Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята паэзіі ў Гарошкаве


Сёньня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну ладзілася сьвята паэзіі «Дух — гэта, людзі, Я». Яно прымеркавана да 51-й гадавіны з дня народзінаў слыннага земляка, паэта Анатоля Сыса.

Сьвята пачалося а 12-й гадзіне ускладаньнем кветак да помніка Анатолю Сысу на гарошкаўскіх могілках. Тут пахавалі яго ў траўні 2005 году пасьля заўчаснай сьмерці.

Шлях да Сыса.

Адведаць творцу прыйшлі родныя, сябры, прыхільнікі творчасьці паэта зь Менску, Гомелю, Веткі, Рэчыцы, Сьветлагорску.

Кветкі паэту (зьлева сястра Тамара).

Ля магілы паэта сёлета пасадзілі арабіну.

Арабіна ў нагах.

Родная сястра Анатоля Сыса спадарыня Тамара: «У Анатоля ёсьць верш „У нагах пасадзіце рабіну“. Вось гэтую арабіну мы й пасадзілі, як ён нам наказваў, на пятым годзе. Дзякуй усім! І ўсіх запрашаю на падворак да Анатоля Сыса. Прыходзьце ўсе да нас».

Прыехалі, успомнілі.

З могілак грамада накіравалася ў цэнтар Гарошкава, дзе ля чыста пабеленай роднай хаты ўжо з мэмарыяльнай дошкай паэту і працягвалася сьвята.

Адкрывае сьвята на панадворку Сяргей Сыс.

Верш Анатоля Сыса «Дух — гэта, людзі, Я», які й даў назоў сёлетняй імпрэзе, чытае стрыечны брат паэта й цёзка па прозьвішчы Сяргей Сыс:

«Я сынам сваёй Айчыны
Завуся да той часіны,
Як памяць бунтуе мая.
Дух — гэта, людзі, Я.
У шчасьці альбо ў самоце
Мне шэпчуць крыльцы ў палёце
Гарошкаўскага матыля.
Дух — гэта, людзі, Я».

Сьвята паэзіі на панадворку Анатоля Сыса ўжо ладзіцца шосты раз запар. І літаральна да кожнага зь іх знаходзяцца новыя згадкі пра творцу, дасьледаваньні, успаміны. Знаходзяцца новыя вершы, пародыі. Адшукалася нават апавяданьне, якое напісаў Анатоль ў маладыя гады.

Дасьледчыца з польскага Беластокскага ўнівэрсытэту Аліна Ваўранюк прысьвяціла творчасьці беларускага паэта магістарскую дысэртацыю: «Анатоль Сыс — паэт трагічнага лёсу».

Польскія кінадакумэнталісты зьнялі й фільм пра паэта, названы «Сыс пра Сыса». Фільм гэты сёньня быў прэзэнтаваны ў Гарошкаве.

Вершы на панадворку Сыса чыталі Ларыса Раманава, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін.

Вершы чытае Вадзім Болбас.
Слова Ларысы Раманавай.

Да сьвята выйшла й кніга Леаніда Галубовіча «Сыс і кулуары». Сам аўтар ня змог прыехаць сёньня ў Гарошкаў. Але перадаў кнігу з сымбалічным надпісам: «У музэй Анатоля Сыса ў Гарошкаве».

Сяргей Сыс: «За гады, што Анатоля няма, сабралася шмат рэчаў, шмат публікацый, зьвязаных зь ягоным жыцьцём. І яны могуць стаць асновай стварэньня мэмарыяльнага музэю ў памяць Анатоля.

Слухачы на падворку. На першым пляне — сястра паэта Тамара.

Музэй быў бы й культурным апірышчам Рэчыцкага раёну, ён прыносіў бы гонар і славу. Зь іншага боку, гэта было б важна й для выхаваньня маладога пакаленьня. Бо Анатоль аддана любіў і вялікую радзіму — Беларусь, і свой Гарошкаў. Гэта важна з многіх бакоў. І таму ўладам трэба было прыгледзецца, пайсьці насустрач і ўзяць спачатку гэты дом хаця б на балянс.

Сёстры гатовыя працаваць у музэі бескарысьліва. Але спачатку трэба зьберагчы гэты дом, гэтую спадчыну, якая засталася й кожны год узбагачаецца».

Выступае Алесь Бяляцкі.

Грамадзкі дзеяч, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Бяляцкі лічыць, што Анатоль Сыс быў фэнамэнальнай постацьцю нашага супярэчлівага часу — і як паэт, і як грамадзкі дзеяч. Гэтае спалучэньне й дало плён у ягонай творчасьці:

«Людзі любяць ягоныя вершы, людзі цэняць, я б сказаў так, тыя асноўныя рэчы, якія ён закладаў у сваю творчасьць. Як мне падаецца, гэта павага да роднай мовы, да беларускай культуры. І гэта выяўленьне такой свабоды асабістага „Я“ — таго, чаго зараз вельмі не хапае ў беларускім грамадзтве».

Анатолю быў бы 51 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG