Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як патэнцыйныя кандыдаты ставяцца да сьмяротнага пакараньня?


10 кастрычніка – Сусьветны Дзень барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня. Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты адказваюць на пытаньне: “Ці захаваецца падчас вашага прэзыдэнцтва сьмяротнае пакараньне?”

Аляксандар Лукашэнка:

Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў у 1996 годзе рэфэрэндум аб мэтазгоднасьці сьмяротнага пакараньня.

Алесь Міхалевіч:

“У выпадку майго прэзыдэнцтва будзе ўведзены мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня. Гэта мера неабходная для паляпшэньня міжнароднага вобразу Беларусі”.

Уладзімер Някляеў:

“Катэгарычна — не. Я выхаваны ў сям’і сапраўдных вернікаў. Мой дзед, якога я лічыў сьвятым чалавекам, і які, мабыць, такім і быў, стаў маім выхавацелем. Ён мяне па Бібліі навучыў чытаць. І з таго Сьвятога пісаньня я ведаю як неабвержнае тое, што дадзенае Богам – яго ня можа забраць чалавек. Таму мы спачатку ўвядзем мараторый, а пасьля падпішам усе дакумэнты, якія патрэбна, каб гэта адмяніць”.

Уладзімер Правальскі:

“Цяперашняя сытуацыя — аптымальная. Тэарэтычна — так, практычна — мінімум”.

Яраслаў Раманчук:

“Яно, безумоўна, не застанецца. Цягам першага месяца мы ўвядзём мараторый, бо бяз гэтага мы ня станем сябрам Рады Эўропы. Па сутнасьці, не разблякуем шлях інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую прастору”.

Андрэй Саньнікаў:

"Я прынцыпова супраць сьмяротнага пакараньня, бо ніхто ня можа пазбаўляць чалавека жыцьця. Я супраць таго, каб дзяржава мела такое права. Афіцыйныя ўлады кажуць, што наяўнасьць сьмяротнага пакараньня замацаваная вынікамі рэфэрэндуму. Але нельга на рэфэрэндум выносіць жыцьцё чалавека".

Мікалай Статкевіч:

“Ад сьмяротнага пакараньня трэба адмовіцца. Бо ня мы даём жыцьцё чалавеку, і ня нам забіраць. Пакараць чалавека можна і па-іншаму. Ня трэба людзей ставіць у такую сытуацыю, калі яны вымушаныя забіваць, а потым хаваць гэта ад сваякоў”.

Віктар Цярэшчанка:

“Сьмяротнае пакараньне, лічу, неабходна адмяніць. І гэта справа народу праз рэфэрэндум”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG