Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва не ўстанавіла дачыненьня Кучмы да забойства Гангадзэ


Георгі Гангадзэ
Георгі Гангадзэ

Украінскія сьледчыя ўстанавілі, што адзіным замоўнікам забойства журналіста Георгія Гангадзэ ў 2000 годзе быў колішні міністар унутраных справаў Украіны Юрый Краўчанка.

Паводле вэрсіі забойства, рэканструяванай сьледчай групай Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, міністар Краўчанка 13 або 14 верасьня 2000 году ў сваім кабінэце ў Кіеве выдаў вусны загад забіць Гангадзэ генэралу Аляксею Пукачу, начальніку Галоўнай управы крымінальнага вышуку МУС Украіны.

Аляксей Пукач
Паводле заключнага дакумэнту сьледчых, які цытуе інтэрнэт-рэсурс "Ўкраінская праўда", генэрал Пукач пагадзіўся выканаць злачынны загад з карысьлівых меркаваньняў, "спадзеючыся здабыць прыхільнасьць Ю. Краўчанкі і атрымаць павышэньне на службе".

Гангадзэ, які кіраваў інтэрнэт-выданьнем "Украінская праўда", дзе зьмяшчаў крытычныя матэрыялы ў адрас адміністрацыі Леаніда Кучмы, быў выкрадзены 16 верасьня 2000 году па дарозе з працы дадому ў Кіеве Пукачам і трыма іншымі супрацоўнікамі МУС — Паповічам, Пратасавым і Кастэнкам. Гангадзе быў забіты, як устанавіла сьледзтва, дзясяць хвілін па поўначы 17 верасьня. Цела Гангадзэ было пахаванае ў лесе каля Кіеву, а потым, на просьбу міністра Краўчанкі, перапахаванае Пукачам у кастрычніку. Падчас перапахаваньня Пукач сякерай аддзяліў галаву ад цела і закапаў яе ў іншым месцы.

Абезгалоўленае цела журналіста было знойдзенае 2 лістапада 2000-га.

Леанід Кучма
28 лістапада 2000 лідэр Сацыялістычнай партыі Ўкраіны Аляксандар Мароз абнародаваў гэтак званыя "стужкі Мельнічэнкі" — сакрэтныя запісы размоваў былога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы ў яго кабінэце, зробленыя афіцэрам аховы Мікалаем Мельнічэнкам. На гэтых запісах Кучма абмяркоўвае Гангадзэ як праблему для ўладаў з кіраўніком МУС Юрыем Краўчанкам, генэральным пракурорам Міхаілам Пацябенькам, кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны Леанідам Дэркачом ды кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Літвіном.

1 сакавіка 2005 году прэзыдэнт Віктар Юшчанка афіцыйна заявіў, што забойцы Гангадзэ затрыманыя. 3 сакавіка тагачасны генэральны пракурор Сьвятаслаў Піскун заявіў, што пракуратура на наступны дзень мяркуе дапытаць былога кіраўніка МУС Краўчанку. Але допыт не адбыўся. 4 сакавіка 2005 году Краўчанка быў знойдзены мёртвым на сваёй дачы пад Кіевам, з дзьвюма ранамі ад стрэлу ў галаву. Паводле сьледзтва, былы міністар пакончыў жыцьцё самагубствам.

15 сакавіка 2008 году суд пакараў трох абвінавачаных у забойстве Гангадзэ турэмнымі тэрмінамі: Мікалай Пратасаў атрымаў 13 год, а Валерый Кастэнка і Аляксандар Паповіч па 12 год.

У чэрвені летась украінскім праваахоўнікам удалося арыштаваць Аляксея Пукача.

10 верасьня 2010 Генэральная пракуратура Ўкраіны афіцыйна закончыла сьледзтва ў справе Гангадзэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG