Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усіх менскіх гадаў возьмуць на асаблівы кантроль


Менскія ўлады абвясьцілі вайну рэптыліям ды іншым гадам, якія жывуць у горадзе. Новы старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька не выключае, што нормы ўтрыманьня хатніх улюбёнцаў у кватэрах менчукоў бліжэйшым часам стануць больш жорсткімі.

Некаторыя гараджане, збольшага каб уразіць іншых, трымаюць дома ня толькі катоў ды хамякоў, але і небясьпечных прадстаўнікоў дзікай прыроды — зьмеяў і павукоў, кайманаў («хатніх кракадзілаў»), байцоўскія пароды сабак.

Дырэктар менскага заапарку Юрый Рабаў ідэі кіраўніка гораду падзяляе: маўляў, калі ЖЭСы рэгіструюць сабак і катоў, то браць на ўлік патэнцыйна небясьпечных жывёлаў тым больш важна:

«Падтрымліваю ідэю, бо цягам лета неаднаразова былі выпадкі, калі зьбягалі небясьпечныя жывёлы, у прыватнасьці зьмеі. Толькі ў заапарк за лета прывезьлі сем зьмеяў. Ратавальнікі адлоўліваюць проста пасярод вуліц, зьмеі вылазяць з жылых дамоў, распаўзаюцца. Магчыма такое было і раней, жывёла з-за дрэннага дагляду зьбягала. Але, магчыма, не было такое гарачае лета — і ня так было заўважна. Зьмяя некуды паўзла, у падвалах хавалася, а зімой паступова гінула. Нікому яна не была бачная. Зараз гэтыя выпадкі зрабіліся масавымі. Лета гарачае, жывёлы актыўныя, усюды перасоўваюцца, на прыступкі дамоў, крамаў вылазяць. Апошні выпадак увогуле ўнікальны: знайшлі сярэднеазіяцкую кобру. Яна ж сама па сабе не зьявілася ў горадзе?
Апошні выпадак увогуле ўнікальны: знайшлі сярэднеазіяцкую кобру. Яна ж сама па сабе не зьявілася ў горадзе?
Відавочна, што жыла дзесьці ў кватэры, у прыватнай калекцыі. А ўтрымліваць кобру, ды яшчэ ў жылым мікрараёне, увогуле немагчыма, ніхто ня дасьць такога дазволу нават спэцыялісту. Таму гэты выпадак асабліва ўразіў — адна справа, калі проста трапічная зьмяя, але калі ядавітая, ад якой можна рэальна пацярпець, бываюць сьмяротныя выпадкі ад укусаў, то гэта, канечне, вельмі сур’ёзна».

Мянчук Артур па маладосьці трымаў зьмеяў нават у інтэрнаце, дзе тады жыў. Некаторыя ягоныя сябры рэптыліямі займаюцца дагэтуль. Артур згадвае, што выхаванцы зьбягалі з імправізаваных тэрарыюмаў ня так і рэдка. Але шукалі іх самастойна — каб знайсьці і сабраць «да кучы», хапала ўласных рэзэрваў:

«Хай бы Ладуцька лепш з камарамі змагаўся, большы толк быў бы… Так, у свой час езьдзілі па Сярэдняй Азіі, „даілі“ зьмей, сюды прывозілі. У першую чаргу спэцыялізаваліся на зьмеях. Неяк у сябра зьбеглі шчытаморднікі — а яны самі па сабе вельмі ядавітыя — дык ледзьве павыкурвалі з кутоў. А калёнія была прыстойная, зьмей дванаццаць. Таму ледзьве не па сьценах поўзалі, але па падлозе ў той момант хадзіць ніхто не рызыкаваў — ён жа ў той час крычаў, каб ніхто іх не падушыў. Кобра таксама жыла, гюрза аднаго хлопца за палец укусіла, дык адрэзаць давялося. Займаліся некалі гэтай справай шчыльна».

Дырэктар менскага заапарку Юрый Рабаў кажа, што цяпер па рэдкія віды не абавязкова ехаць на радзіму ўнікальных жывёлаў — празрыстыя межы з Расеяй спрыяюць насычэньню жыльля беларусаў разнастайнай экзотыкай:

«Вядома, што ў Маскве рынак проста перапоўнены такога кшталту жывёламі. Было б жаданьне, а набыць можна практычна ўсё. І праз інтэрнэт, і асабіста зьезьдзіць, і дамовіцца, і нават прывязуць ці перададуць праз каго. Няма ніякай перашкоды. Таму цяпер шмат хто трымае і павукоў, і многіх экзатычных тараканаў, і скарпіёнаў, і каго заўгодна. Хобі таксама ня мае межаў. Але калі ўзяць, у прынцыпе, любую зьмяю, то яна патэнцыйна небясьпечная. І той жа павук-птушкаед — гэта фактычна ядавітая жывёла. Няхай яна не сьмяротна атрутная, але ўсё роўна цалкам можа нанесьці шкоду здароўю. Таму сфэру гэтую абавязкова трэба ўпарадкаваць».

Спадарыня Алена — заўзятая «сабачніца». У яе некалькі тых самых байцоўскіх сабак. Паводле суразмоўцы, дзяржаўныя ўстановы часта самі чыняць перашкоды, каб ня даць людзям легалізаваць сваіх утрыманцаў:

«Ведаеце, у нас вялікая праблема зь дзяржаўнымі ўстановамі. Бо нешта выбіць у іх практычна немагчыма. Таму што ў нас тыя ж сабакі не адносяцца ні да чаго: ні да спорту, ні да адукацыі, на да чагосьці іншага. Мы самі сутыкнуліся з такім стаўленьнем, калі бегалі, спрабуючы выбіць пад клюб пляцоўку для дрэсіроўкі менавіта байцоўскіх сабак. Ва ўсе гэтыя райана, „зелянбуды“ і таму падобныя ўстановы насіліся, каб нам вылучылі тэрыторыю, але ўсюды адказ адзін — няма рэзэрваў. То бок сабачнікі зараз ніхто — ні спорт, ні галіна, якая адносіцца да адукацыі. Абсалютна бяспраўная катэгорыя. Калі раней паўнавартасна існаваў ДТСААФ, то неяк яшчэ сабакаводы належалі да гэтай арганізацыі. А пасьля таго, як ДТСААФ падзяліўся па сфэрах, то ўсё, цяпер сабачнікі самі па сабе».

У чорны сьпіс Менгарвыканкаму могуць трапіць ня толькі земнаводныя, але і крылатыя жыхары. У моду ўсё больш ўваходзяць ня толькі загарадныя дамы, а і новы антураж на іхных тэрыторыях. У той час, як дэкаратыўныя траўнікі выцясьняюць традыцыйныя гароды, звыклых сабак на ланцугу замяняюць іншыя ўлюбёнцы — прыкладам, стравусы ці паўліны. Між тым, і першыя, і другія досыць агрэсіўна настроеныя да незнаёмцаў і могуць паводзіць сябе не зусім адэкватна.


Як кажа супрацоўнік стравусінай фэрмы на Берасьцейшчыне Сяргей Гапоненка, птушка ня самая міралюбівая з-за таго, што і ня самая разумная:

Стравус пры вялікай вазе цела мае мозг усяго 40 грамаў. То бок розуму амаль няма.
«Стравус пры вялікай вазе цела мае мозг усяго 40 грамаў. То бок розуму амаль няма, бо для сваіх 150 кіляграмаў 40 грамаў мозгу — гэта вельмі і вельмі мала. Але нават гэта ня самая вялікая бяда, праблема ў тым, што стравус ня можа запамінаць. Такая праблема, што ён вас убачыў сёньня, убачыў заўтра, але ўсё роўна думае, што бачыць вас першы раз. Гэта самая вялікая праблема стравуса, што ён жыве толькі на інстынктах. Штосьці прывіваецца зь дзяцінства, штосьці ў працэсе жыцьця. Прыкладам, нашы стравусаводы, якія кормяць птушку, ходзяць у адмысловых касьцюмах і стравусы да іх прызвычайваюцца. Але я баюся да іх заходзіць, таму што магу атрымаць. Ня тое, што яны адпачатку агрэсіўныя, проста яны абараняюцца, абараняюць сваю сям’ю, сваё патомства. І ў цэлым, калі яны бачаць, што хтосьці ніжэйшы за іх, яны аўтаматычна лічаць яго супернікам, таму могуць проста так вас зачапіць, дзеля прафіляктыкі. Бяз зла, але адчувальна».

Падчас наведваньня кобрынскага фэрмэра Ўладзімера Банцэвіча давялося пазнаёміцца зь ягонымі выхаванцамі — паўлінамі. Разам з жонкай Тацянай Іванаўнай яны даўно гадуюць гэтых прыгожых, але неверагодна крыклівых птушак, і кажуць, што ў некаторых месцах паўлінаў трымаюць у літаральным сэнсе замест сабак — убачыўшы чужынца, тыя ўчыняюць сапраўдны гвалт:

«Ну ходзяць, як бачыце. Але першы раз вельмі ўважліва глядзяць, таму могуць і чалавека папужаць. Пеўня ганяюць рэгулярна. То бок паўліны куды больш актыўныя ў гэтым сэнсе, самі правакуюць сутычкі. Прычым, што дзіўна, яны ж б’юцца ня дзюбай, а нагамі. Падскокваюць і нагамі пачынаюць лупіць. Мабыць нешта ад стравусаў таксама ў іх ёсьць, бо байцы адчайныя.


Дарэчы, вельмі капрызныя. Зараз ужо, праўда, ядуць і бульбу, і зерне. А раней то тварог давала, то яйка варыла. Як індыкі, што-небудзь далікатнае, распушчальнае патрабуюць. То блінчыкаў напяку — выношу ім, як на замову, дык яны ўжо тады аб’ядаюцца. Бліны вельмі любяць. То бок, птушка досыць капрызная».

Адмысловай статыстыкі наконт таго, колькі беларусаў дзеляць свае квадратныя мэтры са зьмеямі ці кракадзіламі, не існуе. Відавочна, што Менгарвыканкам паставіў сабе мэту перапісаць усіх гадаў, якія жывуць на нелегальным становішчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG