Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі за нацыянальны сьцяг. Абвінавачваюць у лаянцы і супраціве міліцыі


Іван Зайцаў ля суду Цэнтральнага раёну.
Іван Зайцаў ля суду Цэнтральнага раёну.
Гомельскі актывіст «Маладой Беларусі» Іван Зайцаў сёньня быў дастаўлены ў суд Цэнтральнага раёну ў кайданках, зашчэпленых за руку, разам з маладым інжынэрам-праграмістам. Такі «дуэт» распарадзіўся стварыць старшы лейтэнант Цэнтральнага РАЎСу Віталь Марчанка.

Івана затрымалі ўвечары 11 верасьня на сьвяце гораду каля Лядовага палацу, дзе выступаў гурт «Ласкавы май», ладзіўся сьвяточны фэервэрк і было вельмі шмат маладых гараджанаў.

Хлопец ледзь узьняў над галавой нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, як на яго наляцелі людзі ў цывільным.

Іван Зайцаў: «Я прыйшоў на сьвята гораду. У мяне быў бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг. Калі я вырашыў узьняць яго над сабою ў гонар сьвяткаваньня Дня гораду, адразу падбеглі людзі ў цывільным і пачалі зьбіваць — білі каленямі ў жывот, заламалі рукі й павялі мяне ў невядомым накірунку. Пры гэтым гнулі мне галаву долу, каб я ня мог бачыць, што адбываецца побач».
!Падбеглі людзі ў цывільным і пачалі зьбіваць — білі каленямі ў жывот.


У судзе Іван апавёў, што яго ў такой позе завялі ў разьдзявалку хакеістаў, дзе часова разьмяшчалася міліцыя, паклалі на падлогу з рукамі ў кайданках, счэпленымі за сьпінаю.

Паводле рапартаў міліцынтаў, супраць актывіста самі ж міліцыянты склалі пратакол за нібыта лаянку, брыдкаслоўе й супраціў міліцыі. Са сьвята Івана адвезьлі ў ізалятар на вуліцу Барысенкі.

Судзьдзя Марына Дамненка, якая разглядала адміністрацыйны пратакол, вырашыла дапытаць сьведкаў па справе . Яна вызваліла Івана Зайцава з-пад варты.

Юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка, які знаходзіўся ў судзе, так пракамэнтаваў затрыманьне актывіста:

«Для супрацоўнікаў міліцыі наш нацыянальны сьцяг, як для таго быка чырвоная ануча. Яны рэагуюць на сьцяг вельмі неадэкватна. Усё робіцца для таго, каб ізаляваць чалавека, каб ён падчас сьвята гораду ня меў мажлівасьці яшчэ раз узьняць нацыянальны сьцяг. Міліцыянтаў прымушаюць хлусіць, пісаць ілжывыя рапарты».

20 верасьня суд над актывістам будзе працягнуты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG