Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куба звольніць паўмільёна чалавек


Кубінская фэдэрацыя працоўных заявіла, што ўрад мае намер звольніць 500 тысяч працоўных дзяржаўнага сэктару на пачатку наступнага году.

У агучанай учора заяве фэдэрацыя сьцьвярджае, што дзяржава ня можа падтрымліваць дзяржаўныя прадпрыемствы, на якіх працуе непрадукцыйная рабочая сіла.

Адначасова заява абяцае пашырэньне на "востраве свабоды" прыватнага эканамічнага сэктару, які ў бліжэйшых гадах зможа даць працу сотням тысяч людзей.

Заява не зьяўляецца нечаканасьцю, асабліва пасьля нядаўняга выказваньня Фідэля Кастра, што кубінская мадэль эканомікі больш не працуе. Гэтае прызнаньне лідэр кубінскай рэвалюцыі зрабіў у інтэрвію журналісту амэрыканскага часопіса The Atlantic Джэфрэю Голдбэргу. Але шокам зьяўляецца колькасьць меркаваных звальненьняў — прэзыдэнт Рауль Кастра, брат Фідэля, хоча зьменшыць колькасьць работнікаў у дзяржаўным сэктары адразу на 10 адсоткаў.

Гэта самы радыкальны крок у рэформах Рауля Кастра з часу, калі брат аддаў яму кіраўніцтва краінай у 2008 годзе.

Паводле Рауля Кастра, Куба застанецца і надалей верная сваім сацыялістычным ідэалам.

Экспэрты мяркуюць, што кубінскае кіраўніцтва спрабуе ўвесьці кітайскую эканамічную мадэль, у якой камуністычная партыя захоўвае строгі палітычны кантроль над жыцьцём у краіне, адначасова дазваляючы разьвіваць прыватныя ініцыятывы ў эканоміцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG