Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіча не пусьцілі на дзяржаўнае тэлебачаньне


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
У кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта падчас рэклямаванай уладамі звышлібэральнай выбарчай кампаніі ўзьнікае нямала праблемаў. Яны ня могуць своечасова надрукаваць свае агітацыйныя матэрыялы. Узьніклі перашкоды і з выступамі на тэлебачаньні.

Сёньня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сказала, што кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў ня можа, як гэта ён плянаваў раней, перадаць права выступу на дзяржаўным тэлебачаньні сваёй даверанай асобе. Старшыня ЦВК патлумачыла — эфір выдзяляецца індывідуальна кандыдату ў прэзыдэнты. А давераная асоба можа ўдзельнічаць толькі ў тэледэбатах. Такім чынам, спроба Рыгора Кастусёва перадаць свой выступ Аляксандру Мілінкевічу немагчымая.

А кандыдаты ў прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч ужо пацярпелі ад сваіх афіцыйных выступаў у дзяржаўным тэлеэфіры. Яны заклікалі выбарцаў прыйсьці сёньня на сустрэчу на Кастрычніцкую плошчу. Генэральная пракуратура краіны адрэагавала на гэтыя заклікі афіцыйнымі папярэджаньнямі абодвум кандыдатам. Віталь Рымашэўскі папярэджаньне ўжо атрымаў, Мікола Статкевіч браць дакумэнт адмовіўся. Апошні сказаў «Свабодзе»:

Прыходзіцца нават выступаць у ролі суцяшальніка для кіраўніка друкарні. Супакойваць, што яго ніхто не пасадзіць.
«Цяпер я займаюся той праблемай, якая, мабыць, існуе ва ўсіх кандыдатаў. Гэта — друкаваная прадукцыя, якую вельмі доўга не ўдаецца запусьціць. Прыходзіцца нават выступаць у ролі суцяшальніка для кіраўніка друкарні. Супакойваць, што яго ніхто не пасадзіць. А ўвечары ў мяне сустрэча з выбарцамі. Першая ў якасьці ўжо зарэгістраванага кандыдата. І адбудзецца яна на Кастрычніцкай плошчы».

За некалькі гадзінаў да акцыі міністар ўнутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў, які сёньня выступаў перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, паабяцаў журналістам карэктныя паводзіны сваіх падначаленых:

«У межах дзейнага заканадаўства будзем працаваць, не выходзячы за яго межы. Безумоўна, мы будзем паводзіць сябе з павагай, карэктна. І ніякім чынам ня будзем паддавацца на тыя ўсялякія правакацыі з боку тых, хто будзе знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы».

Сваю ўпэўненасьць у тым, што правакацыі сёньня будуць, генэрал Куляшоў тлумачыць так:

«Практыка апошніх гадоў паказвае, што ёсьць канкрэтныя асобы, якія любым спосабам спрабуюць справакаваць органы аховы парадку на меры жорсткага рэагаваньня. Мы на гэтыя правакацыі не паддаваліся і ня будзем паддавацца, як бы цяжка нам ні было. Але калі іх паводзіны выйдуць за рамкі ўсяго дазволенага, то міліцыя будзе дзейнічаць у рамках тых паўнамоцтваў, якія яна мае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG