«Цяпер найбольш імаверны варыянт «халоднага міру»
Цыганкоў: Ці можна зразумець выказваньні Нарышкіна як згоду Масквы пайсьці на пэўнае прымірэньне з Лукашэнкам? Урэшце, магчыма, Крэмль успрымае гэта прымірэньне толькі на нейкіх сваіх умовах. Зьміцер, якое было ваша ўражаньне ад сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Расеі?
Панкавец: Так, Віталь, я пагаджуся з вамі, што галоўнай ідэяй Нарышкіна, якую ён хацеў данесьці да беларускіх журналістаў, было тое, што Масква гатовая і надалей супрацоўнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было досыць нечакана, бо зусім нядаўна выйшаў апошні «Хросны бацька», і можна было чакаць, што Масква пакажа Лукашэнку «чырвоную картку», не падтрымае на выбарах. Не! Ад Лукашэнкі патрабуюць усяго толькі выбачыцца, прыняць умовы Расеі, то бок, тую васальную залежнасьць, якая была і дагэтуль, выкананьне ўсіх інтэграцыйных патрабаваньняў па АДКБ, Мытным саюзе і гэтак далей. І ўсё, стасункі могуць вярнуцца назад — больш нічога ад Лукашэнкі і не патрабуецца.
Цыганкоў: Ці выклікана гэтая зьмена пэўным халодным палітычным разьлікам Масквы? Там зразумелі, што менавіта такі падыход, нягледзячы на асабістыя крыўды, для Расеі найбольш выгадны?
Панкавец: Страчваць свайго саюзьніка заўсёды вельмі крыўдна. Калі Расея згубіць гэтага саюзьніка, то ў Беларусі не застанецца іншага выбару, акрамя як больш шчыльных сувязяў з Эўразьвязам.
Мне здаецца, што цяпер найбольш імаверны варыянт «халоднага міру». Вядома, ужо ня будзе ранейшых абдымкаў, клятваў у вечнай братэрскай любові. Аднак інтэграцыйныя працэсы, найхутчэй, ня спыняцца.
«Ніхто зь сёньняшніх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, Маскву задаволіць ня можа»
Цыганкоў: Пасьля відэазвароту Мядзьведзева шмат казалі пра тое, што ўжо пройдзены незваротны пункт узаемных дачыненьняў. Ці не апынулася гэтая кропка коскай, альбо шматкроп’ем?
Мацкевіч: Так, пытаньне застаецца адкрытым. Бо Масква ня мае альтэрнатывы Лукашэнку ў Беларусі, ніхто зь сёньняшніх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, яе задаволіць ня можа. Але ж працэс пагаршэньня дачыненьняў зайшоў даволі далёка, і невядома, ці пагодзяцца Мядзьведзеў і Пуцін «абнуліць» гэтую сытуацыю.
У гэтым сэнсе думаю, што мэсыдж Нарышкіна гаворыць пра тое, што Масква — у разгубленасьці. Якімі шляхамі, якімі крокамі можна павярнуць працэс назад, яна ня ведае.
Цыганкоў: А ці хоча Масква павярнуць назад гэты працэс?
Цяпер ідзе роздум, хто першы зробіць крок да дэнансацыі саюзнай дамовы.
Мацкевіч: У яе сытуацыя патавая. З аднаго боку, яны вымушаная лічыцца з тым, што Лукашэнка застаецца кіраўніком Беларусі. Зь іншага — яна ніяк ня хоча зьмены Лукашэнкі, бо любы іншы кіраўнік будзе больш складаным. Аднак пакідаць адносіны паміж дзьвюма дзяржавамі ў цяперашнім становішчы немагчыма. Таму цяпер ідзе роздум, хто першы зробіць крок да дэнансацыі саюзнай дамовы.
Панкавец: Я б трошкі не пагадзіўся з Уладзімерам. Мне здаецца, цяпер і Расея і Беларусь чакаюць адно ад аднаго нейкага кроку наперад, хто яго першы зробіць. Уласны гонар не дазваляе зрабіць гэты крок і адным, і другім.
«Пакуль Лукашэнка выкарыстоўвае антырасейскія настроі беларускага электарату»
Цыганкоў: Як афіцыйны Менск можа адрэагаваць на тую папраўку ў пазыцыі Масквы, якая прагучала ў заявах Нарышкіна?
Панкавец: У Лукашэнкі зараз два варыянты: альбо пагадзіцца на такія прапановы, якія фактычна нічым не адрозьніваюцца ад тых, што былі паўгода таму, альбо не пагадзіцца. Калі ён не пагаджаецца, то цалкам рэальны варыянт непрызнаньня вынікаў выбараў і далейшае пагаршэньне стасункаў з Расеяй.
Мацкевіч: Калі Лукашэнка будзе бачыць, што нейкі паварот у ягонай рыторыцы, вяртаньне да мірных адносінаў, будзе ўспрыняты грамадзтвам як ягоная перамога — тады ён на гэта пойдзе. Тое ж самае і для расейскіх лідэраў — яны таксама ня могуць зрабіць крок насустрач Лукашэнку, бо гэта будзе ўспрымацца ў самой Расеі як слабасьць, як здача пазыцыяў.
Я не настойваю на сваім меркаваньні, што цяпер бакі разважаюць толькі пра тое, хто першы зробіць дэнансацыю саюзнай дамовы. Яны таксама разважаюць і пра тое, як павярнуць сытуацыю ў станоўчае рэчышча. Але і беларускае, і расейскае кіраўніцтва нарабілі ўжо шмат непрадуманых дзеяньняў, якія на сёньня ўжо вельмі цяжка адмяніць.
Цыганкоў: Што больш выгадна Лукашэнку цяпер, падчас прэзыдэнцкай кампаніі: працяг інфармацыйнай вайны, вобраз абаронцы сувэрэнітэту, ці часовае замірэньне з Расеяй?
Мацкевіч: Пакуль Лукашэнка выкарыстоўвае антырасейскія (ці не прарасейскія) настроі беларускага электарату. І не відаць пакуль крокаў да таго, каб гэтая кампанія павярнулася ў іншы бок. Але такое яшчэ магчыма, і будзе гэта залежыць ад таго, наколькі сур’ёзныя выклікі кіне яму гэтая кампанія. Урэшце, думаю, што пэўных зьменаў варта чакаць пасьля выбараў
Панкавец: Лукашэнка цяпер выступае гэткім змагаром за незалежнасьць, абаронцам Беларусі ад хцівых крамлёўскіх кіраўнікоў. Але калі сытуацыя зьменіцца, ён таксама можа выкарыстаць гэта на сваю карысьць, і зноў загаворыць пра інтэграцыю з Расеяй.
Дарэчы, прэсавая канфэрэнцыя Нарышкіна, у сьвятле выбараў, дала выдатны сыгнал апазыцыі наконт таго, што нельга разьлічваць на падтрымку Крамля ўсім тым кандыдатам, якія спрабуюць пазыцыянаваць сябе як прарасейскія.