Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Нямеччыны заклікала да празрыстых выбараў у Беларусі


Упаўнаважаны па правах чалавека пры МЗС Нямеччыны Маркус Лёнінг заклікаў прэзыдэнта Беларусі правесьці прэзыдэнцкія выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.

Як гаворыцца ў заяве Лёнінга, якую распаўсюдзіла МЗС ФРН, да такіх стандартаў адносіцца ўдзел у выбарах палітычных партый, доступ усіх кандыдатаў да СМІ, уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі і празрысты падлік галасоў.

Упаўнаважаны па правах чалавека выказаў надзею, што "беларускае кіраўніцтва запросіць для назіраньня за выбарамі ў тым ліку доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ".

"Эўропа будзе ўважліва сачыць за выбарчай кампаніяй", — гаворыцца ў заяве.

14 верасьня Мая Кацыянчыч, прэс-сакратарка вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешніх сувязях Кэтрын Эштан, заявіла БелаПАН, што Эўразьвяз спадзяецца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасьці з эўрапейскімі і міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў. Яна падкрэсьліла "крайнюю важнасьць" назіраньня за выбарчай кампаніяй і адзначыла, што "дэмакратычныя выбары нададуць значны новы імпульс палітыцы ўцягваньня ЭЗ адносна Беларусі".

14 верасьня Палата прадстаўнікоў абвясьціла прэзыдэнцкія выбары на 19 сьнежня 2010 году. Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што запрашэньні будуць накіраваныя максымальнай колькасьці міжнародных назіральнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG