Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родным пра стан здароўя пацярпелых на "Пінскдрэве" амаль нічога ня кажуць


Лекары Берасьцейскай абласной бальніцы не дапускаюць родных да пацыентаў, якія пацярпелі ад аварыі на "Пінскдрэве". Да гэтага часу ў абласным шпіталі знаходзяцца тры чалавекі: Алег Сьмірноў, Эдуард Гарошка і Павал Ярмак. Іхні стан лекары ацэньваюць як стабільна цяжкі.

Натальля — жонка Алега Сьмірнова, пацярпелага падчас аварыі на "Пінскдрэве" — адзначае, што лекары не даюць поўнай інфармацыі:

"Ніхто нічога нам не расказвае. Мне паведамляюць, што стан складаны. Ён у прытомнасьці, усё разумее. Але ўрачы адмоўчваюцца. Колькі разоў мы ўжо езьдзілі ў Берасьце. Чуем пастаянна, што складаная сытуацыя, што мы не багі. Я запытвала і пра ступень цяжкасьці, і пра апёкі. Меркавала пракансультавацца зь іншымі лекарамі, пашукаць спэцыялістаў, напрыклад, у Расеі, пашукаць шпіталі, але ніхто нічога ня кажа. Не ведаю рэальна пра сытуацыю. Апошні раз я езьдзіла ў панядзелак у шпіталь. Майго мужа ўжо пэрыядычна адключаюць ад апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Я запытвалася ва ўрачоў, як моцна апечаны лёгкія. Кажуць, што моцна, але наколькі складана — ніякага адказу няма".

З боку прадпрыемства, паводле слоў Натальлі Сьмірновай, сям'і было выдзелена 20 мільёнаў рублёў.

Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну "Пінскдрэў" забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. На месцы аварыі працуе камісія, якая павінна да 15 лістапада высьветліць прычыны выбухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG