Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане пытаньне геапалітычнай арыентацыі ў цэнтры выбарчай кампаніі?


Больш за дзясятак кандыдатаў выявілі свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Паводле якіх прыкметаў прэтэндэнты будуць адрозьнівацца адзін ад другога? Якое месца ў кампаніі зойме геапалітычная арыентацыя краіны? Ці будзе падзел на праэўрапейскіх і прарасейскіх кандыдатаў?

Удзельнікі: палітык, грамадзкі дзеяч Аляксандр Дабравольскі і намесьнік галоўнага рэдактару «Белгазеты» Віктар Марціновіч.

Аляксандар Дабравольскі
Віктар Марціновіч
Валер Карбалевіч

Паводле якіх прыкметаў прэтэндэнты будуць адрозьнівацца адзін ад другога?


Валер Карбалевіч: «З падручнікаў па палітычнай тэхналёгіі вядома, што падчас выбарчай кампаніі палітык, які прэтэндуе на перамогу, павінен мець нейкую выразную прыкмету, якая адрозьнівае яго ад іншых. То бок, ён павінен быць пазнавальным, асацыявацца зь нейкай тэмай, якую ўвесь час агучвае. Як, напрыклад, Аляксандар Лукашэнка на выбарах у 1994 годзе меў вобраз змагара з карупцыяй. А вось цяпер ці пазнавальныя тыя кандыдаты, якія выявілі свае прэзыдэнцкія амбіцыі?»

Аляксандар Дабравольскі: «Некаторыя кандыдаты — дастаткова вядомыя людзі, хоць, можа, і не ў шырокіх колах: Някляеў, Раманчук, Саньнікаў. Някляеў — аўтар песень, якія людзі сьпяваюць за сталом. Саньнікаў быў намесьнікам міністра замежных спраў. Але праблема ў тым, што асноўныя СМІ будуць працаваць на Лукашэнку».

Карбалевіч: «Ёсьць інтэрнэт, там кандыдаты даюць шмат інтэрвію, робяць заявы. Але праблема адметнасьці існуе. Напрыклад, што прапануе Раманчук, зразумела: лібэральныя рынкавыя рэформы. А вось за што выступаюць, напрыклад, Някляеў ці Саньнікаў, для простага абываталя не зразумела. Што супраць Лукашэнкі, гэта зразумела. А вось за што?»
Існуе тэндэнцыя да манапалізацыі дзяржавай усіх ідэй наогул. Таму бясплённа разважаць, хто з кандыдатаў стаіць на якіх пазыцыях.


Дабравольскі: «Просты абываталь іх можа проста ня ведаць. Спачатку трэба вырашыць праблему пазнавальнасьці, а ўжо пасьля — адметнасьці».

Віктар Марціновіч: «Праблема ў тым, што ў Беларусі ўжо шмат гадоў няма звычайнай для дэмакратычных краінаў перадвыбарчай кампаніі, саперніцтва праграмаў. Існуе тэндэнцыя да манапалізацыі дзяржавай усіх ідэй наогул. Таму бясплённа разважаць, хто з кандыдатаў стаіць на якіх пазыцыях.

Здаецца, асноўнай фішкай гэтай кампаніі будуць не каштоўнасьці ці ідэі, а геапалітыка, адносіны з Расеяй. Вось па гэтай тэме апазыцыйныя кандыдаты могуць нешта сказаць».

Пытаньне геапалітычнай арыентацыі


Карбалевіч: «Упершыню Лукашэнка ўключаецца ў кампанію ва ўмовах канфлікту з Расеяй. Ці стане пытаньне геапалітычнай арыентацыі ў цэнтры выбарчай кампаніі? Ці цікава гэтай найперш электарату? Ці цікавая гэтая тэма самім кандыдатам?»

Дабравольскі: «Не пагаджуся з спадаром Марціновічам, што ўлада манапалізавала ўсе ідэі. У кандыдатаў ёсьць усе магчымасьці вылучаць ідэі і тэмы кампаніі. Іншае пытаньне, што няма магчымасьці давесьці іх да грамадзтва.

Сапраўды, тэма геапалітыкі, адносін з Расеяй можа стаць галоўнай у гэтай кампаніі. Дагэтуль Лукашэнка мог даводзіць, што «я магу дамаўляцца з Расеяй, а апазыцыя — супраць Расеі». Цяпер жа Лукашэнка прызнаўся, мусіць, дарэмна, што існуе асабісты канфлікт паміж кіраўнікамі Беларусі і РФ. Зьявіўся попыт на кандыдата, які можа дамаўляцца з Расеяй. Але наўрад ці гэты попыт будзе задаволены.
Зьявіўся попыт на кандыдата, які можа дамаўляцца з Расеяй. Але наўрад ці гэты попыт будзе задаволены.


Раней дзяленьне апазыцыйных палітыкаў на прарасейскіх і праэўрапейскіх ня мела падстаў. Бо ў рэальнасьці ўсе апазыцыйныя кандыдаты былі праэўрапейскімі. Хіба што за выключэньнем Гайдукевіча, які не зьяўляецца самастойнай фігурай.

Марціновіч: «Ва ўмовах адсутнасьці рэальнай публічнай палітыкі электарат не цікавіць ні тэма адносінаў з Расеяй, ні шляхі эканамічнага разьвіцьця. Цягам 14 гадоў існуе сытуацыя сацыяльнага кантракту паміж уладай і грамадзтвам. Людзі атрымліваюць ад дзяржавы рэгулярныя заробкі, але ня лезуць у палітыку.

Тэма адносін з Расеяй можа стаць галоўным пытаньнем выбарчай кампаніі, калі яе зробіць галоўным пытаньнем Лукашэнка. Але пакуль ён не зьбіраецца рабіць стаўку на антырасейскую кампанію. Паказальна, што ў дзень прызначэньня даты выбараў Лукашэнка прыняў расейскага генэрала Бардзюжу.

Ці будзе падзел на праэўрапейскіх і прарасейскіх кандыдатаў?


Карбалевіч: «Ужо колькі месяцаў у апазыцыйным асяродзьдзі ўпарта шукаюць прарасейскага кандыдата. Ці знойдуць? Ці будзе падзел на праэўрапейскіх і прарасейскіх кандыдатаў? Які гэта будзе мець уплыў на хаду кампаніі?»

Дабравольскі: «Той сацыяльны кантракт, пра які казаў сп. Марціновіч, азначае, што грамадзтва ня толькі не аказвае ніякага ўплыву на палітыку, але і ня хоча ведаць, якім чынам улада выконвае гэты кантракт.

Але зьяўленьне эканамічных цяжкасьцяў можа выклікаць цікавасьць да палітыкі. А гэтыя цяжкасьці цесна зьвязаныя зь беларуска-расейскімі дачыненьнямі. Але я ня думаю, што зьявіцца прарасейскі кандыдат».

Марціновіч: «Вобраз Някляева як „прарасейскага кандыдата“ будзе залежаць ад таго, які сцэнар будуць рэалізоўваць улады. Я бачу два варыянты.

Першы сцэнар — гэта калі ўлады не зарэгіструюць кандыдатамі Рымашэўскага і іншых палітыкаў, якія прэзэнтуюць сябе як праэўрапейскія, то бок антырасейскія. У гэтым выпадку галоўным праціўнікам „прарасейскага Някляева“ будзе Лукашэнка. Тады дзяржаўныя СМІ будуць казаць пра ворага народа Някляева, які фінансуецца Расеяй.

Другі сцэнар, да якога, здаецца, схіляюцца праўладныя тэхнолягі — праэўрапейскі кандыдат Рымашэўскі будзе зарэгістраваны. І ён будзе працаваць на нэўтралізацыю аднаго з фаварытаў кампаніі „прарасейскага“ Някляева. Гэтае штучнае саперніцтва двух апазыцыйных кандыдатаў будзе сканструявана ўладаю».

Дабравольскі: «Калі ўжо казаць пра гэты апошні сцэнар, то кандыдат ад Партыі БНФ Кастусёў лепш будзе граміць Някляева, чым Рымашэўскі. Сапраўды, да Някляева ёсьць пытаньні, хто за ім стаіць. У адным з інтэрвію ён казаў, што перад намі пастаўлена задача перамагчы. Мяне цікавіць: кім пастаўлена задача. Але ўсё ж мне цяжка паверыць, што ён прарасейскі кандыдат. Ён вядомы беларускі паэт, які шануе родную мову і культуру.

Расклад стане зразумелы пасьля збору подпісаў. Магчыма тады можна будзе выйсьці на адзінага кандыдата. А пакуль рана казаць пра фаварытаў. Але праблема ў тым, што лёс выбараў вырашаецца ў Беларусі не на выбарчых участках. І як гэтую праблему вырашыць, пакуль няма адказу».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG