Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іспыт на якасьць подпісаў выбарцаў


Сёньня для ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі вельмі напружаны дзень. 29 кастрычніка — апошняя магчымасьць здаць падпісныя аркушы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Менавіта тут цягам 10 дзён будзе рабіцца праверка на якасьць сабраных подпісаў.

Апошні, хто заявіў пра збор неабходных 100 тысяч подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку, — патэнцыйны прэтэндэнт на найвышэйшую дзяржаўную пасаду Віталь Рымашэўскі. Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Павал Севярынец сёньня ў размове са «Свабодай» паведаміў, што група пасьпявае перадаць аркушы з подпісамі ў адпаведныя выбарчыя камісіі:

Павал Севярынец
«У нас сабрана 106-107 тысяч. Больш за дзьве тысячы мы не падаем — альбо самі адбракавалі, альбо там ёсьць подпісы, сабраныя ў Менску, людзей з маленькіх гарадоў. І мы не пасьпяваем падпісныя аркушы туды адвезьці. Таму падаем дзесьці каля 104 тысяч.

Пакуль што праблема толькі адна — у некаторых камісіях ня лічаць колькасьць здадзеных подпісаў, а толькі колькасьць здадзеных аркушаў. Я размаўляў пра гэта з сакратаром ЦВК Лазавіком. А той сказаў, што камісіі правільна робяць. Маўляў, пры падачы шматтысячных масіваў сябры камісій часта зьбіваюцца з падліку. І таму ім прасьцей падлічыць колькасьць аркушаў. Але ж у аркушы можа быць ад 1 да 16 подпісаў. А гэта агромністая прастора для фальсыфікацый. Мы зараз з гэтай нагоды рыхтуем зварот у пракуратуру. Такое стаўленьне ў Савецкім і Фрунзенскім раёнах Менску, у Гомелі і Магілёве ў нас такія выпадкі зафіксаваныя».

Спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер лічыць: сёлета праверка падпісных аркушаў будзе значна лібэральней параўнальна з папярэднімі выбарамі кіраўніка беларускай дзяржавы:

Сяргей Альфер
«Гэта якраз тое пытаньне, дзе вельмі многае залежыць ад агульнай пазыцыі дзейнага кіраўніцтва дзяржавы. Мне здаецца, што цяпер пазыцыя такая — даць магчымасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкай гонцы ўсім, хто сабраў болей за 100 тысяч подпісаў».

Ды і патрабаваньні на якасьць падпісных аркушаў на гэтых выбарах сталі менш жорсткімі, канстатуе экспэрт:

«Напрыклад, раней, калі ў падпісным аркушы быў хоць адзін подпіс зь іншай адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі, то ўвесь аркуш не ўлічваўся. Цяпер ня будзе ўлічвацца толькі гэты подпіс. Не патрэбна цяпер і кожнаму зборшчыку завяраць подпісы ў мясцовым райвыканкаме. Цяпер зборшчыкі здаюць подпісы брыгадзіру, а той нясе ў адпаведны выканкам і там рэгіструе. А гэта таксама дае магчымасьць назьбіраць подпісаў большую колькасьць».

Раённым камісіям на праверку подпісаў даецца 10 дзён. Спачатку правяраецца ня менш за 20% подпісаў, якія здалі ў камісію. Калі выбракоўка перавышае 15% ад правераных, то правяраюць дадаткова яшчэ 15% ад здадзеных подпісаў. І калі сумарная колькасьць несапраўдных подпісаў складзе больш за 15% ад агульнай колькасьці правераных, то ня ўлічваюцца ўсе подпісы, якія паступілі ў камісію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG