Сёлетні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі за літаратуру М. В. Льёса вядомы ня толькі як раманіст, драматург, публіцыст, але таксама як дасьледчык і выкладчык літаратуры.
У 1990 годзе ён выдаў кнігу эсэ пра сваіх улюбёных пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя пад назвай “Праўда прыдуманага”. У прадмове, урывак зь якой мы публікуем, аўтар разважае пра ролю фікцыі ў жыцьці чалавека і пра суадносіны літаратурнай праўды з праўдай рэальнага жыцьця.
З часу, як я напісаў свой першы аповед, у мяне пачалі пытацца, "ці праўда" ўсё тое, што я пішу. Хаця мае адказы задавальняюць цікаўнікаў, шторазу, як я адказваю на гэтае пытаньне, хай сабе і як мага шчыра, мяне не пакідае няёмкае адчуваньне таго, што я ніколі не патрапляю даць слушны адказ.
Для некаторых людзей тое, ці ёсьць раманы адпаведнымі рэчаіснасьці ці хлусьлівымі, настолькі ж важна, як для іншых – ці ёсьць яны добрымі або дрэннымі, і многія чытачы, сьвядома ці несьвядома, ставяць другое ў залежнасьць ад першага.Гішпанскія інквізытары, напрыклад, забаранілі былі дастаўляць раманы ў амэрыканскія калёніі і друкаваць іх тут на той падставе, што гэтыя дурнаватыя і абсурдныя – а значыць, хлусьлівыя – кнігі маглі прынесьці шкоду душэўнаму здароўю індзейцаў. З гэтай прычыны цягам трохсот гадоў гішпанаамэрыканцы чыталі толькі кантрабандную бэлетрыстыку, а першы раман быў апублікаваны ў гішпанскай Амэрыцы толькі пасьля незалежнасьці (у Мэксыцы, у 1816 годзе). Забараніўшы ня проста асобныя творы, а цэлы літаратурны жанр, Сьвятая Кангрэгацыя ўсталявала нешта, што бачылася ёй як абстрактны закон без выключэньняў: маўляў, раманы хлусяць заўсёды, усе яны прапаноўваюць непраўдзівае бачаньне жыцьця. Некалі я напісаў працу, дзе высьмейваў такіх арбітраў, здольных да падобных абагульненьняў. Цяпер я лічу, што гішпанскія інквізытары, бадай, першыя – раней за крытыкаў і саміх раманапісцаў – зразумелі прыроду фікцыі і ейны бунтарскі патэнцыял.
Раманы насамрэч хлусяць – а як жа іначай – але гэта яшчэ ня ўсё. Хлусячы, яны яшчэ й выказваюць цікавую праўду, якая можа быць выказаная толькі прыхавана, пад покрывам хлусьні. Вышэйсказанае пакідае ўражаньне нісянеціцы, але ў сапраўднасьці вядзецца пра штосьці вельмі простае. Людзі не задаволеныя сваім лёсам, і амаль усе яны – багатыя ці бедныя, геніяльныя ці пасрэдныя, вядомыя ці не – прагнуць жыць нейкім іншым жыцьцём. Каб наталіць – падманлівым чынам – гэтую прагу, нарадзілася літаратурная фікцыя. Яна пішацца і чытаецца для таго, каб людзі мелі магчымасьць жыць тыя жыцьці, зь недасяжнасьцю якіх яны ня згодныя мірыцца. У зародку кожнага раману закіпае нонканфармізм, дыхае незадаволенае жаданьне. (...)
Што азначае "раман заўжды хлусіць"? Так, відаць, не лічылі афіцэры і кадэты Вайсковага каледжу Леонсіё Прада, дзе – прынамсі, так можа здацца – адбываецца дзеяньне майго першага раману "Горад і сабакі": яны спалілі маю кнігу, абвясьціўшы яе паклёпам на сваю ўстанову. Не лічыла так ані мая першая жонка, што, прачытаўшы іншы мой раман, "Цётухна Хулія і паперапсуй", і пазнаўшы ў ім свой "скажоны" партрэт, апублікавала кнігу, у якой нібыта аднаўляе перакручаную фікцыяй праўду.Натуральна, што ў абедзьвюх гісторыях – больш выдумак, перакручваньняў і перабольшваньняў, чым успамінаў, і што, калі я іх пісаў, я зусім не прэтэндаваў на даслоўную адпаведнасьць фактам і асобам, якія папярэднічалі раману і мелі да яго ўмоўнае дачыненьне. У абодвух выпадках, як і ў астатніх маіх творах, я зыходзіў з жывога досьведу маёй памяці, якая стымулявала маю фантазію, і ў выніку прыдумаў штосьці, у чым згаданы працоўны матэрыял адлюстраваўся досыць "няслушна". Раманы пішуцца не для таго, каб распавесьці пра жыцьцё, а для таго, каб трансфармаваць яго, штосьці дадаючы... Ці мог я ў згаданых раманах паспрабаваць перадаць успаміны з скрупулёзнай дакладнасьцю? Вядома, мог. Але нават калі б я зьдзейсьніў гэты нудны подзьвіг, апавёўшы толькі факты і апісаўшы толькі такіх пэрсанажаў, чые біяграфіі адпавядалі б іхным прататыпам цот у цот, то мае раманы праз гэта не былі б менш хлусьлівымі ці больш адпаведнымі рэчаіснасьці, чым яны ёсьць.
Бо праўдзівасьць ці непраўдзівасьць фікцыі вызначаецца не сюжэтам, а тым, што фікцыя – напісаная, а не пражытая, зробленая з словаў, а не з канкрэтных перажываньняў. Увасобіўшыся ў мове, расказаныя падзеі праходзяць праз глыбокае пераўтварэньне. Сапраўдны факт – крывавая бітва, у якой аўтар браў удзел, гатычны профіль ягонай каханай – ёсьць адным адзіным, тым часам як знакі і спосабы, што могуць яго перадаць – незьлічоныя. Абіраючы адны зь іх і адкідаючы іншыя, раманіст аддае перавагу адной магчымасьці ці вэрсіі апісаньня і забівае тысячы іншых: значыць, тое, што ён апісвае, мяняе сваю прыроду, з прадмета апісаньня робіцца апісаным. Ці маю я на ўвазе толькі аўтараў-рэалістаў, прадстаўнікоў той сэкты, школы ці традыцыі, да якой без сумневу належу я сам, – пісьменьнікаў, чые раманы апавядаюць пра падзеі, што пазнаюцца чытачамі як магчымыя пасярэдніцтвам іхнага ўласнага жыцьцёвага досьведу? Магло б здацца, што для пісьменьніка фантастычнага кірунку, што апісвае непазнавальныя і яўна няісныя сьветы, не паўстае нават праблемы суадносінаў між рэчаіснасьцю і фікцыяй. Насамрэч яна паўстае, хаця іншым чынам. "Ірэальнасьць" фантастычнай літаратуры ўспрымаецца чытачом сымбалічна ці алегарычна, гэта значыць як рэпрэзэнтацыя існасьцяў і перажываньняў, якія ён здольны супаставіць з жыцьцём, распазнаць у жыцьці. Але галоўнае тут тое, што мяжу між праўдай і хлусьнёй у фікцыі вызначае зусім не "рэалістычны" ці "фантастычны" характар самога сюжэту.
Да гэтага першага пераўтварэньня, калі словы накладаюць на факты свой адбітак, дамешваецца другое, ня меней радыкальнае: пераўтварэньне ў часе. Сапраўднае жыцьцё цячэ несупынна, яно невымернае, гэта хаос, у якім кожная гісторыя зьмешваецца з усімі астатнімі, а значыць, ня мае ні пачатку, ні канца. Жыцьцё ў фікцыі – сымулякр, у якім увесь гэты галавакружны непарадак становіцца парадкам: набывае арганізаванасьць, прычыннасьць, канец і пачатак. Самадастатковасьць раману ня ёсьць толькі вынікам яго мовы, але ў тым ліку – вынікам яго часавай сыстэмы, таго, як прабягае ў рамане быцьцё: калі яно спыняецца, калі паскараецца, зь якой пэрспэктывы вядзецца апавяданьне і апісаньне гэтага прыдуманага часу. Калі між словамі і рэчамі ёсьць пэўная дыстанцыя, то між сапраўдным і фіктыўным часам – цэлая бездань.Раманны час ёсьць артэфактам, створаным з мэтай дасягненьня пэўнага псыхалягічнага ўзьдзеяньня. У ім мінуўшчына можа ісьці пасьля будучыні, наступства папярэднічаць прычыне – як у аповедзе Алеха Карпэнт'ера "Падарожжа да зерня", які пачынаецца сьмерцю старога і разьвіваецца ў кірунку ягонага зачацьця, да матчынага ўлоньня; ці мінуўшчына можа быць такой далёкай, што ніколі не дасягне непасрэдна блізкай мінуўшчыны, з гледзішча якой вядзецца апавяданьне, як у бальшыні клясычных раманаў; ці гэта можа быць вечнае цяперашняе безь мінуўшчыны ані будучыні, як у творах Сэм'юэла Бэкета; ці лябірынт, дзе мінуўшчына, цяпершчына і прышласьць суіснуюць, як у "Шуме і ўтрапёнасьці" Фолкнэра.
Раманы маюць пачатак і канец, і нават у самых аморфных і спазматычных зь іх жыцьцё набывае сэнс, які мы здольныя ўспрыняць, бо раманы прапаноўваюць нам такое бачаньне сапраўднага жыцьця, у якім само гэтае жыцьцё, паглынаючы нас, нам адмаўляе. Парадак у рамане – гэта вынаходка, дадатак аўтара, які прыкідваецца, быццам перастварае жыцьцё, тым часам як насамрэч яго падпраўляе. Часам незаўважна, часам груба, фікцыя здраджвае жыцьцю, заключае яго ў капсулу прадыктаваных сюжэтам словаў, што зьмяншаюць маштаб жыцьця і робяць яго дасяжным для чытача. Праз гэта чытач можа ацэньваць фікцыю, разумець яе, і перадусім – жыць ёю вольна, беспакарана, так, як сапраўднае жыцьцё не дазваляе.
Якая тады розьніца між фікцыяй і газэтным рэпартажам ці падручнікам гісторыі? Хіба ж яны таксама ня створаныя з словаў? І хіба штучны час апавяданьня не зьнявольвае ў турму незацугляную плынь сапраўднага часу? Адказ такі: вядзецца пра два сыстэматычна розныя падыходы да рэчаіснасьці. Тады як раман паўстае супраць жыцьця і пераўзыходзіць яго, згаданыя два жанры нязьменна застаюцца яго слугамі. У выпадках фікцыі і нон-фікцыі разуменьне праўды і хлусьні – адрознае.У журналістыцы ці ў гісторыі праўдзівасьць залежыць ад супастаўленьня напісанага з рэчаіснасьцю, якая паслужыла аўтару матывацыяй. Чым бліжэй да рэчаіснасьці, тым праўдзівейшы твор, і наадварот. Сказаць, што "Гісторыя францускай рэвалюцыі" Мішле ці "Гісторыя заваяваньня Пэру" Прэската ёсьць "бэлетрыстыкай", азначае іх высьмеяць, закінуць ім брак сур'ёзнасьці. Наадварот, пільны пошук гістарычных недакладнасьцяў у "Вайне і міры" быў бы стратай часу: праўдзівасьць раману залежыць не ад гэтага. А ад чаго? Ад яго здольнасьці пераконваць, ад уяўленчай сілы паведамленьня, ад яго магічных здольнасьцяў. Любы добры раман – праўдзівы, любы дрэнны – хлусіць. Таму што "сказаць праўду" азначае ў рамане прымусіць чытача перажыць ілюзію, а "схлусіць" – гэта ня здолець яго падмануць. Бо раман – гэта амаральны жанр, ці, хутчэй, жанр, які мае апрычоную этыку sui generis, у рамках якой праўда ці хлусьня ёсьць чыста эстэтычнымі поймамі. Раман – гэта мастацтва "адчужэньня", па сутнасьці антыбрэхтаўскае: без "ілюзіі" раману няма.
Можа здацца, што з сказанага вышэй вынікае, быццам фікцыя – гэта проста прыдумка дзеля прыдумкі, штукарства, пазбаўленае трансцэндэнцыі. Зусім наадварот: якім бы трызьненьнем ні выглядала фікцыя, ейныя карані сягаюць глыбока ў чалавечы досьвед, што сілкуе і жывіць яе. У гісторыі літаратуры адна з найбольш частых тэмаў – гэта рызыка літаральнага ўспрыманьня раманаў, веры ў тое, што жыцьцё ёсьць такім, якім яны яго падаюць. Рыцарскія раманы даводзяць да вар'яцтва Алёнса Кіхана і штурхаюць яго на шлях барацьбы зь ветракамі, а трагедыя Эмы Бавары была б немагчымай, калі б гэтая гераіня Флябэра не хацела быць падобнай да жанчын зь ейных улюбёных рамантычных кніжак. Паверыўшы ў тое, што сапраўднасьць ёсьць такой, як удае літаратура, Алёнса Кіхана і Эма перажываюць жахлівыя няшчасьці. Ці асуджаем мы іх за гэта? Не, іхныя гісторыі кранаюць і захапляюць нас: іхнае марнае намаганьне жыць паводле фікцыі бачыцца нам увасабленьнем шляхотнага ідэалізму, што робіць гонар чалавечаму роду. Таму што хацець быць іншым, чым ты ёсьць, заўжды было чалавечым памкненьнем par excellence. Адсюль бярэ выток найлепшае і найгоршае ў гісторыі чалавецтва. Адсюль таксама нарадзілася літаратура.
Калі мы чытаем раманы, мы ёсьць ня толькі тымі, што звычайна, але яшчэ й тымі штучнымі істотамі, у таварыства якіх нас пераносіць аўтар.Перанос ёсьць мэтамарфозай: задушлівы рэдут нашага рэальнага жыцьця адчыняецца, і мы выходзім, каб быць іншымі, каб апасродкавана перажыць рэчы, што з дапамогай фікцыі робяцца нашымі. Летуценьне, увасобленая фантазія, прыдумка дапаўняюць нас, пакалечаных істотаў, што пакутуюць ад жахлівай навязанай ім дыхатаміі: жыць усяго адно жыцьцё, і пры гэтым мець мараў і прагаў на тысячу жыцьцяў. Гэтую прастору між нашым сапраўдным жыцьцём і жаданьнямі ды фантазіямі, што патрабуюць ад жыцьця большага багацьця і разнастайнасьці, і запаўняе літаратурная фікцыя.
У сэрцы кожнага літаратурнага твору палае пратэст. Той, хто іх піша, робіць гэта таму, што ня можа іх перажыць, а той, хто чытае (і верыць у тое, што чытае), знаходзіць у іхных прымхах твары і прыгоды, якіх яму не хапала, каб узбагаціць уласнае жыцьцё. Гэта і ёсьць тая праўда, якую выяўляе фікцыя: мы самі ёсьць гэтымі прыдумкамі, якія суцяшаюць нас і робяць цяжар нашай настальгіі і фрустрацыі лягчэйшым. Наколькі мы можам верыць сьведчаньням, што падаюць раманы пра грамадзтва, якое іх спарадзіла? Ці былі гэтыя людзі такімі ў сапраўднасьці? Так, у тым сэнсе, што такімі яны хацелі быць, так яны самі ўспрымалі сваё каханьне, пакуты і асалоды. Прыдумкі адлюстроўваюць ня жыцьці, а тых дэманаў, якія вярэдзілі людзкую фантазію, тыя мары, якімі людзі ўпіваліся, каб іхнае жыцьцё здавалася ім больш выносным. Любую эпоху насяляюць ня толькі істоты зь мяса і косьці, але і фантасмагорыі, у якіх гэтыя істоты разбураюць тыя бар'еры, што абмяжоўваюць і пазбаўляюць іх надзеі.
Раманныя прыдумкі ніколі не бываюць самамэтай: яны запаўняюць прабелы жыцьця. Таму калі жыцьцё здаецца паўнавартасным і абсалютным, калі людзі дзякуючы нейкай усёапраўдальнай і ўсёабдымнай веры пагаджаюцца з сваім лёсам, тады раманы звычайна ні да чога не прыдатныя. Культуры, заснаваныя на рэлігіі, прадукуюць паэзію, тэатар, але зрэдку вялікія раманы. Раман – мастацтва тых грамадзтваў, дзе вера перажывае крызіс, дзе існуе патрэба ў нешта паверыць, дзе ўніфікаванае, самаўпэўненае і абсалютнае сьветабачаньне раскалолася, і на яго месцы ўзьнікла паняверка ў дачыненьні да сьвету чалавечага, як і да іншасьвету.Апрача амаральнасьці, у нетрах раманаў хаваецца пэўны скептыцызм. Калі рэлігійная культура ўваходзіць у стадыю крызісу, пачынае здавацца, што жыцьцё вымыкае з наяўных схемаў, догмаў, інструкцый, якія ўтрымлівалі яго цэласнасьць, ператвараецца ў хаос: вось такія моманты спрыяюць раманам. Іхнае штучнае ўпарадкаваньне прапануе схованку, бясьпеку, у іх могуць вольна разгарнуцца тыя жаданьні і страхі, якія сапраўднае жыцьцё выклікае, але якія яно ня здольнае наталіць ці ўтаймаваць. Фікцыя – гэта часовы сурагат жыцьця. Вяртаньне ў рэальнасьць заўжды нечувана абядняе: мы пераконваемся, што нашыя мары большыя за нас. Гэта азначае, што літаратура ня толькі часова наталяе людзкую незадаволенасьць, але таксама яе падахвочвае, прышпорваючы нашыя жаданьні і фантазіі.
Гішпанскія інквізытары зразумелі небясьпеку фікцыі. Магчымасьць жыць іншым, недасяжным жыцьцём – гэта крыніца неспатольнасьці, неадпаведнасьць існаму, якая можа выліцца ў бунт, у непадпарадкаваньне замацаванаму стану рэчаў. Таму зразумела, чаму рэжымы, якія імкнуцца да татальнага кантролю над жыцьцём, не давяраюць прыдумкам і цэнзуруюць іх. Выйсьці за межы сябе, быць іншым, няхай толькі ілюзорна – гэта спосаб быць меней рабом і адчуць рызыку свабоды.
1989
Пераклаў Макс Шчур
У 1990 годзе ён выдаў кнігу эсэ пра сваіх улюбёных пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя пад назвай “Праўда прыдуманага”. У прадмове, урывак зь якой мы публікуем, аўтар разважае пра ролю фікцыі ў жыцьці чалавека і пра суадносіны літаратурнай праўды з праўдай рэальнага жыцьця.
З часу, як я напісаў свой першы аповед, у мяне пачалі пытацца, "ці праўда" ўсё тое, што я пішу. Хаця мае адказы задавальняюць цікаўнікаў, шторазу, як я адказваю на гэтае пытаньне, хай сабе і як мага шчыра, мяне не пакідае няёмкае адчуваньне таго, што я ніколі не патрапляю даць слушны адказ.
Для некаторых людзей тое, ці ёсьць раманы адпаведнымі рэчаіснасьці ці хлусьлівымі, настолькі ж важна, як для іншых – ці ёсьць яны добрымі або дрэннымі, і многія чытачы, сьвядома ці несьвядома, ставяць другое ў залежнасьць ад першага.
Раманы хлусяць, яны прапаноўваюць непраўдзівае бачаньне жыцьця.
Раманы насамрэч хлусяць – а як жа іначай – але гэта яшчэ ня ўсё. Хлусячы, яны яшчэ й выказваюць цікавую праўду, якая можа быць выказаная толькі прыхавана, пад покрывам хлусьні. Вышэйсказанае пакідае ўражаньне нісянеціцы, але ў сапраўднасьці вядзецца пра штосьці вельмі простае. Людзі не задаволеныя сваім лёсам, і амаль усе яны – багатыя ці бедныя, геніяльныя ці пасрэдныя, вядомыя ці не – прагнуць жыць нейкім іншым жыцьцём. Каб наталіць – падманлівым чынам – гэтую прагу, нарадзілася літаратурная фікцыя. Яна пішацца і чытаецца для таго, каб людзі мелі магчымасьць жыць тыя жыцьці, зь недасяжнасьцю якіх яны ня згодныя мірыцца. У зародку кожнага раману закіпае нонканфармізм, дыхае незадаволенае жаданьне. (...)
Што азначае "раман заўжды хлусіць"? Так, відаць, не лічылі афіцэры і кадэты Вайсковага каледжу Леонсіё Прада, дзе – прынамсі, так можа здацца – адбываецца дзеяньне майго першага раману "Горад і сабакі": яны спалілі маю кнігу, абвясьціўшы яе паклёпам на сваю ўстанову. Не лічыла так ані мая першая жонка, што, прачытаўшы іншы мой раман, "Цётухна Хулія і паперапсуй", і пазнаўшы ў ім свой "скажоны" партрэт, апублікавала кнігу, у якой нібыта аднаўляе перакручаную фікцыяй праўду.
Раманы пішуцца не для таго, каб распавесьці пра жыцьцё.
Бо праўдзівасьць ці непраўдзівасьць фікцыі вызначаецца не сюжэтам, а тым, што фікцыя – напісаная, а не пражытая, зробленая з словаў, а не з канкрэтных перажываньняў. Увасобіўшыся ў мове, расказаныя падзеі праходзяць праз глыбокае пераўтварэньне. Сапраўдны факт – крывавая бітва, у якой аўтар браў удзел, гатычны профіль ягонай каханай – ёсьць адным адзіным, тым часам як знакі і спосабы, што могуць яго перадаць – незьлічоныя.
Мяжу між праўдай і хлусьнёй у фікцыі вызначае не "рэалістычны" ці "фантастычны" характар сюжэту.
Да гэтага першага пераўтварэньня, калі словы накладаюць на факты свой адбітак, дамешваецца другое, ня меней радыкальнае: пераўтварэньне ў часе. Сапраўднае жыцьцё цячэ несупынна, яно невымернае, гэта хаос, у якім кожная гісторыя зьмешваецца з усімі астатнімі, а значыць, ня мае ні пачатку, ні канца. Жыцьцё ў фікцыі – сымулякр, у якім увесь гэты галавакружны непарадак становіцца парадкам: набывае арганізаванасьць, прычыннасьць, канец і пачатак. Самадастатковасьць раману ня ёсьць толькі вынікам яго мовы, але ў тым ліку – вынікам яго часавай сыстэмы, таго, як прабягае ў рамане быцьцё: калі яно спыняецца, калі паскараецца, зь якой пэрспэктывы вядзецца апавяданьне і апісаньне гэтага прыдуманага часу. Калі між словамі і рэчамі ёсьць пэўная дыстанцыя, то між сапраўдным і фіктыўным часам – цэлая бездань.
Парадак у рамане – гэта вынаходка, дадатак аўтара.
Раманы маюць пачатак і канец, і нават у самых аморфных і спазматычных зь іх жыцьцё набывае сэнс, які мы здольныя ўспрыняць, бо раманы прапаноўваюць нам такое бачаньне сапраўднага жыцьця, у якім само гэтае жыцьцё, паглынаючы нас, нам адмаўляе. Парадак у рамане – гэта вынаходка, дадатак аўтара, які прыкідваецца, быццам перастварае жыцьцё, тым часам як насамрэч яго падпраўляе. Часам незаўважна, часам груба, фікцыя здраджвае жыцьцю, заключае яго ў капсулу прадыктаваных сюжэтам словаў, што зьмяншаюць маштаб жыцьця і робяць яго дасяжным для чытача. Праз гэта чытач можа ацэньваць фікцыю, разумець яе, і перадусім – жыць ёю вольна, беспакарана, так, як сапраўднае жыцьцё не дазваляе.
Якая тады розьніца між фікцыяй і газэтным рэпартажам ці падручнікам гісторыі? Хіба ж яны таксама ня створаныя з словаў? І хіба штучны час апавяданьня не зьнявольвае ў турму незацугляную плынь сапраўднага часу? Адказ такі: вядзецца пра два сыстэматычна розныя падыходы да рэчаіснасьці. Тады як раман паўстае супраць жыцьця і пераўзыходзіць яго, згаданыя два жанры нязьменна застаюцца яго слугамі. У выпадках фікцыі і нон-фікцыі разуменьне праўды і хлусьні – адрознае.
Любы добры раман – праўдзівы, любы дрэнны – хлусіць.
Можа здацца, што з сказанага вышэй вынікае, быццам фікцыя – гэта проста прыдумка дзеля прыдумкі, штукарства, пазбаўленае трансцэндэнцыі. Зусім наадварот: якім бы трызьненьнем ні выглядала фікцыя, ейныя карані сягаюць глыбока ў чалавечы досьвед, што сілкуе і жывіць яе. У гісторыі літаратуры адна з найбольш частых тэмаў – гэта рызыка літаральнага ўспрыманьня раманаў, веры ў тое, што жыцьцё ёсьць такім, якім яны яго падаюць. Рыцарскія раманы даводзяць да вар'яцтва Алёнса Кіхана і штурхаюць яго на шлях барацьбы зь ветракамі, а трагедыя Эмы Бавары была б немагчымай, калі б гэтая гераіня Флябэра не хацела быць падобнай да жанчын зь ейных улюбёных рамантычных кніжак. Паверыўшы ў тое, што сапраўднасьць ёсьць такой, як удае літаратура, Алёнса Кіхана і Эма перажываюць жахлівыя няшчасьці. Ці асуджаем мы іх за гэта? Не, іхныя гісторыі кранаюць і захапляюць нас: іхнае марнае намаганьне жыць паводле фікцыі бачыцца нам увасабленьнем шляхотнага ідэалізму, што робіць гонар чалавечаму роду. Таму што хацець быць іншым, чым ты ёсьць, заўжды было чалавечым памкненьнем par excellence. Адсюль бярэ выток найлепшае і найгоршае ў гісторыі чалавецтва. Адсюль таксама нарадзілася літаратура.
Калі мы чытаем раманы, мы ёсьць ня толькі тымі, што звычайна, але яшчэ й тымі штучнымі істотамі, у таварыства якіх нас пераносіць аўтар.
Любую эпоху насяляюць ня толькі істоты зь мяса і косьці, але і фантасмагорыі.
У сэрцы кожнага літаратурнага твору палае пратэст. Той, хто іх піша, робіць гэта таму, што ня можа іх перажыць, а той, хто чытае (і верыць у тое, што чытае), знаходзіць у іхных прымхах твары і прыгоды, якіх яму не хапала, каб узбагаціць уласнае жыцьцё. Гэта і ёсьць тая праўда, якую выяўляе фікцыя: мы самі ёсьць гэтымі прыдумкамі, якія суцяшаюць нас і робяць цяжар нашай настальгіі і фрустрацыі лягчэйшым. Наколькі мы можам верыць сьведчаньням, што падаюць раманы пра грамадзтва, якое іх спарадзіла? Ці былі гэтыя людзі такімі ў сапраўднасьці? Так, у тым сэнсе, што такімі яны хацелі быць, так яны самі ўспрымалі сваё каханьне, пакуты і асалоды. Прыдумкі адлюстроўваюць ня жыцьці, а тых дэманаў, якія вярэдзілі людзкую фантазію, тыя мары, якімі людзі ўпіваліся, каб іхнае жыцьцё здавалася ім больш выносным. Любую эпоху насяляюць ня толькі істоты зь мяса і косьці, але і фантасмагорыі, у якіх гэтыя істоты разбураюць тыя бар'еры, што абмяжоўваюць і пазбаўляюць іх надзеі.
Раманныя прыдумкі ніколі не бываюць самамэтай: яны запаўняюць прабелы жыцьця. Таму калі жыцьцё здаецца паўнавартасным і абсалютным, калі людзі дзякуючы нейкай усёапраўдальнай і ўсёабдымнай веры пагаджаюцца з сваім лёсам, тады раманы звычайна ні да чога не прыдатныя. Культуры, заснаваныя на рэлігіі, прадукуюць паэзію, тэатар, але зрэдку вялікія раманы. Раман – мастацтва тых грамадзтваў, дзе вера перажывае крызіс, дзе існуе патрэба ў нешта паверыць, дзе ўніфікаванае, самаўпэўненае і абсалютнае сьветабачаньне раскалолася, і на яго месцы ўзьнікла паняверка ў дачыненьні да сьвету чалавечага, як і да іншасьвету.
Раманныя прыдумкі запаўняюць прабелы жыцьця.