Цыганкоў: Чым можна патлумачыць адмову знакавых постацяў беларускай апазыцыі ўдзельнічаць у гэтых прэзыдэнцкіх выбарах?
Кароль: Іх рашэньні — гэта перш за ўсё вынік стану апазыцыі, расьцярушанасьці і супярэчнасьцяў унутры розных апазыцыйных кааліцыяў. У прыватнасьці, сыход Мілінкевіча -гэта вынік недамоўленасьцяў з БХД, якая быццам бы зьбіралася яго падтрымліваць. Што тычыцца Лябедзькі, то там унутрыпартыйныя дамоўленасьці.
Калі казаць глябальна ў кантэксьце вашага пытаньня, то іхняе рашэньне — гэта праява ўпэўненасьці ў тым, што гэтыя выбары перамогі не дадуць і галоўны разварот падзеяў чакаецца пасьля выбараў.
Іхняе рашэньне — гэта праява ўпэўненасьці ў тым, што гэтыя выбары перамогі не дадуць і галоўны разварот падзеяў чакаецца пасьля выбараў.
Больш складаная матывацыя ў Калякіна. Былі прыкметы таго, што ён зьбіраецца вылучацца. Напрыклад, ягоныя словы пра неабходнасьць прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі сьведчылі, што ён сур’ёзна зьбіраецца ісьці. Але, магчыма, пэўныя сыгналы з Масквы былі не на ягоную карысьць. Таму Калякін прыняў, на ягоную думку, разумнае рашэньне — пакуль ня ўдзельнічаць, бо гэта не прынясе дывідэндаў.
Цыганкоў: Ці не рызыкоўная такая стаўка, ці будзе яна апраўданай? Зразумела, калі выбары адбудуцца ганебна для тых кандыдатаў, якія ў іх будуць браць удзел, то тыя, хто адмовіўся, як выявіцца, мелі рацыю. Але калі раптам выйдзе нечакана станоўчы для апазыцыі вынік, то тыя, хто ня ўдзельнічаў, застануцца ў пройгрышы і будуць забытыя дэмакратычным электаратам?
Кароль: Калі зьмена ўлады адбудзецца паміж датамі выбараў, то абавязкова будуць прызначаныя новыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. І ў гэтай сытуацыя кожны палітык — як стары, гэтак і новы — мусіць пачынаць амаль з нуля.
Таму кожнаму палітыку, нават сталаму, трэба будзе пацьвярджаць свой статус новай актыўнасьцю і прэтэндаваць на ўвагу электарату. Таму, на мой погляд, верагоднасьць для старых палітыкаў апынуцца па-за бортам дастаткова відавочная і рэальная.