Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Горад ці вёска? Дзеці самі выбіраюць”


Сёньня адзначаецца Сусьветны дзень сельскіх жанчын. З гэтай нагоды наш карэспандэнт правёў апытаньне сярод кабет вёскі Путрышкі Гарадзенскага раёну: ці хацелі б яны, каб іх дзеці таксама жылі ў вёсцы?

Спадарыня: «Вучыцца, вядома, у горадзе лепей, а жыць у сельскай мясцовасьці лепш. І паветра чысьцейшае і мясцовасьць такая, што ёсьць куды пайсьці. У горадзе ўсё аднастайнае, загазаванасьць вялікая, машыны. Так што, лічу, што сельская мясцовасьць нашмат лепшая для жыцьця, чымсьці горад».

Спадарыня: «Ну, ня ведаю: у нас на вёсцы таксама добра, і працы хапае, але якая розьніца — ці ў вёсцы яны, ці ў горадзе? Абы людзьмі былі, а астатняе ня важна. Мае дзеці працуюць у вёсцы, у суседзяў — таксама ў калгасе, жытло далі ім. Добра зарабляюць у калгасе, летам таксама, толькі паўсюль трэба рабіць».

Маладая спадарыня: «Я лічу, што лепей у горадзе, там пэрспэктываў болей, чым у нас, у Путрышках. Тут у нас што? Нічога няма, а там і вучоба, і працы больш, вядома, можна знайсьці. У мяне два хлопчыкі: адзін ходзіць у школу, другі — у садок».

Спадарыня: «Дзеці ўжо жывуць у горадзе, працуюць, самі захацелі».

Спадарыня: «Хай застаюцца дзеці, у мяне сын у „Прагрэсе“ працуе ў зьверагаспадарцы, нармальна. І зарабляе добра, і кватэру вось атрымаў цяпер. Я задаволеная, натуральна. Калі ёсьць усе ўмовы, то чаму ж не працаваць?»

Спадарыня: «Я лічу: як дзеці палічаць, дзе ім лепей будзе, так і трэба. У мяне адзін працуе ў горадзе, другі вучыцца, прафэсія, зьвязаная з горадам».

Спадарыня: «Ну, а мае працуюць у горадзе, усе ў Горадні працуюць. Тут яны не хацелі. Старэйшы сын працаваў у калгасе, але потым сышоў, таму што заробкі нізкія, у горадзе нашмат болей атрымліваюць, чымсьці ў сельскай мясцовасьці. Хаця калгас жытлом забясьпечвае, але няма жаданьня працаваць у сельскай мясцовасьці. Нам бы хацелася, каб яны былі пры нас, але дзеткі вырастаюць і разьлятаюцца».

Маладая спадарыня: «Я б хацела, каб яны заставаліся і на вёсцы працавалі. Але мая дачка жыве ў горадзе, а сын яшчэ студэнт. Ён тэхнік-праграміст, але думаю, што тут на вёсцы ён наўрад ці ўладкуецца, давядзецца яму ў горадзе».

Спадарыня: «Дачка каляжанкі працуе на вёсцы настаўніцай, у Верцялішках, цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. А ў мяне дзеці вучацца ў сёмай клясе. Што далей? Яшчэ ня думалі. Вядома, мы б хацелі паступіць у мэдычны ўнівэрсытэт. А як атрымаецца, у горадзе працаваць потым ці ў вёсцы, хто ведае?»

Спадарыня: «Я думаю, што кожны чалавек выбірае там, дзе яму лепш жыць. Цяпер і на вёсцы больш магчымасьцяў стала. Але дзе чалавек сябе знойдзе, там хай і жыве, вось і ўсё. Дзеці павінны выбіраць гэта самі, мы не павінны ім дыктаваць, дзе ім лепш быць. Я сама люблю вёску, і мне ў горадзе ня вельмі камфортна, а на вёсцы добра».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG