Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Бедарусі – Анатоль Сыс


Мэмарыяльная дошка на роднай хаце Анатоля Сыса. Аўтар – Павал Лук
Мэмарыяльная дошка на роднай хаце Анатоля Сыса. Аўтар – Павал Лук

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 31 кастрычніка

Гутарка “за круглым сталом”, прысьвечаная памяці паэта Анатоля Сыса, якому 26 кастрычніка споўнілася б 50 гадоў. Удзельнікі: Анатоль Вярцінскі, Славамір Адамовіч, Эдуард Акулін. Вядучы – Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарства, юбілей без юбіляра ператвараецца ва ўгодкі, але напачатку нашай размовы я хачу прыгадаць менавіта юбілей Анатоля Сыса, ягонае 30-годзьдзе. Літаратурная вечарына з гэтай нагоды праходзіла ў кастрычніку 1989 году ў менскім Доме літаратара. Была паўнюткая заля, людзі стаялі ў праходах, па-мойму, нават уваход быў па квітках – нечуваная па тым часе зьява. Ці ўжо тады асоба паэта была настолькі прыцягальнай, што на вечарыну не змаглі трапіць усе жадаючыя? Ці грамадзтва тады больш цікавілася літаратурай? Спадар Анатоль, вы ж, здаецца, бралі ўдзел у той вечарыне?”

Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі:
“Так, і помніцца, з тае юбілейнае нагоды і верш напісаўся. Што датычыцца самой вечарыны, то мелі месца два чыньнікі. Першы – агульная грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне, агульная цікавасьць да ўсяго нацыянальнага назіралася, адчуваўся адраджэнскі перабудовачны дух. А з другога боку, натуральна, мела месца і папулярнасьць трыццацігадовага паэта Анатоля Сыса”.

Скобла: “У 42-м нумары “Дзеяслова” зьмешчаная перапіска Сыса зь сябрамі па Гомельскім унівэрсытэце. У 1983-м з войска, дзе служыў, Анатоль пісаў Эдуарду Акуліну: “Я зразумеў – каб друкавацца, трэба, каб верылі, што ты не матылёк-аднадзёнка. Трэба прымялькацца ў газэтах, часопісах, нават размовах. Тут цэлая палітыка”. Эдуард, ці можна сказаць, што ўжо тады 24-гадовы Анатоль Сыс быў для сваіх раўналеткаў літаратурным аўтарытэтам?”

Эдуард Акулін
Эдуард Акулін:
“Вядома ж, ён быў для нас аўтарытэтам. Калі б ня быў, то мы, студэнты 2-3 курсаў, не называлі б яго на поўным сур’ёзе “бацькам”, а ён нас – сваімі “сынамі”, таму што гонар называцца “бацькам” трэба заслужыць, а такія заслугі ў Анатоля былі, у тым ліку і творчыя. Апублікаваная ў “Дзеясловае” перапіска адметная тым, што ў ёй перададзены дух нашай маладосьці. Я, прызнаюся, быў гультаяватым у творчым пляне чалавекам, і Толя Сыс мяне заўсёды за гэта папракаў: “Эдзік, менш ты хадзі па дзяўчатах, думай больш пра паэзію”. Я ж рабіў усё наадварот... А вось мой сябра Алесь Бяляцкі вельмі часта прыслухоўваўся да Толевых парадаў і занатоўваў іх. Яго студэнцкі дзёньнік таксама надрукаваны ў “Дзеяслове”, там падрабязна апісаныя тагачасныя падзеі, прытым апісаныя так, як іх бачыў васемнаццацігадовы юнак”.

Скобла: “Ужо ў тым дзёньніку Бяляцкі называе Сыса вялікім паэтам”.

Акулін: “Я таксама гэтаму зьдзівіўся, бо ў той час, вочы ў вочы, Алесь Бяляцкі нічога падобнага Толі не гаварыў. Напэўна, вялікае бачыцца на адлегласьці… Мне вельмі прыемна, што ў сваіх лістах Толя згадваў моманты жыцьця, на якія я аглядваюся з лагоднай усьмешкай. Напрыклад, у адным лісьце ён пытае ў Алеся Бяляцкага: як там “Баскі”? А “Баскі” – гэта быў гомельскі музычны гурт, заснаваны ў 1981 годзе. Я ім кіраваў, а ў яго склад уваходзілі мае сябры: Бяляцкі, Скачынскі, Кавалёў. Мне ўспомніўся адзін кур’ёзны эпізод. Толя прыйшоў на адну з нашых рэпэтыцый і папрасіўся, каб мы ўзялі яго да сябе. Я заўважыў яму – ты ж ня ўмееш граць ні на адным музычным інструмэнце. А ён кажа: “Бас-гітара ў вас ёсьць?” – “Ёсьць,” – кажу. – “Сола-гітара ёсьць?” – “Ёсьць.” – “І барабаншчык у вас ёсьць, а калі ёсьць барабаншчык, то патрэбны і завывальшчык. Я ні на чым ня ўмею граць, але ўмею па-мастацку выць. І калі Скачынскі будзе пілікаць на гітары (а той ня меў музычнай адукацыі і сапраўды пілікаў, як умеў), я буду ўпрыгожваць гэтыя паўзы сваім мастацкім выцьцём”. І – прадэманстраваў тое сваё выцьцё. І я да сёньняшняга дня шкадую, што ня ўзяў яго ў калектыў. Толя нават сваю назву прапаноўваў: “Вось вы назваецеся “Баскі”, але гэтую назву вельмі лёгка зьмяніць на “Басыскі”.

Скобла: “Анатоль Сыс быў часам ці не залішне бескампрамісным у адносінах да людзей, нават да сваіх сяброў. Што адпіхвала ад яго многіх – і шчырых, і няшчырых. Такое напаўфілязофскае пытаньне: ці магчымая дружба ў літаратуры?”

Славамір Адамовіч
Славамір Адамовіч:
“Зыходзячы з уласнага няпростага літаратурнага і жыцьцёвага досьведу, я скажу, што вельмі складана ўвогуле быць у літаратуры, тым больш сябраваць. Таму што тут – канкурэнцыя, мы канкуруем, і чым больш нас, тым больш сутыкненьняў, чым больш нас здольных, чым больш таленавітых ці геніяльных, тым большыя гэтыя сутыкненьні, тым больш нам хочацца самапраявіцца, давесьці да людзей сваю праўду, сваё бачаньне жыцьця. Што да маіх кантактаў, узаемінаў з Анатолем Сысам, то ён пры кожнай нашай сустрэчы стараўся мяне ў нечым упікнуць. І мяне гэта прымушала яшчэ больш самаарганізоўвацца, каб напісаць тыя радкі, якія ўрэшце Анатолю спадабаюцца. Мне так хацелася пачуць ад яго пахвальбу, а ня толькі пастаянныя падколкі!”

Вярцінскі: “У Сыса вельмі шмат вершаў, прысьвечаных сябрам, якіх у яго, трэба прызнаць, было нямала. Сяброўства ў літаратуры магчымае, нягледзячы на дух канкурэнцыі, на спаборнасьць, якія, безумоўна, прысутнічаюць”.

Імправізаваная заля на падворку

Скобла: “Па балючасьці паэзія Анатоля Сыса ня мае сабе роўных у сучаснай беларускай літаратуры. Вярыгі, атрута, сьляза, крыж, кроў – вось яна, болевая лексыка паэта. У адным зь ягоных аўтографаў слова Беларусь напісанае як Бедарусь. Сыс – паэт Бедарусі?”

Вярцінскі: “Я днямі перачытваў кнігу Анатоля Сыса “Лён”, што далося мне няпроста, нават цяжка. Ты, Міхась, у прадмове да кнігі пішаш пра яго неўтаймоўны тэмпэрамэнт, пра ягоную спавядальнасьць – гэта так. Але я хачу адзначыць тое бясстрашша, зь якім паэт гаворыць пра сьмерць, пра кроў. Ты пішаш, што ў Сысавых вершах сэрца зьяўляецца сэнсавай і частотнай дамінантай. Я тут гатовы паспрачацца з табой, таму што мой сёньняшні чытацкі зрок выдзеліў у якасьці гэтай самай дамінанты, галоўнага сэнса-вобраза найперш слова “кроў”. Яно прасочваецца, а ў дадзеным выпадку лепш сказаць – сочыцца калі ня ў кожным другім, то ў кожным трэцім вершы. Можна меркаваць, што паэт адзначае сваю кроўную повязь з роднай зямлёй, з радзімай, зь яе людам. Для Сыса паэзія – не старажытная гульня ў словы, а самаахвярная кроўная справа. Крывавым сьледам пазначаны ўвесь гістарычны шлях беларускай літаратуры”.

Скобла: “Дух – гэта, людзі, я!” – пад гэткай назвай у Гарошкаве – роднай вёсцы Анатоля Сыса ў Рэчыцкім раёне – штогадова ладзіцца сьвята паэзіі і бардаўскай песьні. Чым сёлетняе сьвята адрозьнівалася ад ранейшых?”

Акулін: “Па-першае, яно супала зь юбілеем Анатоля, зь ягоным 50-годзьдзем. Па-другое, да гэтага сьвята было прымеркавана адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі на роднай Толевай хаце. Дарэчы, на гэтай дошцы так і напісана: “У гэтай хаце нарадзіўся, жыў і тварыў вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс”. Сёлетняе сьвята было найбольш прадстаўнічым, у ім удзельнічалі такія зубры беларускай паэзіі, як Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк і яшчэ больш за два дзясяткі паэтаў”.

Скобла: “Чыё гэта сьвята? Для каго яно ладзіцца найперш – для землякоў, для гарошкаўцаў? І чаму яно ў холад (канец кастрычніка!) адбываецца на падворку Сысавай хаты?”

Акулін: “Гэта сьвята ладзіцца найперш ў памяць Анатоля, каб мы памяталі, хто мы ёсьць у гэты страшны юдавы час. І я веру, што аднойчы гэтае сьвята стане агульнанародным. Для мяне яно і сёньня стаіць у адным шэрагу з літаратурнымі сьвятамі, якія ладзяцца ў гонар Янкі Купалы ў Вязынцы, у гонар Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, у гонар Васіля Быкава ў Бычках... І аднойчы, у залацісты ясны дзень на сьвяце ў Гарошкаве будзе выступаць і беларускі прэзыдэнт. Той прэзыдэнт будзе так любіць нашу Беларусь, як любіў яе Анатоль Сыс. І той беларускі прэзыдэнт будзе чытаць вершы Анатоля напамяць, як, напрыклад, на Шаўчэнкаўскіх сьвятах вершы Тараса Шаўчэнкі чытае прэзыдэнт Віктар Юшчанка”.

Скобла: “У Гарошкаве, наколькі я ведаю, ёсьць Дом культуры. Чаму сьвята не адбываецца там?”

Акулін: “Адказ вельмі просты – няма прарока ў сваёй Айчыне. Перад сьвятам я амаль цэлы месяц займаўся яго арганізацыяй. Між іншага, тэлефанаваў і галоўнаму рэдактару “Гомельскай праўды” – газэты, у якой Анатоль Сыс пачынаўся як паэт. І галоўны рэдактар Сяргей Міхайлавіч Бяспалы праз сакратарку мне перадаў: “Мы самі ведаем, пра каго і пра што пісаць”. І ў Дом культуры мы неаднойчы зьвярталіся, але там акурат у гэты дзень – то вясельле, то пахаваньне, то шлюбны росьпіс, то жалобны стол… І таму мы вырашылі ня кланяцца, не станавіцца на калені ні перад кім, як ня кленчыў ні перад кім Анатоль Сыс. Таму і сьвята ладзіцца пакуль што на ягоным родным падворку. А калісьці яно перанясецца на гарадзішча Мілаградзкай культуры ў Гарошкаве, пра якое ў сваіх эсэ неаднойчы пісаў Анатоль”.

Скобла: “На вечарыне памяці Анатоля Сыса, што адбылася 26 кастрычніка ў менскім Музэі гісторыі беларускай літаратуры, Барыс Пятровіч прыгадваў, як ён выгаворваў Анатолю за ягонае безалабернае жыцьцё ў апошнія 10-15 гадоў. І сапраўды, часам Анатоль паводзіў сябе так, быццам у ім запрацавала нейкая праграма на самазьнішчэньне. Чаму так сталася?”

Адамовіч: “Гэта, на жаль, ня першы падобны выпадак у гісторыі беларускай літаратуры, і шырэй, у гісторыі ўсясьветнага мастацтва. Проста, калі аддаеш свае нэрвы, эмоцыі чамусьці аднаму, то цябе не хапае на іншае, вельмі цяжка знайсьці сілы, сілу волі, каб адпавядаць нейкім сацыяльным, грамадзкім правілам і ўстаноўкам. Як я разумею, Анатоль Сыс аддаваўся толькі паэзіі, выяўляў сябе толькі ў вершах, і яму было абыякава, як ён будзе выглядаць з гледзішча агульналюдзкай маралі, як ён будзе апрануты і г.д. Ён дбаў толькі пра паэзію. Вось адсюль, наколькі я разумею, тое сутыкненьне, той шлях, які ён абраў. Быць першым – гэта вымагае вялікай энэргіі, і проста на ўсё астатняе чалавек ужо не знаходзіў сілы волі”.

Акулін: “Не магу пагадзіцца са Славамірам. Анатолю Сысу было неабыякава, яе ён выглядаў, як ён выбіраўся на людзі. Толя быў вельмі прыгожым, і ён любіў бачыць вакол сябе прыгожых людзей. У яго быў ня толькі бездакорны паэтычны густ, але і бездакорны густ у адзеньні. Памятаю, на трэцім курсе мы зь ім пашылі супэр-модныя тады вэльвэтавыя тройкі (Толя – ярка-ультрамарынавую, я – пранізьліва-чорную). Мы любілі апранаць гэтыя касьцюмы ня толькі на танцы, але і на паэтычныя вечарыны, надзявалі пад іх кашулі-вышыванкі. І калі мы выходзілі на сцэну, то гэта на студэнтак філфаку аказвала гіпнатычна-шокавае ўздзеяньне. Нядаўна мы зь Леанідам Дранько-Майсюком выступалі ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце, і пасьля сустрэчы да мяне падышла мая выкладчыца, прафэсар Вольга Аляксееўна Ляшчынская. Яна абняла мяне, пацалавала і кажа: “Эдзічак, як сёньня памятаю вас з Толем у вашых шыкоўных вэльвэтавых касьцюмах”. Анатоль лічыў, што ў паэта павінна быць прыгожым усё: і адзеньне, і душа, і нават муза”.

«Мая белая лебедзь…» Выступае Кася Камоцкая

Скобла: “Паэты – не палітыкі, і ўсё ж адну палітычна-паэтычную акцыю хочацца згадаць. Самы пачатак нашай незалежнасьці, Дом літаратара. Госьць з Масквы, міністар замежных справаў Расеі Андрэй Козыраў расказвае пра пэрспэктывы саюзнай дзяржавы. Падымаецца Анатоль Сыс і чытае верш “Дзікі мёд” – пра расейскага мядзьведзя, якога ён гатовы праганяць з бацькавай пушчы з кулямётам у руках... Спадар Анатоль, як чалавек з палітычным стажам, як вы ацэньваеце гэты ўчынак Сыса?”

Вярцінскі: “І тады, і цяпер ацэньваю абсалютна станоўча. У маёй памяці, у маёй сьвядомасьці імя Анатоля Сыса зьвязваецца з найбольш значнымі, знакавымі падзеямі тых перабудовачных, адраджэнскіх гадоў. Першыя сустрэчы, знаёмства зь ім прыпадалі якраз на падзеі такога кшталту. Бачу і чую Анатоля Сыса на мітынгу, прысьвечаным Дзядам. Гэта быў адзін зь першых мітынгаў такога роду ў Беларусі. Памятаю, я тады трохі спазьніўся і застаў Сыса ў той момант, калі ён чытаў сьпіс рэпрэсаваных пісьменьнікаў, у тым ліку імёны расстраляных 29 кастрычніка 1937 году. Потым – вечарына ў Доме літаратара (ён тады належаў нашаму Саюзу пісьменьнікаў), якую праводзіла суполка “Тутэйшыя”. Вечарына запомнілася тым, што на ёй упершыню, з удзелам Анатоля Сыса, прагучала выкананая хорам “Пагоня” Максіма Багдановіча. Ці яшчэ такі факт. Адным зь першых пасьля публікацыі “Курапаты – дарога сьмерці” мне ў рэдакцыю “ЛіМа” пазваніў Анатоль Сыс. Ён спытаўся, як знайсьці Курапаты, ён хацеў пабачыць іх на свае вочы. Потым, як мы ведаем, ён напісаў верш “Адпусьціце мяне, Курапаты”, які я лічу адным з лепшых”.

Адамовіч: “Анатоль Сыс быў фігурай супярэчлівай. Але галоўнае, што ягоная біяграфія застанецца чыстай. Анатоль не пакінуў па сабе вершаў, якія сёньня маглі б скампрамэтаваць яго. Вось паглядзіце, я прынёс на запіс часопіс “Полымя” за 1949 год, які цалкам складаецца з панэгірыкаў сумнавядомаму Сталіну. Вось чаго не пакінуў па сабе Анатоль, дык гэта панэгірыкаў, панэгірыкаў, можа быць, і вартым людзям, і тым больш, ён не пакінуў панэгірыкаў катам”.

Скобла: “Да ўгодкаў Анатоля Сыса выйшла некалькі адметных выданьняў. Эдуард, раскажы пра іх”.

Акулін: “Акурат да ўгодкаў пабачыла сьвет кніга паэтычных прысьвячэньняў Анатолю Сысу “Ягамосьць” і выбраны томік паэзіі “Alaiza”. У “Ягамосьць” увайшлі творы ягоных сяброў і творчых пабрацімаў. У іх ліку Славамір Адамовіч, Рыгор Барадулін, Данута Бічэль,Уладзімер Някляеў, Павал Зьмітрук, усяго сорак адзін аўтар. Уклаў кнігу і напісаў прадмову да яе Сяржук Сыс. “Alaiza” зьявілася на свет, дзякуючы клопату Алеся Бяляцкага. Акрамя храналягічна падабраных вершаў у кнізе зьмешчаная аднайменная паэма ў аўтарскай рэдакцыі. Каля трыццаці старонак прысьвяціў асобе Анатоля Сыса і кастрычніцкі “Дзеяслоў”. Там – згаданыя ўжо вайсковая перапіска Анатоля, дзёньнікавыя ўспаміны Алеся Бяляцкага, а таксама некалькі невядомых вершаў Анатоля Сыса”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG