Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўшчына: суд адхіліў усе скаргі апазыцыянэраў


Крычаўскі раённы суд адмовіўся разглядаць тры скаргі апазыцыйных вылучэнцаў у раённую выбарчую камісію, спаслаўшыся на тое, што скаргі меліся падаваць не яны самі, а тыя хто за іх падпісваўся.

У камісію вылучаліся актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Надзея Іванова ды Мікалай Гердзій, а таксама актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Федарэнка. Сваімі скаргамі яны намагаліся адмяніць рашэньне сумеснага паседжаньня райвыканкаму й прэзыдыюму аб фармаваньні раённай выбарчай камісіі.

Сваю пазыцыю яны аргумэнтавалі тым, што іх не запрасілі на паседжаньне, якое прайшло без абмеркаваньня кандыдатураў. Актывісты аспрэчвалі і крытэр, якім кіраваліся чыноўнікі, зацьвярджаючы склад камісіі. Каб трапіць туды, паводле іх, неабходны адпаведны досьвед працы.

Усе трое актывістаў заяўляюць, што іх не ўключылі ў камісію, бо яны прадстаўнікі апазыцыйных партыяў.

Акрамя крычаўскіх вылучэнцаў у Магілёўскі абласны суд скардзіліся й рэгіянальныя арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне» і партыі левых «Справядлівы сьвет». Іх скаргі засталіся без задавальненьня.

Толькі адзін вылучэнец ад апазыцыі трапіў у склад тэрытарыяльных камісіяў на Магілёўшчыне. Гэта прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Парфёнаў. Яго зацьвердзілі ў складзе абласной выбарчай камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG