Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў падтрымаў прадпрымальнікаў


Індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі сабралі больш за 8 тысячаў подпісаў пад патрабаваньнем да ўладаў адклікаць ухвалены Нацыянальным сходам законапраект аб разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу, які пакуль не ўступіў у сілу. Свой подпіс пад гэтымі патрабаваньнямі сёньня паставіў і патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Уладзімер Някляеў.

Прадпрымальнікаў не задавальняе, што законапраект аб падтрымцы малога бізнэсу распрацоўваўся бязь іх удзелу, і што ў ім праігнараваныя іх рэальныя праблемы і патрэбы. Гаворыць кіраўнік арганізацыйнага камітэту аб'яднаньня "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў:

"Толькі 15% зьместу гэтага закону адпавядаюць цяперашняй рэчаіснасьці. Астатняе — даўно састарэлае, не зразумелае, і таму лепей не сьпяшацца, а прыпыніць гэты закон і распрацаваць яго з нармальнымі эканамістамі, юрыстамі. Адпаведныя людзі, напрацоўкі і прапановы ёсьць".

Збор подпісаў за адкліканьне гэтага законапраекту пачаўся ў ліпені. Яго падтрымала і кампанія "Гавары праўду". 8246 подпісаў будуць перададзеныя ў адміністрацыю прэзыдэнта, паведаміў Віктар Гарбачоў.

Паводле ягоных словаў, у Беларусі зарэгістравана 235 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Разам зь сем'ямі гэта 1 мільён чалавек.

"Гэты мільён ня будзе галасаваць за цяперашнюю ўладу. Мы можам сьмела сказаць Ярмошынай: "Спадарыня Ярмошына, калі вы гэты мільён намалюеце Лукашэнку, то гэта будзе няпраўдай". І гэты мільён будзе адстойваць свае інтарэсы і свае галасы рознымі спосабамі: ад збору подпісаў да плошчы. Ніхто не выключае, што прадпрымальнікі будуць на плошчы адстойваць свае галасы і гаварыць".

На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічаў патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, які падпісаў адмысловую заяву, каб падтрымаць патрабаваньні прадпрымальнікаў аб новым законе.

"Што такое дэмакратычны эўрапейскі закон пра сярэдні і малы бізнэс? Гэта значыць, што гэтаму мільёну адразу дадзеныя магчымасьці зарабляць столькі, колькі яны змогуць, і стаць багатымі. А свабода, калі адкінуць усе рамантычныя эпітэты, ёсьць заўсёды свабодай матэрыяльнай. Калі ў чалавека ёсьць свой дом і ўсё астатняе, тады ён свабодны і ня ўдзельнічае ў гульнях дзяржавы".

Уладзімер Някляеў заявіў, што ў выпадку ягонай перамогі першы закон, які ён падпіша, будзе менавіта закон аб малым і сярэднім бізнэсе.

Спадар Някляеў на прэсавай канфэрэнцыі з прадпрымальнікамі прэзэнтаваў сябе ў большай ступені не як кандыдат на прэзыдэнта, а як лідэр кампаніі "Гавары праўду":

"Падкрэсьліваю, нягледзячы на прэзыдэнцкую кампанію, што і пасьля таго, як я стану прэзыдэнтам, кампанія "Гавары праўду" будзе працягваць сваю працу для таго, каб і мне служба мёдам не падавалася, і нікому іншаму".

Уладзімер Някляеў разам з тым абвінаваціў ініцыятыўную групу А.Лукашэнкі ў грубым парушэньні закону — збору подпісаў пад адміністрацыйным ціскам, паколькі на пікетах за дзейнага кіраўніка людзі ня хочуць падпісвацца. А апазыцыйныя кандыдаты атрымалі істотную падтрымку народу на этапе збору подпісаў, прызнаў Някляеў. Пры гэтым ён заклікаў сваіх калег па апазыцыйным лягеры не паддавацца эўфарыі:

"І мы на сёньняшні дзень павінны вельмі сур'ёзна падумаць пра тое, як і чым нам аб'яднаць нашы сілы".

Уладзімер Някляеў, даведаўшыся пра пляны Беларускага тэлебачаньня аб тэледэбатах кандыдатаў на прэзыдэнта, заклікаў прымаць у іх удзел толькі на ўмовах прамога эфіру.

У канцы прэсавай канфэрэнцыі лідэр прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў выступіў з заявай:

"Я заяўляю, што я, Гарбачоў Віктар Барысавіч, мае родныя і блізкія на пэрыяд выбарчай кампаніі не зьбіраемся скончваць сваё жыцьцё самагубствам. У мяне ёсьць нагода гэта сказаць…"

Свой зварот Гарбачоў адрасаваў "маладым і старым ваўкам". Больш дэталёва патлумачыць матывы гэтай заявы Гарбачоў адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG