Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Т.Янялюнас: Місія Грыбаўскайце — папярэдзіць Лукашэнку


Даля Грыбаўскайце
Даля Грыбаўскайце
20 кастрычніка ў Менск з рабочым візытам прыяжджае прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. Акрамя перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, заплянаванае наведваньне Нацыянальнай бібліятэкі.

У Вільні найперш акцэнтуюць увагу на тым, у якім статусе едзе ў Беларусь іх прэзыдэнт. Ад 1 студзеня наступнага году Літва будзе старшыняваць у АБСЭ. І дарадца кіраўніка літоўскай дзяржавы Дарус Сямашка ўжо заявіў: Даля Грыбаўскайце будзе гаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам пра тое, што сьнежаньскія выбары ў Беларусі мусяць адпавядаць стандартам АБСЭ.

Гэтаксама ў размове са «Свабодай» выказаўся і літоўскі палітоляг, дацэнт Інстытуту палітычных навук і міжнародных дачыненьняў Томас Янялюнас:

«Прэзыдэнт Грыбаўскайце прыяжджае зь місіяй папярэдзіць спадара Лукашэнку — выбары ў Беларусі павінны прайсьці як мага больш дэмакратычна. Таму што пасьля выбараў менавіта Літве, магчыма, давядзецца ўжываць санкцыі для Беларусі ад імя АБСЭ».

Літоўскі палітоляг наступным чынам тлумачыць, чаму візыт літоўскага лідэра у Беларусь адбываецца напярэдадні выбараў:

Пасьля выбараў, калі яны адбудуцца, як шмат хто прадказвае, ня ў вельмі дэмакратычнай форме, у нашага прэзыдэнта ўзьнікнуць перашкоды для сустрэч з кіраўніком Беларусі.
«Пасьля выбараў, калі яны адбудуцца, як шмат хто прадказвае, ня ў вельмі дэмакратычнай форме, у нашага прэзыдэнта ўзьнікнуць перашкоды для сустрэч з кіраўніком Беларусі. І тыя некалькі тыдняў, якія застаюцца да выбараў, зьяўляюцца вакном для Грыбаўскайце, каб, магчыма, вырашыць некаторыя двухбаковыя праблемы».

Адна з такіх праблем — пагадненьне аб памежным руху. На падставе яго для жыхароў 50-кілямэтровай памежнай зоны ў абедзьвюх дзяржавах будуць створаныя ўмовы для больш простага перасячэньня мяжы.

Праект гэтага пагадненьня падрыхтавалі яшчэ год таму. Аднак беларускі бок адклаў падпісаньне, спаслаўшыся на тэхнічныя прычыны. Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць, што гэта за «тэхнічныя прычыны»:

«Беларускі бок ставіў умову — абавязковую рэгістрацыю грамадзян Літвы, якія падпадаюць пад гэтае пагадненьне, калі яны прыяжджаюць у Беларусь больш чым на 5 дзён. А вось беларускіх грамадзян, якія адпаведна прыяжджалі ў Літву, не рэгістравалі. І так парушалася раўнапраўе».

Днямі Аляксандар Лукашэнка сказаў газэце «Літоўскі кур’ер», што Менск пагадзіўся зь літоўскім варыянтам. А гэта азначае, што рэгістрацыі ня будзе.

Акрамя гэтага пагадненьня, паводле інфармацыі зь Літвы, іншых дакумэнтаў падпісваць бакі не зьбіраюцца. Хоць на сайце прэзыдэнта Беларусі паведамляецца, што падчас сустрэчы будзе абмяркоўвацца разьвіцьцё гандлёвага і эканамічнага супрацоўніцтва. Раман Якаўлеўскі ўпэўнены: галоўнае тут — энэргетыка:

«Тут робіцца ўдалая гульня Лукашэнкі, які дывэрсыфікуе пастаўкі, у прыватнасьці, вэнэсуэльскай нафты то праз латыскі Вэнсьпілс, то празь літоўскую Клайпеду. Гэта ёсьць, і трэба прызнаць, што Лукашэнка ўдала гэта робіць».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адмоўна ацэньвае візыт у Беларусь літоўскага прэзыдэнта:

«Атрымоўваецца, што справа, найхутчэй, ідзе пра палітычны бізнэс. Відавочна, што Грыбаўскайце ня мае мандату ад Брусэлю на правядзеньне палітычных перамоваў. Яна не прывезла сюды дарожную мапу па дэмакратызацыі Беларусі. А значыць, галоўнае — эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта тое, чаго дамагаецца Лукашэнка: давайце будзем размаўляць пра эканоміку, а пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды СМІ кранаць ня будзем.

Так ці інакш, прэзыдэнт Грыбаўскайце павінна будзе ўсьміхацца, працягваць і паціскаць руку, якая да сёньня трымае ключы ад камэры, дзе сядзіць сябра нашай партыі, палітвязень Бандарэнка ды іншыя палітвязьні. Тую руку, якая адсунула ў самую далёкую шафу справы скрадзеных і забітых нашых калег па партыі Ганчара і Захаранкі».

Заўтра міністар замежных спраў Літвы правядзе асобную сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG