Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не адракайцеся цыцкі нашай роднай...


Кацярына Нікандрава
Кацярына Нікандрава
Грудзі спадарыні Кацярыны Нікандравай, побач з катом Барсікам, сталі істотным элемэнтам беларускай палітыкі на сучасным этапе.

З чым выпадае толькі павіншаваць усіх выбаршчыкаў, якія спачуваюць долі як братоў нашых меншых, так і сакавітых беларускіх цыцак, што пакутуюць у чужым прыгоне станікаў, ліфчыкаў і бюстгальтэраў, то бок, нацыцнікаў.

Вяртаньне слова "цыцка" ў агульнанацыянальны ўжытак – гэта немалаважная моўная падзея, магчыма, што і ня менш важная, чым выбары, якія выпіхнулі гэтае слова, так сказаць, на палітычную амбразуру. Мы павінны забясьпечыць гэтаму слову – як у адзіночным, так і ў множным ліку – сталае жыхарства ў нашым слоўніку.

У савецкім пяцітомным тлумачальным слоўніку беларускай мовы слова "цыцка" – у шостым томе на старонцы 263 – суправаджаецца пазнакай "Разм(оўнае)". Значэньне 1: Грудзі жанчыны. Значэньне 2: Сасок млекакормячых.

У постсавецкім аднатомным тлумачальным слоўніку літаратурнай беларускай мовы (1996) артыкул "Цыцкі" (старонка 736) таксама суправаджаецца пазнакай "разм(оўнае)", а значэньні гэтага слова такія самыя, як у шасьцітомным пяцітомніку.

Беларускія лексыкографы як бы саромеліся гарантаваць лексычнай адзінцы "цыцка/цыцкі" паўнапраўны статус у беларускай мове, як бы баяліся паказаць гэтую лексэму ў яе, так бы мовіць, натуральным стане, а таму навалакаюць на яе станік пад назвай "разм(оўнае)".

У сытуацыі, калі практычна ніхто не размаўляе на беларускай мове, ставіць пазнакі тыпу "размоўнае" перад нейкім беларускім словам – гэта, прабачце, лексыкаграфічная пэрвэрсія...

Для людзей, якія вучыліся беларускай мове ад мамы – слова "цыцка" ніколі ня будзе сарамліва-"размоўным". Іншыя, магчыма, аддадуць перавагу слову "грудзі" як больш "неразмоўнаму" сыноніму. Але гэта, так бы мовіць, недакладны сынонім. У слова "грудзі" – значна шырэйшае сэмантычнае поле, чым у слова "цыцкі". Значыць, "цыцкі" – слова больш дакладнае і больш унікальнае. А дакладнымі і ўнікальнымі рэчамі трэба даражыць.

Мы, зразумела, заступаемся за "цыцкі" як за сакавітае літаратурнае слова, зь якога трэба зьняць нацыцнік "размоўнае". Мы яго ставім упоравень са словам "грудзі".

Але мы ня хочам перагібаць у гэтым пытаньні, як робіць адзін сталы наведнік нашага сайту зь мянушкай "Мікола", які прыслаў нам вось такі камэнтар:

"Па беларуску кажуць цыцкі, чаму ўсе раптам учапіліся за косьці грудзей пад цыцкамі??????"

Мікола, ня ўсе кажуць "цыцкі". Ёсьць, на жаль, асобы, якія кажуць "грудзі". Ганьба ім, зразумела... Але ж...

Слова "грудзі" не азначае "косьці грудзей пад цыцкамі", як вам здаецца. Зазірніце ў слоўнік. Гэтыя косьці акрэсьліваюцца словам "грудзіна"...

Калі ў вас няма слоўніка, то схадзіце ў бібліятэку. І не дурыце нам галавы.

А ўсім іншым мы прапануем на заканчэньне падумаць над яшчэ адным сумным фактам з гісторыі пэрвэрсійнай беларускай лексыкаграфіі. Паспрабуйце перакласьці ангельскае "boobs" або "tits" у Google Translate на беларускую мову. Думаеце, вам там пакажуцца "цыцкі"? А ніфіга. Пакажуцца "сіські"... Вось як мы здаем пазыцыі перад расейцамі. Ужо здалі "цыцкі", а цяпер, магчыма, рыхтуемся здаваць "яйцы"...

Калі я паказаў вынік перакладу словаў "boobs" і "tits" на беларускую мову ў Google Translate маёй жонцы, яна сказала нешта накшталт "ну, я ж табе казала, што ў іх ня ўсё на сваім месцы...", а потым дадала, што прынамсі ў падляскіх беларусак сіська толькі адна, і што яна, на шчасьце, пядзі дзьве ніжэй, чым цыцкі...

Ну, што тут яшчэ дадаць?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG