Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: выбары прызначаныя да новага году, калі яшчэ ёсьць чым плаціць рабочым


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Прэзыдэнцкія выбары прызначаныя на 19 сьнежня. Як да гэтага ставяцца ў апазыцыі? Ці чаканая гэтая дата і ці спрыяльная для правядзеньня выбарчай кампаніі?

Паводле патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, гэта дата была чаканая і прагназаваная, хаця на тыдзень раней.

"Мы зьбіраліся правесьці сход ініцыятыўнай групы тыдзень таму, але тады выбары не былі аб'яўленыя. Таму заўтра мы праводзім сход. Мы афіцыйна заяўляем, што мы будзем удзельнічаць у гэтых выбарах і я бяру ў іх удзел у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.

Тое, што выбары прызначылі на сьнежань, а не на люты, азначае, што ўжо ад новага году пачнуцца напружаньні практычнага характару. Найперш у стасунках Беларусі з Расеяй, зьвязаныя з усімі трубамі – нафтавымі і газавымі, з падпісаньнем пагадненьняў. Таксама ня самая добрая сытуацыя можа скласьціся ў зьвязку з дэвальвацыяй рубля, з той умовай, якая пастаўленая МВФ. Вось у такіх ня самых спрыяльных эканамічных умовах праводзіць выбары, рабіць асноўную палітычную кампанію было б самагубствам з боку ўлады, з боку Лукашэнкі. Таму выбары прызначаныя ўсё ж да новага года, калі яшчэ ёсьць чым плаціць рабочым на заводах, пэнсіянэрам, усім, хто атрымлівае грошы з бюджэту.

Упершыню за апошнія гады, такога не было на папярэдніх выбарах, ніколі ўлада ня мела такога зьнешняга ціску, ніколі не было такой напружанай сытуацыі ўнутры краіны. Узьнікла скрыжаваньне гэтых зьнешніх і ўнутраных накірункаў, і калі апазыцыя аб'яднаецца, а шанцы для гэтага ёсьць, яна рэальна можа перамагчы. І з гэтым перакананьнем я іду на выбары".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG