Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія гісторыкі згадалі пра габрэйскую Горадню


Традыцыйны восеньскі сэзон інтэлектуальных сустрэч, якія ладзіць гарадзенскае Таварыства беларускай школы, сёлета распачаўся з тэмы «Габрэйская Горадня». Гарадзенскія гісторыкі прэзэнтавалі свае публікацыі ў часопісе «ARCHE».

Адкрываючы сустрэчу, адзін з арганізатараў, сябра руху «За свабоду» Эдвард Дзьмухоўскі адзначыў:

«Мы сур’ёзна ніколі на гэтую тэму не размаўлялі. Казалі пра палякаў, беларусаў, расейцаў, пра розных людзей нашага гораду. Гэта першы раз і цяпер, думаю, не апошні».

Андрэй Чарнякевіч
Гісторык Андрэй Чарнякевіч, апавядаючы пра габрэйскую Горадню, найперш спрабаваў стварыць атмасфэру таго часу, калі большасьць насельнікаў гораду былі габрэі. Ён расказваў пра вуліцы, паказваў на слайдах дамы, называў прозьвішчы гаспадароў. Атрымаўся сапраўдны шпацыр па габрэйскай Горадні.

Чарнякевіч: «Вось дом Цэлі Булькаўштэйн, пабудаваны ў 1883 годзе. Тут знаходзілася цырульня Бодкіна, рэстарацыя Дымэнта і крама гаспадыні зь вельмі прыгожым прозьвішчам — Роза. Вуліца Маркса, 8 — дом Фрэйды Кабак, тут мясьцілася пякарня іншай Фрэйды па прозьвішчы Мабікава…»

І так па ўсёй старой Горадні… Выкладчыца Гарадзенскага ўнівэрсытэту Вольга Сабалеўская апавядала, як займалася са сваімі студэнтамі распрацоўкай тэмы і публікацый, казала, што гэта толькі пачатак працэсу і добра, каб знайшліся ахвотныя над гэтым працаваць.

Вольга Сабалеўская
Я запытаўся ў яе: што страціла Горадня пасьля таго, як з гораду ў пасьляваенныя гады практычна зьнікла габрэйскае насельніцтва? Спадарыня Сабалеўская з жалем зазначыла, што нават тыя будынкі, што засталіся, у жахлівым стане. Няма габрэйскіх тэмаў у ВНУ і школах, закінутыя могілкі, а пра габрэяў брыдкія анэкдоты расказваюць…

Сабалеўская: «Горадня цалкам страціла сваю атмасфэру, бо абсалютная большасьць жыхароў Горадні, амаль 85%, прыканцы ХІХ ст., былі габрэямі, якія будавалі тут дамы, хадзілі па гэтых вуліцах, размаўлялі на вельмі цікавай мове. Мы страцілі іх ня толькі ў 39-м, 41-м, 44-м, мы працягваем страчваць гэтую памяць».

Адзін наведвальнікаў сустрэчы: «Паводле апошняга перапісу насельніцтва ўсяго 357 чалавек габрэйскай нацыянальнасьці жывуць ў нашым горадзе. Калі мы, беларусы, ня зможам захаваць памяць пра гэты народ, які стагодзьдзямі побач з намі ствараў нашую агульную культуру, то будзе нам ганьба на ўсе часы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG