Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Сьцяг над Вільняй


Добрая фатаграфія — штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Гэты здымак я ўжо ня раз друкаваў і на вокладцы часопісу, і ў кніжках і пераканаўся, што беларусу ён асабліва прыемны. Мяркую, што фатаграфія да душы шмат каму, бо здымак прыгожы. Гэтаe аматарскае фота было зьмешчана ў Сеціве некалькі год таму без пазначэньня аўтара (дакладней, аўтар пазначаны псэўданімам “Васілёк”). (Для беларусаў гэта ўвогуле характэрна – не адзначаць сваю працу і здабыткі, маўляў, зрабіў і добра. Але для нацыянальнай культуры гэта дрэнна. Творчасьць не павінна быць безыменнай).

Фатаграфія добра зроблена па кампазыцыі і правільна па сьвятлу. Кантравое сьвятло хораша падсьвечвае сьцяг, які, як жывы, трапеча на ветры. Увогуле ў гэтай фатаграфіі сьцяг ёсьць галоўным каляровым і кампазыцыйным акцэнтам. Вельмі добра схоплена дынаміка палатніны, зыгзагі лініяў. Адчуваньне сьветлае, сьвежае, прыгожае і радаснае.

Прыгожы таксама сылюэт дзяўчыны, якая трымае сьцяг на распасьцёртых руках, прыемнае чыстае далікатнае неба, якое нагадвае пра ранішні час. На другім пляне, унізе, панарама старажытнай Вільні, якая відаць у бок Вострай Брамы. Дарэчы, з гэтага ж месца і з гэтай кропкі здымаў Вільню Ян Булгак.

Але на гэтым здымку панарама Вільні, на жаль, не чытаецца (тут неадпаведнае асьвятленьне і час). Увогуле здымак выглядае крыху плоскім, нягледзячы на буйны пярэдні плян і сустрэчнае сьвятло. Гэта вынік дрэннай сьветлавой мадуляцыі фону і здыманьня на лічбавую (прычым аматарскую) камэру. Ёсьць яшчэ шэраг тыпова аматарскіх тэхнічных падыходаў і недахопаў. Але вобразнае эстэтычна-эмацыйнае ўражаньне ад гэтай добрай фатаграфіі пераважае ўсё.

Хораша ўспрымаецца таксама сымболіка здымку, калі падняты наш Сьцяг сьведчыць пра нашу незалежнасьць над даўняй і вечнай беларускай сталіцай Вільняй, куды, як сказана, вядуць усе нашыя шляхі, жыцьцёвыя і гістарычныя дарогі.

Чужына, нібы сон.
Як Бога,
Вільню ў душы нашу.
2002 г.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG