нацыі з суб'ектыўнымі інтарэсамі той уладнай групоўкі, якую прадстаўляе Аляксандар Лукашэнка.

Цыганкоў:
"Мы часам увогуле не разумеем, чаго хоча Эўрапейскі Зьвяз", — заявіў Лукашэнка. Прэзыдэнт Беларусі не разумее альбо не жадае разумець Эўропу. А як бы вы адказалі: чаго хоча ад афіцыйнага Менску афіцыйны Брусэль?

Лагвінец:
Эўразьвяз у шэрагу дакумэнтаў даўно сфармуляваў свае чаканьні. Самы вядомы дакумэнт — тое, што Эўразьвяз можа даць Беларусі і чаго ён чакае ад беларускага кіраўніцтва. Дакумэнт гэты датаваны яшчэ 2006 годам. Эўракамісія тады апублікавала стратэгію разьвіцьця стасункаў, пералічыўшы, што Эўропа можа даць Беларусі ў абмен на выкананьне 12 рэкамэндацыяў.

Таму чаканьні Эўразьвязу палягаюць на тым, каб беларускія ўлады выконвалі пэўныя правілы, якія прапісаныя, дарэчы, ва ўласнай Канстытуцыі — народ выбірае сваіх кіраўнікоў паводле празрыстых, дэмакратычных выбараў, існуе плюралізм думак і гэтак далей. Такім чынам, ёсьць набор пэўных прынцыпаў, якімі мусіць кіравацца любая ўлада ў эўрапейскай краіне, улада, якая паважае свой уласны народ і ня лічыць, што ён не гатовы да дэмакратыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG