Соўсь: Аксана, якое пытаньне вы задалі Сяргею Нарышкіну?
Колб: Удакладніла наконт таго, чаму менавіта менавіта зараз зьявіліся "Хросныя бацькі". Чаму не напярэдадні выбараў 2001 ці 2006 году. На што быў дадзены дзіцячы адказ", што гэта асабістая справа расейскіх журналістаў, у іх папросту не вытрывала цярпеньне. І што, сам Нарышкін цалкам гэтыя фільмы не глядзеў, толькі ўрыўкі.
Соўсь: Як рыхтавалася сустрэча? Паводле якога прынцыпу запрашалі журналістаў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі?
Колб: Усяго было 25 прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку дзяржаўных і недзяржаўных. Тыя, што і на сустрэчы зь Мядзьведзевым, але зараз яшчэ дадаліся рэдактары інтэрнэт-сайтаў. У тым ліку Натальля Радзіна (Хартыя-97), рэдактар сайта "Империя", інтэрнэт-газэта "Салідарнасьць".
Соўсь: Хто аплачваў праезд і расходы? Калі ў Беларусь запрашаюць расейскіх журналістаў, то звычайна для іх рыхтуецца адмысловая праграма, іх возяць па заводах, перадавых калгасах, на канцэрты і гэтак далей. У вашым выпадку як было?
Колб: Па заводах мы не хадзілі і дабіраліся самі. Квіткі аплочвалі самі. У Маскве нам прадставілі сьняданак, экскурсію ў Трацьцякоўку, абед, вячэру.
Соўсь: Ці трэба было папярэдне паведамляць пытаньні? І якія пажаданьні выказвалі беларускім журналістам арганізатары сустрэчы?
Колб: Ніякіх пажаданьняў не было, і пытаньні не паведамляліся. Брыфінг быў вельмі кароткі, усё ўклалася недзе ў хвілін 50. Адказы былі неканкрэтныя. Асноўны сэнс быў ня ў тым, каб выслухаць беларускіх журналістаў ці адказаць на іх пытаньні. Галоўнае было данесьці пазыцыю расейскага кіраўніцтва.
Соўсь: Якія пытаньні задавалі калегі? Якія адказы Сяргея Нарышкіна былі найбольш рэзкімі?
Колб: Рэзкіх пытаньняў не было. Былі спробы з боку дзяржаўных СМІ абвінаваціць Расею ў тым, што сапсавала адносіны, былі спробы зьвярнуцца да нафтавых мытаў. Але на гэта Нарышкін адказваў вельмі ляканічна, кажучы, што насамрэч гэта Беларусь парушае дамоўленасьці, Расея толькі за далейшыя адносіны.
Соўсь: Як вы мяркуеце, для чаго арганізоўвалася гэтая прэс-канфэрэнцыя?
Колб: Бліжэйшым часам асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Мядзьведзева не плянуецца. Аб гэтым заявіў Нарышкін. Але трэба было данесьці пазыцыю Расеі. Па-іншаму данесьці яе не было. Яна ў наступным: калі кіраўніцтва Беларусі прызнае свае памылкі і зробіць крокі наперад на словах і на справах, то яму ўсё будзе даравана.
Соўсь: Які загаловак для выданьня, дзе працуеце, вы дасьце свайму артыкулу пра гэтую прэсавую канфэрэнцыю?
Колб: Зараз працоўны загаловак гучыць так: "Вяртайся, мы ўсё даруем".