Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэт Вішнёў: “Башура мае права хадзіць па восені і пісаць вершы”


Міхась Башура
Міхась Башура
У Савецкім судзе Менску працягваўся працэс над актывістам «Гавары праўду» Міхасём Башурам, якога абвінавачваюць у паўторнай падробцы дакумэнтаў.

Да працэсу над Міхасём Башурам грамадзкая цікаўнасьць не зьніжаецца. Сёньня ў суд зноў прыйшло шмат актывістаў кампаніі «Гавары праўду», вядомых палітыкаў, журналістаў і сваякоў абвінавачанага. З раніцы суд працягваў вывучаць дакумэнты справы. Таксама бакі ўдакладнялі моманты, якія падаюцца спрэчнымі. Гэтак, прадстаўніца пракуратуры спадарыня Корнева яшчэ раз пыталася ў Міхася Башуры пра абставіны падачы ў банк даведкі, якую сьледзтва лічыць сфальшаванай. Паводле Міхася Башуры, гэтую даведку перадавала ў 514-ы філіял «Беларусбанку» ягоная жонка Натальля.

«У даведцы не хапала запісу, што дырэктар выконвае і абавязкі галоўнага бухгальтара. Пасьля таго, як жонцы ў банку ўказалі на гэта, яна прынесла даведку мне, я ўсё выправіў, як трэба, і яна зноў аднесла даведку ў банк».

Актывіст «Гавары праўду» кажа, што быў у ліку 6 гарантаў вяртаньня крэдыту, і гэтак сама, як астатнія гаранты, у банк з дакумэнтамі не зьяўляўся. Між тым, паводле сьледзтва, даведку, у якой быў значна перавышаны рэальны сярэднемесячны заробак, Міхась Башура адносіў у банк сам. Гэты момант можа істотна паўплываць на прызнаньне Башуры вінаватым альбо невінаватым.

Спадарыня Сідарэнка, адвакат, таксама зрабіла істотныя ўдакладненьні. Яна дамаглася, каб суд агледзеў копіі пастаноў аб завядзеньні крымінальных спраў супраць Міхася Башуры, якія былі прынятыя з розьніцай у некалькі дзён. На копіях, якія перадаваліся Башуру ў камэру, няма пэўных адзнак сьледчых, якія ёсьць на арыгіналах гэтых дакумэнтаў у матэрыялах справы. Разыходжаньні Тамара Сідарэнка тлумачыць тым, што сьледчыя «нацягвалі» абвінавачаньне Башуры, зьвязанае менавіта з арыштам.

«Паводле першай пастановы супраць Башуры, заведзенай 9 жніўня, яму інкрымінавалі першую частку 380-га артыкулу. А гэта прадугледжвае пакараньне да 2 гадоў, і значыць, няма падстаў для вынясеньня яму меры ўтрыманьня да суду ў выглядзе заключэньня пад варту. Вось чаму ўзьнікла другая крымінальная справа з больш цяжкім артыкулам, і Башуру затрымалі».

У судзе сёньня пачаўся допыт сьведак. Першым дапыталі Зьмітра Вішнёва, дырэктара выдавецкай фірмы «Галіяфы», дзе Міхась Башура працаваў намесьнікам дырэктара. Сьведка пацьвердзіў некалькі важных момантаў у паказаньнях Башуры: што той сапраўды меў права ставіць подпіс на дакумэнтах як кіраўнік, і што ў канцы 2009 году, калі Башура падаваў даведку ў банк, самога Вішнёва ў горадзе магло ня быць, бо ён часта езьдзіць па краіне і за мяжу.
Хочацца верыць у тое, што паэта выпусьцяць на волю.
Таксама Зьміцер Вішнёў засьведчыў, што ў той час Башура меў сярэдні заробак каля 90 тысяч на месяц. Чаму Міхась Башура напісаў у даведцы, што зарабляў болей за 600 тысяч, сьведка ня ведае. Скончыў свае паказаньні Зьміцер Вішнеў заявай адносна Міхася Башуры як паэта. У перапынку Зьміцер Вішнеў паўтарыў гэта для Радыё Свабода.

«Хочацца верыць у тое, што паэта выпусьцяць на волю, ён будзе хадзіць восеньню сярод дрэваў, такіх цяпер прыгожых, жоўценькіх, і пісаць вершы для нашых дзяўчат. А што да памылак, то кожны з нас мае на іх права».

У суд сёньня таксама выклікалі супрацоўнікаў банку і выканкаму, якія, паводле сьледзтва, былі сьведкамі таго, ці прыносіў туды Міхась Башура фальшывую даведку.

Актывіст «Гавары праўду» Міхась Башура кажа, што памыліўся ў падліках сваіх заробкаў, з-за чаго ягоная даведка ў банк і выканкам аказалася недакладнай. Сьледзтва мяркуе, што даведка была падробленая з мэтай увесьці ў зман крэдытную ўстанову і выканкам, дзе прымаецца рашэньне аб ільготнай чарзе на жытло. Кампанія «Гавары праўду» лічыць, што Міхася Башуру перасьледуюць менавіта за ягоную актыўнасьць у грамадзкім жыцьці.

Судзьдзя Кірыл Палулех абвясьціў перапынак у працэсе да 15 кастрычніка і прапанаваў прадстаўніку пракуратуры і адвакату падрыхтавацца да выступу ў спрэчках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG