Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак: "Трэба пакланіцца людзям, якія выходзяць на плошчу 16-га"


16 лістапада — Дзень салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых і палітычнымі вязьнямі Беларусі. З гэтай нагоды прадстаўнікі палітычных партый і моладзевых арганізацый выйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менску з партрэтамі ахвяраў рэжыму. Чым адметная сёньняшняя акцыя і які плён прынесьлі ранейшыя.

Дзень салідарнасьці 16 лістапада праходзіць за месяц да чарговых выбараў прэзыдэнта Беларусі. Магчымы ўдзел у акцыі некаторых кандыдатаў на прэзыдэнта і большая ўвага да тэмы зьніклых і палітзьняволеных — адна з асаблівасьцяў сёньняшняга дня, паведаміў старшыня "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч:

Зьміцер Дашкевіч
"Сёньня мы будзем патрабаваць сапраўднага расьсьледаваньня спраў зьніклых апазыцыянэраў. Чаго дамагліся гэтай акцыяй? Калі казаць фактычна, пра расьсьледаваньне справы, то цяжка казаць пра вынікі. Але ня трэба забываць, што гэтыя акцыі ёсьць вялікай маральнай падтрымкай для людзей, якія адбываюць турэмнае пакараньне беспадстаўна, для сем'яў зьніклых. І, канечне ж, гэта наданьне грамадзкага акцэнту гэтым справам, якія, мы перакананыя, вельмі хутка сапраўды будуць расьсьледаваныя".

Кандыдат на прэзыдэнта ад аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч паведаміў, што ня здолее прысутнічаць на Кастрычніцкай плошчы гэтым разам, але называе Дзень салідарнасьці вартай, важнай і плённай акцыяй. Гаворыць Мікола Статкевіч:

Мікола Статкевіч
"Мая прынцыповая пазыцыя — што любыя акцыі, скіраваныя на падтрымку дэмакратыі, альтэрнатыўныя гэтай уладзе, — яны маюць сэнс. Яны дэманструюць, што тут ня ўсё памерла, што ня ўсе запалоханыя, і я гэтыя акцыі заўсёды падтрымліваю. На жаль, сёньня на гэты час у мяне заплянаваныя сустрэчы, зьвязаныя з маім удзелам у выбарчай кампаніі. Але я думаю, што я буду на гэтай плошчы ў іншы дзень і ў іншы час і зраблю ўсё магчымае, каб у Беларусі запанавала дэмакратыя".

Дзень салідарнасьці 16 чысла кожнага месяца грамадзка-палітычныя актывісты праводзяць, пачынаючы з 2006 году. У розныя гады акцыя праходзіла ў выглядзе "Ланцуга неабыякавых людзей" з партрэтамі зьніклых, удзельнікі запальвалі сьвечкі і раздавалі мінакам інфармацыйныя матэрыялы. Удзельнікаў Дня салідарнасьці ня раз жорстка зьбівалі супрацоўнікі АМАПу, моладзь затрымлівалі і судзілі. Але Дзень салідарнасьці працягвае адбывацца, і яго існаваньне прыносіць істотныя вынікі і мае вялікае значэньне, кажа давераная асоба сям'і зьніклага Юрыя Захаранкі, юрыст Алег Воўчак:

Алег Воўчак
"Калі б ня гэтыя акцыі, то ніякай інфармацыйнай прасторы адносна тэмы зьніклых увогуле б не існавала. Штогод гэтыя акцыі праводзіліся, і ў выніку Расея была вымушаная сярод асноўных прэтэнзіяў Лукашэнку выставіць тэму зьніклых. Трэба нізка пакланіцца людзям, якія выходзяць на плошчу, ведаючы, што іх могуць зьбіць, арыштаваць, распачаць крымінальную справу. У выніку малыя акцыі зрабілі вялікую справу: галоўная задача ў Лукашэнкі — легітымізаваць сябе перад усясьветнай супольнасьцю, што ён ня мае да праблемы дачыненьня. Але гэта ў яго не атрымліваецца".

Дні салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых і палітзьняволенымі ў Беларусі праходзяць таксама ў шэрагу краін Эўропы і ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG