Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты-крыміналісты АБСЭ прыедуць у Менск 25 кастрычніка


Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе вызначыла экспэртаў, якія прыедуць у Менск для вывучэньня абставінаў сьмерці незалежнага журналіста Алега Бябеніна.

Экспэрты-крыміналісты АБСЭ, якія запрошаныя ў Беларусь для азнаямленьня з матэрыяламі справы аб сьмерці незалежнага журналіста Алега Бябеніна, павінны прыбыць у Менск 25 кастрычніка. Яны прадстаўляюць дзьве скандынаўскія краіны – Нарвэгію ды Швэцыю. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

"Паводле той інфамацыі, якую мы атрымалі з сакратарыяту АБСЭ, працэс выбару экспэртаў завершаны. Экспэрты гатовыя прыбыць у Менск для азнаямленьня са справай Алега Бябеніна. Мяркуецца, што яны прыбудуць да нас прыкладна 25 кастрычніка. І мы ведаем, што гэта крыміналісты зь вельмі вялікім досьведам".

Прэсавы сакратар "Эўрапейскай Беларусі" Аляксандар Атрошчанкаў сказаў "Свабодзе", што ён, як і іншыя блізкія сябры Алега Бябеніна, спадзяюцца на шчыльныя кантакты з экспэртамі АБСЭ:

"Калі мы будзем запрошаныя на сустрэчу, мы будзем казаць толькі аб тым, што было, што мы бачылі, што мы ведаем. А мы ведаем дастаткова для таго, каб быць упэўненымі, што самагубства – гэта вельмі сумнеўная вэрсія. Ніхто з нас у яе ня верыць. І, канечне, мы будзем казаць аб гэтым".

Праваабаронца Алег Воўчак адзначае: сёньня пакуль рана казаць, наколькі эфэктыўна і аб'ектыўна будуць дзейнічаць замежныя экспэрты.

"Гэта сапраўды першы такі прэцэдэнт. Нават калі я працаваў сьледчым, то такога ў нас не было, каб экспэртаў запрашалі з-за мяжы для азнаямленьня з матэрыяламі справы".

Алег Воўчак таксама акцэнтуе ўвагу на тым, які аб'ём інфармацыі будзе дадзены замежным крыміналістам:

"Канечне, такога роўню спэцыялісты могуць вельмі ўважліва вывучыць тыя матэрыялы, якія яны атрымаюць. Але пакуль мы ня ведаем, якія канкрэтна матэрыялы пракуратура аддала перакласьці на ангельскую мову. А паколькі сьледзтва дагэтуль ідзе, то яны магчыма атрымаюць палову альбо адну траціну матэрыялаў. І зь няпоўнай інфармацыі экспэртам будзе складана даць аб'ектыўную карціну".

Цела Алега Бябеніна было знойдзена на пачатку верасьня ў пятлі на ягоным лецішчы пад Менскам. 3-га кастрычніка пракурор Менскай вобласьці Аляксандар Архіпаў працягнуў да 3-га лістапада тэрмін праверкі справы па факту сьмерці журналіста.

Намесьнік Генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швэд заявіў, што пракуратура разглядае некалькі вэрсіяў здарэньня. Сярод іх – самазабойства і забойства з далейшай інсцэніроўкай суіцыду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG