А ў жніўні прайшло ўсебеларускае гісторыка-тэатралізаванае шоў з нагоды 605-х угодкаў з народзінаў князёўны Соф’і Гальшанскай. Якім жа было маё расчараваньне, калі даведаўся, што сьвяты праходзяць «са слязьмі на вачах». Безнадзейна зруйнаваны замак, тры гады таму Мінкульт «скараціў» і зрабіў часткай касьцёлу Яна Хрысьціцеля краязнаўчы музэй, што месьціўся ў былым будынку кляштару францысканцаў, і дзе штогод бывалі шматлікія мастацкія і фотавыставы, тысячы і тысячы наведвальнікаў. Між іншым, музэй таксама быў у аварыйным стане са шматлікімі праломамі ў раскалупаных сьценах ды фундамэнце. Таму й у роспачы былая навуковая супрацоўніца, 66-гадовая спадарыня Часлава Акулевіч.
Часлава: «Музэй да канца быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музэю. Хоць і гаварылі, што „наш любімы“, але ж будынку 400 год, адрэстаўраваць не пацягнулі…»
Карэспандэнт: «Закрыцьцё музэю — закрыцьцё пэрспэктываў для Гальшанаў?»
Часлава: «Так, усё тое, што адчынялі прадпрымальнікі, і цэнтар аграгарадку, што так любоўна ўлады зрабілі — усё з разьлікам на турыстаў. Экскурсіі не вядуцца — калі-некалі мяне проста просяць правесьці па Гальшанах. Тут кожны мэтар можа штосьці расказаць, а ўсё забываецца, адыходзяць людзі, зьмены пакаленьняў, экскурсаводаў няма. Вялікая трагедыя! Гісторыя — паказчык духоўнага разьвіцьця, а новае пакаленьне ня ведае. Без даўніны жыцьця ня будзе!»
Каб крыху «разрадзіць» атмасфэру, прапаную згадаць апошнія выпадкі пра знакамітых ды ўсюдыісных гальшанскіх прывідаў, якія, аказваецца, дагэтуль нікуды ня зьніклі. Часлава Францаўна ўсьміхаецца:
Часлава: «У будынку кляштару такая вялікая энэргетыка, намоленасьць, што абавязкова павінна было нешта праявіцца. Мне прыносілі здымкі на мабільным — на 2 паверсе ідзе натоўп людзей, а да вокнаў нібы прыціскаюцца мніхі ў капюшонах і, трымаючы складзеныя рукі на грудзях, даюць дарогу людзям. Прыяжджалі да нас з апаратурай, правяралі „аўру“ будынку, знаходзілі падвышаны магнітны фон — гадзіньнікі зьбіваліся, калі доўга пабудзеш. Адзін чалавек зайшоў да мяне ў кабінэт, падае на калені і пачынае маліцца. Ну, нешта не ў парадку ў чалавека, думаю. Кажа — няўжо ня бачыце выявы Маткі Боскай, а ў другой нішы крыж стаіць?!»
(б’юць званы )
Кулак: «Б’е апоўдні цяпер. А 9, 12 і а 5 вечара — тры імшы на дзень, што і чуем…»
Гэта на цэнтральным пляцы да нас далучаецца парафіянін Павал Кулак.
Кулак: «Касьцёл — самае прыгожае тут. Дык чаму хоць камяні бясплатна не прывезьлі? Каб сам касьцёл не заплаціў за плот, дык дзяржаве прыйшлося б ставіць — хай бы заплаціла за гэтыя мэтры, што ўзялі сабе за плюс! Я, напрыклад, 100 тысяч даў — і ўсе складаліся…»
Часлава: «За 1 год забудова касьцёла агароджаная разам з манастыром і кляштарам — людзі дапамагалі як будаўнікі. Заслуга толькі айца Багуслава — паляк, але, як той ксёндз Булька, чысьціў нашы аўгіевы канюшні…»
Коўзан: «Кладаўе добраўпарадкавалі — вельмі ўдзячны айцу Багуславу…»
А гэта ўжо славіць сьвятара спадар Коўзан, старшыня сельсавету. Ён тут жа прапанаваў мне ўключыць у юбілейныя даты яшчэ адну — трохгодзьдзе існаваньня аграгарадку. Але ці не ад Войцэха Іванавіча ў тым ліку залежала, што з 254 млн, выдзеленых на ўпарадкаваньне плошчы, ані капейчыны не перапала на касьцельную агароджу?!
Карэспандэнт: «8 год таму наракала ваша папярэдніца, што ня далі з крухмальным заводам зрабіць унітарнае сумеснае акцыянэрнае аб’яднаньне і саўгас-мільянэр па прыбытках стаў саўгасам-мільярдэрам па даўгах — што цяпер?»
Коўзан: «Крухмальны завод закупляе цяпер бульбу па 300 тысячаў за тону, як правільна прэзыдэнт кажа — кг бульбы за даляр. Пабудавалі прыгожы аграгарадок, уклалі 10 млрд. Школа, клюб на 400 месцаў — капітальны рамонт…»
Карэспандэнт: «А што музэй не зьбераглі?»
Коўзан: «Ну, так, але тут не ў маштабах сельсавету. А што музэй? Мо, лепей жыцьцё зьберагчы, бо ў аварыйным стане, і трэшчыны павялічваюцца. Свой музэй ёсьць у гімназіі…»
Я праходжу па трох пакойчыках мясцовай 11-годкі, адведзеных амаль паўвека таму на музэй заснавальніку, тутэйшаму краязнаўцу Эдуарду Корзуну. Тут 1400 археалягічных экспанатаў, унікальных здымкаў, большасьць зь якіх не зьмяшчаецца. Тым ня менш, штогод бывае да 2 тысяч наведвальнікаў. Удава, загадчыца і экскурсавод, настаўніца спадарыня Корзун не ўтрымліваецца, каб не расказаць нештачка цікавае:
Корзун: «Каля 1280 году князь Гольша любіў езьдзіць у нашы вялікія пушчы, багатыя дзічынай, на паляваньне. Пабудаваў свой драўляны замак. Вакол пачалі сяліцца людзі. І князь назваў паселішча ў свой гонар Гальшанскім. Князь Іван Гальшанскі прысягаў на вернасьць Вітаўту, а князь Міхаіл Гальшанскі ўдзельнічаў у Грунвальдзкай бітве. Праславіла Гальшаны Соф’я Гальшанская — амаль у 17 год выйшла замуж за польскага караля Ягайлу…»
Карэспандэнт: «Вы сёньня галоўная захавальніца гальшанскай гістарычнай спадчыны. А юбілейныя даты — са сьлязьмі на вачах…»
Корзун: «Так, хаця б над правай вежай дах зрабіць, а замку нічым ужо не дапамогуць. Закансэрваваць — няма ў нас сродкаў і ўмельцаў…»
Ядвіга Іванаўна са скрухай згадвае Дажынкі ў Лідзе, якія глядзела па тэлевізары.
Корзун: Там столькі грошай пайшло — 500 мільярдаў. Дык на тую вежу і дзясятка мільёнаў хапіла б. А то цяпер выбары будуць — таксама грошы. Усё роўна Лукашэнка будзе — чаго выбіраць?" (сьмяецца)
Карэспандэнт: «Моладзь едзе з Гальшанаў?»
Корзун: «Так, у нас у 11 клясе „А“ было 13 вучняў — 12 зь іх паступілі ў ВНУ, з „Б“ клясы — 7. А тут няма чаго рабіць, акрамя школы…»
***
На плошчы заходжу ў прыватную кавярню ды рэстарацыю на паўсотні месцаў з прывабным назовам «Замак». У чаканьні духмянай кавы гутару з пасудамыйкай, спадарыняй Валянцінай Апанэль, якая шмат год працавала ў дзяржаўнай «сталоўцы».
Апанэль: «Прыватнік за ўсё адказвае, а там — рабочы. Вядома, і заробак большы — 500 тысяч, а там 300 — беларускі стандарт. (сьмяецца) Там калі прадукты паступяць, так і паступяць, а тут як замовілі — сьвежае ўсё. Бываюць прастоі — людзі ў нас не як на Захадзе жывуць…»
А вось і гаспадыня, прадпрымальніца зь 15-гадовым стажам, 51-гадовая спадарыня Аліна Дарняк. 8 год валодае яшчэ дзьвюма крамамі, дзе агулам працуе два дзясяткі працоўных. Гутарым за столікам, але адначасова разглядаю карціны зь мясцовымі гістарычнымі славутасьцямі.
Карэспандэнт: «12,5 тысяч наведвала музэй. Іх адсутнасьць паўплывала на ваш бізнэс?»
Дарняк: «Вядома, усе ж заходзілі пад’есьці! Кафэ вырашылі назваць, як Гальшанскі замак. Антыкварыят сапраўдны ў бабулек на сьцены куплялі.
Турыстаў цяпер па выходных некалькі дзясяткаў. Я б хацела найбольш, каб адрамантавалі музэй, замак каб аднавілі. У Мір езьдзілі — ёсьць жа на што паглядзець…»
Яшчэ зранку адну са сваіх асноўных задач, загаданых «зьверху», старшыня сельсавету Коўзан вызначыў так:
Коўзан: «Трэба дабудаваць платы, але райвыканкам ідзе насустрач…»
Знаёмая ўжо спадарыня Акулевіч запрасіла да сябе ў хату пазнаёміцца з мужам — 67-гадовым Зьдзіславам Іосіфавічам. Ён былы марак, капітан 2 рангу, 15 год жыве ў Гальшанах. Мяне адразу пазнаў па прозьвішчы — ён сталы слухач «РС».
Карэспандэнт: «А вы „Свабоду“ даўно слухаеце?»
Акулевіч: «Як сюды прыехаў…»
Разам з мужам і жонкай Акулевічамі ўжо «зьнізу» аналізуем зьмены, што адбыліся ў паселішчы, дзе амаль тысяча жыхароў.
Карэспандэнт: «8 год таму лазьні не было, ліхтароў…»
Часлава: «Лазьня ёсьць, але бывае толькі 2 разы на месяц. Гарачай вады ў пасёлку наогул няма. Газ — о, пытаньні!»
Акулевіч: «Правялі ў нас толькі да прэзыдэнцкіх домікаў — іх у нас 10. Не давялі да цэнтру 240 мэтраў — паставілі „затычку“…»
Часлава: «Сказалі, што «гістарычны цэнтар нельга разбураць». Дык дварамі пусьціце!
Акулевіч: «Напісалі пэтыцыю вуліцай — з райвыканкаму даслалі адказ, што „будзе падведзены па чарзе“. Мы самыя першыя былі ў сьпісе, цэны заломвалі — 2000 даляраў. Але, паводле ўказу прэзыдэнта, прыватнай уласнасьцю зьяўляюцца толькі „адводы“, а газавыя магістральныя трубы — уласнасьць дзяржавы. Зноў напісалі, каб давялі да нас. Адказ з райвыканкаму — „не дайшло“, хоць квітанцыю захоўваю…».
Часлава: «А ліхтары ў нас — „таршэры“, ня паляць, як трэба. Той, які ля нас, зьбіты машынай. Старшыня сельсавету кажа, што выклікаць электрыка, машыну — бюджэт маленькі…»
Акулевіч: «Зрабілі аграгарадок курам на сьмех. Тут былі ходнікі выкладзеныя добрай яшчэ польскай пліткай. Іх разабралі, а да канца не даклалі. Кантора чамусьці знаходзіцца ў Доргішках. Палічылі, што лепш тут будынак яе зьнесьці, а пабудаваць сродкаў не хапіла. Рабіць людзям няма дзе абсалютна! Крухмальны завод збанкрутаваў, калі яму Гальшаны далі як „давесак“. Побач з намі былі выдатныя склады ільну. Цяпер пустуюць — я папрасіў адзін купіць пад гараж. Спачатку далі „дабро“, пасьля, сказалі што „будзе скарыстоўвацца СВК“. Дык у 2005 буран разбурыў пралёт, сьцяна працякае, вокны зламаныя — рушыцца. Хоць рэгулярна прыяжджаюць студэнты архітэктурнага факультэту вывучаць кладку — каштоўнасьць уяўляе…»
Як і 8 год таму, апошнім, зь кім сустрэўся, стаў 79-гадовы былы лясьнічы, сябра КХП-БНФ спадар Вярбіцкі. Франц Іванавіч жыве за кілямэтар ад пасёлку, у прыватызаванай палове адміністрацыйнага будынку лясьніцтва. Высокі, каржакаваты, здаецца, нязломны, як і вячыстыя дрэвы вакол. Частуе мядком з 30 вульлёў, дзе ўжо 4 дзесяцігодзьдзі гняздуюцца пчаліныя сем’і. Трывалыя і ягоныя палітычныя прыхільнасьці ды перакананьні.
Карэспандэнт: «Раней казалі, што „Народную волю“ адзін выпісваеце ў Гальшанах…»
Вярбіцкі: «А цяпер больш — людзі перасталі баяцца, зьявілася нейкая годнасьць — хачу і выпішу…»
Карэспандэнт: «17 кандыдатаў, мноства з апазыцыі — пойдзеце галасаваць?»
Вярбіцкі: «Я яшчэ абдумваю і „ўзгадню“ з Пазьняком — я яго падтрымліваю і пайшоў бы за ім, каб прыехаў, куды хочаш. Бо адзіны лідэр, які можа ўратаваць Беларусь…»
Карэспандэнт: «Вы 8 год таму казалі, што апазыцыя на вёсцы не пераможа — можаце паўтарыць?»
Вярбіцкі: «Няма поля для дзейнасьці. Сустракаеш у бальніцы, крамах пэнсіянэраў — „кляймяць“ Лукашэнку, а потым гавораць „добра, што і гэта даюць“. Я ім — а дзе ёсьць краіна, што не даюць?! Тады яны маўчаць. А галасаваць за каго будзеце? „Ну, Лукашэнка пэнсію дае“. Моладзь сьпілася ў дошку — няма, каб хто зь іх нешта чытаў, слухаў. Жывёлагадоўчы комплекс ёсьць, лясьніцтва крыху трымаецца, рубкі праводзяцца — прадаюць тое, што стварылі не яны, а прырода. Атрымліваюць зь дзясятак лесарубаў ня больш за 500 тысячаў…»
Антаніна: «На паляводзтве па 100 тысячаў, затое даюць абеды. А для бамжа — сёе-тое. Працуюць 5-6 сьпітых людзей — сама бачыла. Бальніца ўратоўвае людзей — стацыянар, амбуляторыя. Закрыць хочуць, бо стары будынак. Ашмянская бальніца не прымае, а ставіць на чаргу. А „хуткая“ — будзем паміраць, не даедзе…»
Гэта ня вытрымала і ўступіла ў гамонку жонка спадара Вярбіцкага — спадарыня Антаніна. Акурат для яе я меў адзіны станоўчы адказ ад старшыні сельсавету Коўзана.
Коўзан: «Бальніца адназначна будзе ў Гальшанах! 21 ложка-месца ўсе занятыя…»
Цяпер ужо я пытаюся ў Антаніны Іванаўны.
Карэспандэнт: «А што са статкам прыватных кароў?»
Антаніна: «Лічаныя трымаюць людзі — купіць свайго малака вельмі цяжка. Ад кароў адмаўляюцца, бо не даюць сенажаці. У Франца Іванавіча косяць між вульлямі, розную дрыгву прывозяць самі, ад калгаса дапамогі ніякай…»
Вярбіцкі: «Калі быў Шушкевіч, людзі пачалі купляць коней, трактары, кінуліся да зямлі. Прыйшоў „бацька“ — адвучыліся…»
Карэспандэнт: «Мне кажуць, што памруць Гальшаны — музэй закрылі, замка, працы, турыстаў няма…»
Вярбіцкі: «Памруць — для мяне слова незразумелае. Усе будзем жыць, але гледзячы, хто як — горай-лепей ці, паводле Лукашэнкі, „дрэнна, але нядоўга“. Але не памруць, бо заўжды будзе гародзік. Зямля гальшанская плодная: уваткнеш аглоблю — вырасьце воз. Я, напрыклад, займаюся пчолкамі, саджу бульбу, пшанічку — ёсьць даход невялікі. Я веру ў лепшую будучыню Гальшанаў — тады, калі ня будзе гэтай улады і прэзыдэнта. Гэта павінна быць…».