Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абяцае палякам “Катынскі сьпіс” і рэгістрацыю СПБ


Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію прадстаўнікам шэрагу польскіх СМІ, у якім, сярод іншага, выказаўся наконт гістарычных і палітычных аспэктаў узаемадачыненьняў Беларусі і Польшчы.

Перадусім польскія журналісты закранулі вострыя пытаньні савецкай гісторыі, а менавіта — доступу да архіваў КДБ, дзе, магчыма, знаходзіцца так званая беларуская частка Катынскага сьпісу зь імёнамі закатаваных польскіх афіцэраў. Расея і Ўкраіна ўжо перадалі Польшчы свае сьпісы. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў паразмаўляць на гэтую тэму з кіраўніком беларускага КДБ. Камэнтар дасьледчыка гісторыі масавых рэпрэсій Ігара Кузьняцова:

Ігар Кузьняцоў
«Такія сьпісы былі ў НКУС Беларусі, Украіны, бо расстрэлы адбываліся ў турмах заходняй Украіны і Беларусі, а таксама такі сьпіс быў у Маскве. Цяперашняя Расея перадала Польшчы такі сьпіс, Украіна перадала, а беларускі сьпіс да сёньня адсутнічае. І калі пытаньне пастаўлена, а на яго заяўлена, што адказ будзе, то застаецца сказаць, што гэты сьпіс знойдзены ў нашым архіве, ці што ён перададзены Маскве, ці што ён на загад Масквы быў зьнішчаны».

Яшчэ адным пытаньнем сталася дзейнасьць незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі змогуць легальна дзейнічаць і два саюзы, калі зарэгіструюцца ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. У канфлікце, зьвязаным зь нерэгістрацыяй гэтай арганізацыі, Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў былую кіраўніцу Анжаліку Борыс, назваўшы яе дзейнасьць палітычнай. Вось як гэта пракамэнтавала цяперашняя старшыня Анжаліка Арэхава:

Анжаліка Арэхва
«Нашая арганізацыя і Анжаліка Борыс ніколі не займаліся палітыкай. Мы толькі былі змушаныя працаваць ва ўмовах нелегальнасьці. Хіба гэта можна назваць палітыкай? Бо мы займаемся культурай і асьветай. Што тычыцца рэгістрацыі, то гэтае пытаньне будзе вырашацца на галоўнай Радзе, ці мы будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю. Для нас важна захаваць незалежнасьць арганізацыі».

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў польскім журналістам, што ня бачыць патрэбы ў тэледэбатах з кандыдатамі ў прэзыдэнты краіны, але не выключае падобнай магчымасьці. Адказваючы на пытаньні, ён таксама паведаміў, што ня бачыць праблемы ў канцэнтрацыі ўлады ў асобе прэзыдэнта і мае сваёй задачай стварэньне моцных палітычных партый, якія і былі б здольныя ўзяць уладу ў свае рукі. Кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук назваў гэтыя заявы перадвыбарчым піярам:

Яраслаў Раманчук
«Калі кіраўнік краіны кажа пра неабходнасьць разьвіцьця палітычных партый і адмаўляе гэтым партыям у назіраньні за выбарамі і падліку галасоў, то вось так ён і хоча разьвіваць гэтыя партыі. Яны ж ня могуць стварацца паводле нейкай матрыцы, нібыта КПСС, і ўзгадняцца ў адміністрацыі прэзыдэнта. Гэткім чынам, яны могуць толькі заставацца ў аранжарэі адміністрацыі прэзыдэнта. Магчыма, у якасьці такой партыі Лукашэнка бачыць „Белую Русь“. Гэта яшчэ адна, зробленая ў ягоным стылі піяр-акцыя, на якую ўсе купіліся».

Яраслаў Раманчук заявіў, што таксама ў перадвыбарчых мэтах Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў візыты ў Беларусь высокапастаўленых чыноўнікаў Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG