Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады прызначылі выбары раней, чым першапачаткова меркавалі?


Палата прадстаўнікоў прызначыла прэзыдэнцкія выбары на 19 сьнежня. Чаму ўлады цэлы тыдзень вагаліся ў пытаньні даты галасаваньня? Чаму выбраны сьнежань, а ня студзень ці люты? Ці гатовая апазыцыя да выбараў у сьнежні?

Удзельнікі: палітычны аналітык Аляксандар Фядута і дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі.

Аляксандар Фядута
Віталь Сіліцкі
Валер Карбалевіч


Чаму ўлады цэлы тыдзень вагаліся?


Валер Карбалевіч: «Правядзеньне пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў 7 верасьня з штучным парадкам дня ўсе экспэрты аднадушна зьвязалі з прызначэньнем даты прэзыдэнцкіх выбараў. На сэсіі нават прысутнічала ўсё кіраўніцтва Цэнтравыбаркаму на чале зь Лідзіяй Ярмошынай. Аднак, відаць, у самы апошні момант Лукашэнка перадумаў, перанёс канчатковае рашэньне на тыдзень. Чаму ён вагаўся?»

Аляксандр Фядута: «Адно з галоўных пытаньняў, якія стаяць перад Лукашэнкам, — гэта адносіны з Расеяй. Бо ў Масквы шмат мажлівасьцяў уплыву на Беларусь. Паколькі адносіны складаныя, то яны могуць паўплываць на палітычныя вынікі выбараў.

Апошнія тыдні ішлі перамовы з Масквой. Беларускае кіраўніцтва імкнецца давесьці Расеі сваю ляяльнасьць нават коштам саступак, каб РФ пагадзілася зь пераабраньнем Лукашэнкі. Але яно не атрымала патрэбнага выніку. Ніводзін з парлямэнцёраў, сярод якіх быў Шэйман, не прывёз жаданага адказу. Давялося прызначаць выбары ў сытуацыі канфлікту з Масквой».

Карбалевіч: «Наконт перамоваў і парлямэнцёраў — гэта гіпотэза ці дакладная інфармацыя?»

Фядута: «Дакладная інфармацыя ёсьць толькі ў Лукашэнкі. Ёсьць гіпотэза, і ёсьць чуткі. Таму што беларуская ўлада — самая закрытая ў Эўропе».

Віталь Сіліцкі: «Перанос даты прызначэньня выбараў на тыдзень — гэта зусім другаснае пытаньне. Галоўнае, што спраўдзіліся прагнозы наконт правядзеньня выбараў у сьнежні.
Гэта сыгнал, што другога туру ня будзе.


Улада дзейнічае паліттэхналягічна. Пры прыняцьці такога рашэньня звычайна ўлічваецца шмат фактараў — ад надвор’я да рэлігійных сьвятаў. Напрыклад, пры вызначэньні даты прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году значным быў чыньнік надвор’я. То бок ставілася задача сарваць Плошчу.

І цяпер доўгі пэрыяд сьвятаў — беларускі Рамадан — адразу пасьля выбараў ня будзе спрыяць пратэстным настроям. Таксама гэта сыгнал, што другога туру ня будзе.

Магчыма, на тыднёвыя ваганьні ўладаў паўплывала загадкавая сьмерць Бябеніна. Уладам трэба было разабрацца, што гэта за сыгнал і ад каго».

Чаму выбраны сьнежань, а ня студзень ці люты?


Карбалевіч: «Прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў на 19 сьнежня фактычна азначае, што яны пройдуць датэрмінова больш чым на месяц. Каб адабраць ад сябе такі тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, у Лукашэнкі павінны быць сур’ёзныя падставы. Якія гэта прычыны?»

Фядута: «Па-першае, калі б выбары адбыліся ў студзені, то электарат убачыў бы скандальныя беларуска-расейскія перамовы па ўмовах паставак энэргарэсурсаў на наступны год.

Па-другое, у студзені народ убачыць, што сярэдні заробак у 500 даляраў — гэта падман, бо магчымая дэвальвацыя беларускага рубля. Усё ж заробкі беларусы атрымліваюць не ў далярах, а ў рублях.

Па-трэцяе, Лукашэнка імкнецца давесьці ўсім і на Захадзе, і на Ўсходзе, што ён мае ўсенародную падтрымку. Таму перамовы з Расеяй пра газ лепш праводзіць, маючы вынікі выбараў.

Ёсьць пытаньне, ці будзе насамрэч чарговая „бліскучая“ перамога Лукашэнкі.
Але ёсьць пытаньне, ці будзе насамрэч чарговая „бліскучая“ перамога Лукашэнкі. Бо ўпершыню ён апынуўся ў сытуацыі, калі ня ўпэўнены ў тым, што здолее ўтрымаць уладу».

Сіліцкі: «Згодзен з усім, што казаў сп. Фядута, акрамя таго, што падчас гэтых выбараў для Лукашэнкі існуе пагроза страціць уладу. Вось пасьля выбараў сапраўды ўзьнікнуць сур’ёзныя праблемы.

Насамрэч уладам трэба правесьці выбары да газавай вайны. Акрамя таго, у студзені звычайна заўсёды адбываецца эканамічны абвал. Папярэдні досьвед паказвае, што падчас газавых войнаў грамадзкая думка вагаецца на карысьць Лукашэнкі. А вось пасьля такіх войнаў адбываецца падзеньне падтрымкі Лукашэнкі.

Таму ўсё зроблена паводле даволі прадказальных лякалаў. Такі крок уладаў чытаўся. Адзіны чыньнік, які мог бы падштурхнуць уладу праводзіць выбары ў лютым, — гэта спрыяльныя вонкавыя чыньнікі. Менавіта адтуль сыходзіць рэальная пагроза Лукашэнку».

Дата выбараў і апазыцыя


Карбалевіч: «А ці выгадныя апазыцыі датэрміновыя выбары? Або яна ў такім стане, што ёй усё роўна?»

Фядута: «Не разумею, чаму вы ўжываеце тэрмін „датэрміновыя выбары“. Гэта не вынікае з закону. Насамрэч выбары могуць быць прызначаныя на наступны дзень пасьля інаўгурацыі прэзыдэнта. Тым больш што размова ідзе ўсяго толькі пра паўтара месяца.

Таксама незразумелая пастаноўка пытаньня наконт выгаднасьці для апазыцыі. Бо мы ня ведаем, хто пэрсанальна будзе прадстаўляць апазыцыю на гэтых выбарах, якія структуры. Партыйных кандыдатаў, апроч Кастусёва, хутчэй за ўсё, ня будзе, а ён, хоць чалавек паважаны, але не пэрсона агульнанацыянальнага значэньня. Сытуацыя праясьніцца толькі пасьля збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты».

Сіліцкі: «Усе апанэнты Лукашэнкі без выключэньня змагаюцца на гэтых выбарах за другое месца. Каб мець моцную пазыцыю пасьля выбараў, калі могуць узьнікнуць умовы для пераменаў. Гэта як папярэдні заезд у „Формуле-1“, які мала што вызначае, акрамя пазыцыі ў сапраўдным заезьдзе, дзе разыгрываюцца мэдалі і ачкі.

Нейкага новага сцэнару ў апазыцыі, акрамя „аранжавага“, няма. Тэхналёгіі, імпартаваныя з усходу, не даюць плёну, а дзесьці прыводзяць да адваротнага выніку. Паводле некаторых апытаньняў, фільм „Хросны бацька“ прывёў да падвышэньня рэйтынгу Лукашэнкі. Кола апазыцыйных кандыдатаў будзе рэзка звужана. Упершыню, магчыма, ня будзе агульнанацыянальных фігур».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG