Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава абвяшчае поўную школьную мабілізацыю


некаторыя прыйшлі на абмеркаваньне цэлымі сем’ямі.
некаторыя прыйшлі на абмеркаваньне цэлымі сем’ямі.
Намаганьнямі грамадзкіх арганізацый і зацікаўленых бацькоў у менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры сёньня, 13 кастрычніка, быў зладжаны «круглы стол» у пытаньнях хатняй адукацыі. Падставай для гэтага стала тое, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюцца на восеньскай сэсіі ўхваліць канчатковы варыянт новага Кодэксу аб адукацыі, які істотна звужае магчымасьці самастойнага навучаньня. А гэта, лічаць апанэнты такога рашэньня, неапраўданая спроба дзяржавы цалкам манапалізаваць адукацыйную галіну.

Падставы да таго, каб не аддаваць дзіця ў пачатковую ці сярэднюю школу, розныя. Найперш, несупадзеньне рэлігійных перакананьняў зь дзяржаўнымі мэтадамі выкладаньня. Не спрыяе ўзаемнасьці надзвычайная заідэалягізаванасьць працэсу. Нарэшце, усё больш беларусаў абураюцца тым, што ў сваёй краіне немагчыма атрымаць адукацыю на роднай мове, таму пакідаюць такое права сабе. Дзейны закон «Аб адукацыі» дазваляў самаадукацыю альбо навучаньне паводле індывідуальнага пляну, узгодненага са школай. Але, як кажа адзін зь ініцыятараў сёньняшняга абмеркаваньня Аляксей Шэін, з прыняцьцем згаданага кодэксу такі варыянт можа зьнікнуць:

Аляксей Шэін
«У Палаце прадстаўнікоў ляжыць Кодэкс аб адукацыі. Да гэтага часу кодэксу ў нас не было, усе кіраваліся законам „Аб адукацыі“. Кодэкс ужо прыняты ў першым чытаньні мінулай восеньню і мусіць быць ухвалены ў канчатковым выглядзе ў другім і трэцім чытаньнях. Але, калі мы зірнем на тыя пазыцыі, якія тычацца хатняга навучаньня, убачым: магчымасьці такога навучаньня вельмі сур’ёзна звужаныя. Паводле нашай інфармацыі, гэта сьвядомая пазыцыя распрацоўшчыкаў, то бок, зьмены трапілі туды не праз памылку, а празь сьвядомае рашэньне. Арганізатары сёньняшняй імпрэзы запрашалі і чыноўнікаў, датэлефанаваліся да спадара Здановіча, які ёсьць кіраўніком камісіі па адукацыі і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў, і ён сказаў адкрытым тэкстам: так, зьмены ў кодэксе прадуманыя. А на пытаньне „навошта?“ сказаў, што ўсе, маўляў, павінны навучацца ў школе».

Калі кіравацца нормамі кодэксу, фармальнай падставай для выключэньня можа быць толькі стан здароўя, несумяшчальны з адукацыйным працэсам, і ўнікальныя дадзеныя дзіцяці, якому ў школе папросту няма чаго рабіць. І, калі ў першым выпадку сытуацыя збольшага зразумелая, то хто будзе вызначаць узровень геніяльнасьці? Раённыя аддзелы адукацыі? Пратэстанцкі пастар Антоній Бокун перакананы: галоўная прычына згортваньня самастойнай адукацыі — кантроль над дзецьмі літаральна з калыскі:

Антоній Бокун
«Імкненьне дзяржавы абмежаваць правы бацькоў у гэтым пытаньні, думаю, зьвязана з той савецкай камуністычнай мінуўшчынай, якая вучыла: менавіта грамадзтва адказнае за дзяцей. Як ідэал камунізму. На жаль, я сам гэты час засьпеў, калі мы канспэктавалі камуністычны маніфэст, дзе было наўпрост запісана: сям’і як такой ня будзе, а дзяцей будзе выхоўваць грамадзтва. Маўляў, усе дзеці будуць агульнымі і будуць выхоўвацца супольна. Наша дзяржава такім спосабам намагаецца гэтую ідэю рэалізаваць, калі называе сябе грамадзтвам і заяўляе, што ўсе дзеці абавязаныя вучыцца ў дзяржаўнай школе і толькі па дзяржаўных праграмах. А ўсялякае адхіленьне ад генэральнай лініі выклікае непрыхаванае незадавальненьне. Лічу, што такая ўстаноўка ў корані і прынцыпова няправільная, бо найперш адказныя за навучаньне бацькі. А імкненьне сур’ёзна абмежаваць гэтыя правы выклікае сур’ёзную заклапочанасьць. Гэта забірае ў бацькоў ім Богам дадзеныя правы. Ня значыць, што яны мусяць імі карыстацца, але яны павінны быць».

У рэзалюцыі па выніках «круглага стала», адрасаванай Міністэрству адукацыі, парлямэнтарам і прэзыдэнцкай адміністрацыі, адзначаецца: самастойная форма навучаньня робіцца ўсё больш папулярнай у самых разьвітых дзяржавах. Яна дазваляе дзецям вучыцца і разьвівацца гарманічна, сыходзячы з асабістых уласьцівасьцяў, талентаў і здольнасьцяў. Бацькі могуць адукоўваць дзяцей дома паводле індывідуальнага навучальнага пляну. А ў Беларусі, удакладняе дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас, такая форма застаецца ледзьве не адзіным выйсьцем для бацькоў і дзяцей, якія хочуць вучыцца менавіта па-беларуску:

Уладзімер Колас
«Зразумела, што ня толькі па рэлігійных перакананьнях не задавальняе многіх сёньняшняя школа. Мы ведаем, што атрымаць якасную адукацыю на беларускай мове ў Беларусі цяпер немагчыма. Мы ведаем, што дысцыпліны гуманітарнага цыклю выкладаюцца па традыцыі, якая склалася яшчэ ў сталінскія часы. І мы ведаем, для чаго ўсё гэта робіцца. Што, безумоўна, ёсьць парушэньнем шматлікіх нормаў, як міжнародных, так і проста маральна-чалавечых. Таму я падтрымліваю рэзалюцыю і параіў бы ўзмацніць яе спасылкай на міжнародныя юрыдычныя нормы, а таксама выказаць нашае стаўленьне да той атмасфэры, у якой прымаўся Кодэкс аб адукацыі. Да той закрытасьці, ізаляванасьці ад зацікаўленага боку, ад бацькоў і грамадзкіх арганізацый. Бо ў дакумэнце ўсё рэглямэнтуецца і прапісваецца не на карысьць тых, хто хоча атрымліваць адукацыю самастойна».

Яўген Маліноўскі, бацька сямі дзяцей, дацэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, абапіраючыся на свой багаты выхаваўчы досьвед, перакананы: бацькі і дзеці маюць права на паўнавартасную хатнюю адукацыю. А дзяржава навязваць волю ў гэтым пытаньні проста не павінна:

Яўген Маліноўскі
«Асабісты мой досьвед у гэтай справе сапраўды вельмі багаты, таму што першы мой сын 3,5 гады акурат вучыўся па індывідуальнай праграме, нягледзячы на ўсе заўвагі. І толькі, калі ўрэшце рэшт пачалі пагражаць з камісіі ў справах непаўналетніх, мы аддалі яго ў 3 клясу. Але ўва ўсіх маіх дзяцей, у тым ліку ў двух сыноў, якія вучыліся і вучацца ў коласаўскім ліцэі, былі і ёсьць пэўныя праблемы зь іспытамі як за базавую, так і за сярэднюю школу. Што ў гэтай сытуацыі нам рабіць? З аднаго боку, калі ёсьць закон, а з другога, калі сьмелых чыноўнікаў застаецца ўсё менш і менш, застаецца перадусім спадзявацца на чалавечы фактар, на разуменьне і адказнасьць тых, хто прымае такія рашэньні. То бок, папросту трэба ўсьвядоміць і меру адказнасьці, і меру зносінаў ва ўмовах гэтага сьвету, гэтых рэаліяў».

Ніхто з запрошаных прадстаўнікоў дзяржаўных ведамстваў сваёй увагай «круглы стол» не парадаваў. У Міністэрстве адукацыі сказалі, што няма ніякай нагоды для публічнага абмеркаваньня кодэксу. Прадстаўнікі грамадзкасьці, у сваю чаргу, канстатуюць: чарговым разам атрымліваецца, што дакумэнт, які непасрэдна тычыцца большай часткі насельніцтва Беларусі, абмяркоўваецца за зачыненымі дзьвярыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG