Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сыс пра Сыса” ў Гарошкаве


У суботу 30 кастрычніка адбудзецца ўжо шостае сьвята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса, якому 26 кастрычніка споўніўся б 51 год. Мерапрыемства традыцыйна ладзіцца на радзіме паэта, у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці.

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году і памёр 4 траўня 2005 году. Штогод у Гарошкаве ладзіцца паэтычнае сьвята, прымеркаванае да дня народзінаў паэта ды названае адным з ягоных радкоў, «Дух — гэта, людзі, я!»

Сяржук Сыс, арганізатар паэтычнага сьвята ў Гарошкаве, сваяк Анатоля Сыса: «Гэты год быў надзіва ўраджайны для творчай спадчыны Анатоля Сыса. Справа ў тым, што адшукваюцца новыя паэтычныя творы і нават адно апавяданьне, надрукаванае ў сьвежым нумар „Дзеяслова“, які будзе прэзэнтаваны ў Гарошкаве. Таксама сабраная парадыйная спадчына, наколькі было магчыма. Гэта часопіс „Верасень“. Польскія сябры паэта — Міра Лукша з Ганнай Кандрацюк — выдалі кнігу пра Анатоля Сыса. Нядаўна выйшла кніга Леаніда Галубовіча „Сыс і кулюары“, значная частка якой прысьвечана творчасьці Анатоля».

Сяржук Сыс
Паводле словаў Сяржука Сыса, асноўнай падзеяй сёлетняга паэтычнага сьвята ў Гарошкаве стане прэзэнтацыя фільму «Сыс пра Сыса», зьнятага на замову тэлеканала Белсат. Аўтар сцэнару — Паліна Сьцепаненка, рэжысэр Мікола Ваўранюк. У фільме адлюстраваная маладосьць Анатоля Сыса да таго, як паэт трапіў у Менск.

Сяржук Сыс: «Я думаю, што гэты фільм будзе вельмі дарэчы да гэтага сьвята. Там паказаны Гарошкаў, землякі Анатоля, той дух, тая рэчка Дняпро, дзе ён правёў сваё дзяцінства, якую апяваў у сваіх вершах. Мы ўзялі копіі фільму, каб раздаць землякам ды блізкім — каб кожны мог паглядзець пра сваю радзіму ды ганарыцца сваім земляком».

Паэтычнае сьвята ў Гарошкаве ў гонар Анатоля Сыса пачынаецца з ускладаньня кветак на магіле паэта а 12-й гадзіне ў суботу 30 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG