Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас няма выбараў, а ёсьць апэрацыя спэцслужбаў"


Слухачы абмяркоўваюць выбарчую кампанію, падвышэньне пэнсій, выказваньні кіраўніка дзяржавы.

Наша слухачка Ніна зь Менску задае пытаньне:

"Паважаная "Свабода"! Ці будзе выдадзены аўдыёзапіс Галіны Руднік "Птушкі пералётныя"? Так хочацца зноў пачуць яе голас і ўспаміны. Слухала б бясконца! Дзякуй вам, Галіна! А калі выдадзены, то як яго атрымаць?"

Адказвае Алена Ціхановіч:

"Я хачу адказаць нашай слухачцы, што якраз у гэты момант рыхтуецца да выхаду кніга мэмуараў Галіны Руднік. Над ёй працуюць мастакі, стыль-рэдактары, і плянуем, што празь месяц-два гэтая кніжка зьявіцца на сьвет. Пра месца прэзэнтацыі мы абавязкова паведамім нашым слухачам".

Наш слухач Віктар Іванавіч зь Менску патэлефанаваў на "Свабоду", каб падзяліцца сваімі меркаваньнямі наконт выбараў прэзыдэнта.

"Мне патэлефанаваў знаёмы з Горак Магілёўскай вобласьці і пытаецца, за каго галасаваць. Абрыд гэты, цярпець немагчыма. Ну, я яму і параіў. А зараз чую, што, па папярэдніх дадзеных, за гэтага абрыдлага будуць галасаваць каля 80 працэнтаў. Гэта такая брахня, што цярпець нельга!"

Чаму ў Беларусі такая колькасьць лядовых палацаў? Наш слухач выказаў сваё меркаваньне:

"Лядовыя палацы, талдыча Лукашэнка, гэта фабрыкі здароўя. Але калі няма жыльля, у тысяч людзей няма добрага харчаваньня, калі праз тэлевізію і іншыя СМІ ідзе кліч пра дапамогу на дарагія апэрацыі дзецям, то лядовыя палацы — гэта абцяжарваньне беднасьці, хваробаў. Лядовыя палацы патрэбныя для Лукашэнкі, бо яго не запрашаюць у іншыя краіны, а адкрыцьцё лядовага палаца — гэта і яго візыт, і разьмінка".

Спадар Уладзімер з Полацку выказаўся наконт таго, што Уладзімера Някляева не дапусьцілі да ўдзелу ва Ўсебеларускім сходзе.

"Ну, калі ўжо Ўладзімера Някляева не пусьцілі на так званы Беларускі народны сход, то няцяжка ўявіць, што за публіку сабраў там спадар Лукашэнка. Ведаеце, такіх у народзе называюць шасьцёркамі, іх ніхто ніколі не паважае".

Нашы слухачы абмяркоўвалі выказваньні кіраўніка Беларусі наконт падвышэньня пэнсій і заробкаў на 10%. Цяпер пэнсіянэры атрымалі пэнсіі, і гэта выклікала новую хвалю тэлефанаваньняў на гэтую тэму.

Павал Дземідзенка з Парычаў абураецца:

"Сёньня я атрымаў пэнсію, і 10 адсоткаў надбаўкі не атрымаў, якія абяцаў наш дабрадзей Лукашэнка. А атрымаў толькі 16 тысяч. Дзе ж мае 10 адсоткаў як інваліда, пацярпелага ад ЧАЭС? Чаму такі рабунак?"

Сяргей Шынкевіч зь Менску раней тэлефанаваў на "Свабоду", калі рабіў захады, каб патрапіць у выбарчую камісію ў Першамайскім раёне сталіцы. Цяпер ён патэлефанаваў, каб распавесьці пра вынікі сваёй працы:

"Я сабраў 14 подпісаў з суседзяў, каб мяне ўключылі ва ўчастковую выбарчую камісію. Заяву з подпісамі аддаў у аддзел адміністрацыйна-кадравай працы Першамайскага райвыканкаму 22 кастрычніка. На дадатак да гэтага я быў вылучаны партыяй БНФ, сябрам якой я зьяўляюся. У камісію, тым ня менш, мяне не ўключылі. Гэта пацьвярджае тое, што я казаў раней. У нас няма выбараў, а ёсьць апэрацыі спэцслужбаў і вэртыкальцаў па крадзяжы галасоў выбарцаў. Лахатрон".

Вы слухалі "Званкі на Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG