Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кожным беларусе "вісіць" па 2,5 тысячы даляраў дзяржаўнага доўгу


Паводле афіцыйных зьвестак, зьнешняя запазычанасьць Беларусі ў першым паўгодзьдзі 2010-га году павялічылася на 5%, а ў абсалютных лічбах — больш, чым на 1 мільярд даляраў.

Такім чынам, сукупны доўг па дадзеных на 1 ліпеня гэтага году перавысіў 23 мільярды даляраў, што складае 45% валавога ўнутранага прадукту краіны. Хто і якім чынам будзе вяртаць замежным крэдыторам узятыя пад працэнты грошы?

Толькі за 2009 год беларускія ўлады набралі крэдытаў амаль на 7 мільярдаў даляраў. Галоўнай прычынай "абрастаньня" даўгамі называлася рэзкае падвышэньне кошту расейскага прыроднага газу для Беларусі, што адмоўна адбілася на дзяржаўным бюджэце. За першае паўгодзьдзе 2010-га году да агульных 22 мільярдаў крэдытных даляраў, якія назапасіліся да канца мінулага году, дадаліся яшчэ 1 мільярд 100 мільёнаў даляраў. Па падліках фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, пік вяртаньня пазыкаў прыпадзе на 2013-2014 гады, калі штогод трэба вяртаць па некалькі мільярдаў даляраў.

Сяргей Чалы
"Нас чакае досыць рэзкі скачок. Кошт абслугоўваньня ўключна з працэнтамі і разам з асноўнай сумай пазыкаў выглядае такім чынам: 2012 год — 1 мільярд зь невялікім (у далярах), больш за 2 мільярды — 2013-ы, яшчэ 2 мільярды з гакам — 2014-ы, і потым зноў 1 мільярд у 2015 годзе. Вось такая схема вымалёўваецца. Гэта з умовай, што аддаваць усё ж будзем, бо прырост вельмі істотны. Скажам, у мінулым годзе на гэтыя мэты мы патрацілі каля 300 мільёнаў даляраў, па выніках гэтага году будзе дзесьці блізу 500 мільёнаў".

Аднак ёсьць "выйсьце" — даўгі не аддаваць, а аплачваць толькі працэнты. Экспэрт не выключае, што цяперашнія беларускія ўлады разьлічваюць менавіта на такі сцэнар. Прынамсі, крыніцаў папаўненьня бюджэту, пры якіх можна было б яшчэ адкладаць і на вяртаньне пазыкаў, не прадбачыцца:

"Апроч таго, што аддаваць, можна яшчэ гэты доўг і рэфінансаваць. То бок, яшчэ пазычыць, каб выплаціць існуючыя запазычанасьці. Многія краіны так, у прынцыпе, і робяць".

Карэспандэнт: "Іншымі словамі па такой схеме жыць можна?"

"Так. Тады тут хутчэй важнае пытаньне не агульнага памеру доўга, колькі менавіта кошт яго абслугоўваньня — колькі каштуюць гэтыя плацяжы штогод. Калі ёсьць прыток фінансаваньня ў памеры гэтай велічыні, калі працэнтныя стаўкі абслугоўваньня гэтага доўгу такія, што эканоміка расьце хутчэй, то чаму не? Таму, калі дзесьці браць, то трэба перадусім глядзець на ўмовы. І з гэтага гледзішча ў нас сытуацыя пакуль больш-менш спрыяльная, таму што ў нас даволі танныя даўгі. За выключэньнем эўрааблігацый на мільярд даляраў, усё астатняе — гэта пазыкі досыць недарагія. Маю на ўвазе і два расейскія крэдыты на 3,5 мільярды даляраў, і аналягічны крэдыт МВФ — яны ўсе, па сутнасьці, лічыце, ільготныя".

Па зьвестках Нацыянальнага банку, на абслугоўваньне зьнешняга доўгу за першае паўгодзьдзе 2010-га плацяжы па працэнтах склалі 273 мільёны даляраў.

Тым часам геаграфія стратэгічных крэдытораў беларускага рэжыму пашыраецца: Расея, Кітай, Вэнэсуэла, а таксама фінансавыя інстытуты — Міжнародны валютны фонд і Ўсясьветны банк. Калі нядаўна ўзьніклі праблемы з пагашэньнем доўгу "Газпраму", грошай прасілі ў Азэрбайджане.

Крызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак перакананы, што раней ці пазьней усе пазыкі давядзецца вярнуць. А марудзячы з выплатай запазычанасьцяў, можна толькі ўскладніць становішча:
ня ведаю, як Лукашэнка зьбіраецца выходзіць з гэтага зачараванага крэдытнага кола ...

"Я, шчыра кажучы, ня ведаю, як Лукашэнка зьбіраецца выходзіць з гэтай сытуацыі, з гэтага зачараванага крэдытнага кола. Ён думае, што плаціць па рахунках не давядзецца — маўляў, сьпішуць калі-небудзь. Але такога ня будзе ніколі. За ўсё ўрэшце рэшт калісьці трэба будзе плаціць. І чым пазьней пачынаеш гэта рабіць, тым кошт пытаньня для цябе будзе вышэйшы. Гэта цалкам натуральна".

У пераводзе на душу беларускага насельніцтва, цяпер кожны грамадзянін краіны вінен разнастайным замежным крэдыторам амаль па 2,5 тысячы даляраў. І, дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, сума гэтай запазычанасьці імкліва расьце, за год — падвышэньне амаль на тысячу даляраў. Яшчэ на пачатку 2009-га кожны беларус быў вінен крэдыторам "усяго" па 1,5 тысячы даляраў.

Амэрыканскія экспэрты падлічылі, што крытычным для эканомікі дзяржавы зьяўляецца аб'ём запазычанасьці, якая складае 80-90% валавога ўнутранага прадукту. У беларускім выпадку гэтая лічба перавышае 45%, што пакідае пэўны люфт для фінансавых манэўраў. З улікам хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў паўстае пытаньне: хто будзе расплачвацца па даўгах, назапашаных цяперашняй уладай?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG